19 красавiка 2024, Пятніца, 21:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байдэн паставіў рамкі для Пуціна

3
Байдэн паставіў рамкі для Пуціна
Фота: ТАСС

Экспэрты - аб сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і РФ у Жэневе.

Адзінае абавязацельства Расеі наконт Украіны – «садзейнічаць рэалізацыі менскіх пагадненняў». Пра гэта пасля сустрэчы ў Жэневе з амерыканскім прэзідэнтам Джозэфам Байдэнам заявіў расейскі лідар Уладзімір Пуцін. Акрамя таго, са слоў Пуціна, тэма ўступлення Украіны ў NATO «закраналася мазком».

У сваю чаргу, Байдэн на асобнай прэс-канферэнцыі запэўніў, што ЗША прадоўжаць падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Кіраўнік Белага дома адзначыў, што бакі абмяркоўвалі Менскія дамоўленасці і што ён выказаў погляд на гэтае пытанне. Агулам жа, са слоў Байдэна, наступныя месяцы стануць «выпрабаваннем» таго, ці зможа сённяшняя дыскусія двух лідараў прывесці да прагрэсу. Аб чаканнях і першых выніках сустрэчы двух прэзідэнтаў у тым ліку ў пытаннях Украіны і анэксаванага Крыму ішла гаворка ў эфіры «Радыё Крым.Рэалія».

Экс-міністр замежных спраў Украіны Уладзімір Агрызка выказаў «Крым.Рэаліям» меркаванне, што Пуцін не можа пахваліцца выгаднымі для сябе вынікамі сустрэчы, напрыклад, у пытаннях Данбаса і Крыма.

- Пуцін пацвердзіў сваю ранейшую пазіцыю, і гэта значыць, што ён ніякіх зменаў рабіць не хоча. У сваю чаргу, гэта азначае, што Байдэн яму выразна і зразумела сказаў, што з Данбаса і Крыма Расеі трэба прыбірацца. Адсюль і статычная пазіцыя. Я звярнуў увагу на міміку і на мову цела Пуціна на прэс-канферэнцыі і павінен сказаць, што ён нервуецца, ён псіхалагічна падаўлены і кажа ў такім духу, маўляў, адчапіцеся. Словам, я не бачу ніякіх прыкмет таго, што ён мог вынесці з гэтых перамоваў нешта сур'ёзнае на публіку, не – і гэта мяне радуе...я думаю, што ўсё ж прэзідэнт ЗША павінен выразна і ясна задаць расейскаму прэзідэнту межы ягоных паводзін: вось гэта мы ўспрымаем, а вось гэта не. Думаю, такіх «не» там было агучана вельмі шмат. Дзеянні Расеі не ўпісваюцца ні ў здаровы сэнс, не кажучы ўжо пра міжнароднае права, яна дэстабілізуе сітуацыю ў свеце.

У сваю чаргу, украінскі палітолаг-амерыканіст Аляксандр Пацехін яшчэ да прэс-канферэнцый прэзідэнтаў прагназаваў, што Украіне не варта чакаць прарыўных наступстваў ад сустрэчы Байдэна і Пуціна.

- У Байдэна няма ніякіх ілюзій аб тым, што ён зможа паўплываць на змяненне пазіцыі Пуціна аб Украіне, Крыму і правах чалавека ў Расеі. Ёсць вельмі вузкі парадак дня, у якім зацікаўленыя абодва бакі. У першую чаргу гэта звязанае з абмежаваннямі стратэгічных узбраенняў, з рэалізацыяй амерыканскай пазіцыі ў іранскім пытанні, улічваючы добрыя сувязі Расеі ў Іране. І расейскі, і амерыканскі бок першапачаткова заявілі, што прарываў не будзе, а для нас гэта азначае толькі адно: хай будуць нейкія мінімальныя зрухі ў некаторых пытаннях накшталт абмену асуджанымі ў Расеі і ЗША, але для Украіны, на мой погляд, ужо не адбудзецца прынцыповых змяненняў у пазіцыі Вашынгтона. Яна добра вядомая яшчэ з часоў перадвыбарчай кампаніі Байдэна.

Аляксандр Пацехін нагадвае, што ў выніковай заяве брусэльскага саміту NATO 14 чэрвеня Альянс пацвердзіў статус Украіны як кандыдата на ўступленне.

- У той жа час, на жаль, і з пытаннем аб расейскай акупацыі Крыма і асобных раёнаў украінскага Данбаса прынцыпова нічога не мяняецца. Мне здаецца, украінскаму боку трэба вельмі сур'ёзна падумаць аб змене нават не фармату абмеркавання пытання аб змене пазіцыі, няхай гэта і нялёгка. Пакуль што Украіна прадаўжае разыгрываць расейскі сцэнар - у першую чаргу ў пытаннях Данбаса, бо па Крыме наогул няма ніякага дыялогу. Увогуле, Украіна нейкім чынам спрабуе толькі ўтрымаць статус-кво і не рэагаваць на дзеянні Расеі. На мой погляд, і гэта непапулярнае меркаванне, адзіная магчымасць Украіны ў змене падыходу ў гэтых пытаннях - гэта свядомае замарожванне канфлікту. Трэба сказаць: безумоўна, Крым і Данбас - гэта ўкраінскія тэрыторыі, але паколькі ў краіны няма рэальных рычагоў уплыву на пазіцыю Масквы, мы замарожваем гэтую сітуацыю да лепшых часоў.

Між тым палітолаг, прэзідэнт расейскага Фонду прыкладных палітычных даследаванняў «Індэм» Георгій Сатараў перакананы, што на фоне і з дапамогай сустрэчы двух прэзідэнтаў ЗША пайшлі ў дыпламатычны наступ на Расею

- Для Байдэна было надзвычай важна падысці да сустрэчы з нейкай адзінай пазіцыяй, і яе, як мы бачым, агучвалі еўрапейскія прыхільнікі амерыканскага прэзідэнта з самых розных нагодаў: пачынаючы з Аляксея Навальнага, заканчваючы пасадкай самалёта ў Менску. Нарэшце, прагучала заява Байдэна з нагоды актываў Крамля як сродку ціску на яго. Прабачце, у гэтых актываў ёсць канкрэтнае прозвішча – і з гэтым прозвішчам, уласна, Байдэн і сустракаецца ў Жэневе. Таму тут з боку ЗША фантастычна сур'ёзны націск на Расею, і гэта невыпадкова. Байдэн з аб'ектыўных прычын наўрад ці разлічвае на другі тэрмін і, мабыць, хоча ўжо за першую кадэнцыю рэалізаваць нейкую праграму ў дачыненні да Пуціна. Я не ўпэўнены, што ЗША чакаюць ад яго прадказальнай палітыкі, але яны хочуць паставіць вельмі жорсткія рамкі для яго непрадказальнасці.

Паводле ацэнкі Уладзіміра Агрызкі, у ЗША больш чым дастаткова магчымасцяў паўплываць на Расею.

Адзінае, чым можа размахваць Пуцін, гэта ядзернай зброяй - расейская эканоміка слабая. Калі ва ўступным слове перад сустрэчай Байдэн назваў Расею вялікай, я думаю, гэта быў дыпламатычны рэверанс. Напраўду яна ўжо даўно не прэтэндуе ні на якую веліч, улічваючы, што ВУП на душу насельніцтва ў яе на ўзроўні Гішпаніі або Партугаліі. Адзінае, чым можа размахваць Пуцін, гэта ядзернай зброяй, аднак гэта веліч умоўная. З такой веліччу можна ісці толькі да ядзернай катастрофы, а не да росквіту, якога хочуць усе краіны свету...што да Украіны, Я ўпэўнены, што падтрымка з боку амерыканцаў будзе, і мы, украінцы, павінны быць удзячнымі ЗША, якія за Байдэнам занялі вельмі выразную і жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Расеі. Гэта адзіны шанец для таго, каб і Крым, і Данбас нарэшце вярнуліся пад кантроль Украіны. Там, дзе ім і належыць быць.

Напярэдадні сустрэчы, 15 чэрвеня міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што Кіеў спакойна ацэньвае факт сустрэчы Байдэна і Пуціна і тое, што лідары ЗША і Расеі будуць абмяркоўваць, зрэшты, Украіну. Раней прэзідэнт Уладзімір Зяленскі выказаў надзею на тое, што пра Украіну не будуць дамаўляцца без Украіны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках