20 красавiка 2024, Субота, 3:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эрозія ўлады Пуціна

1
Эрозія ўлады Пуціна

Усё больш еўрапейскіх краінаў аддаляецца ад РФ.

«Усё больш краінаў ЕЗ, якія раней былі добразычлівыя да Расеі, аддаляюцца ад яе. Нават калі Пуцін здолеў паўстаць у ролі кіраўніка сусветнай дзяржавы на саміце з Джо Байдэнам у Жэневе, у ягонай геапалітычнай авансцэны ёсць сур'ёзныя слабыя месцы: ягоныя вагары ўплыву ў Еўропе слабеюць», – піша нямецкае выданне Die Welt.

«У Італіі ў 2018 годзе была абраная еўраскептычная кааліцыя, якая дыстанцыявалася ад NATO – і ўважалася ў Еўропе за траянскага каня. А вось вецер там змяніўся: новы прэм'ер-міністр Італіі Марыё Драгі папярэдзіў пра расейскае ўмяшанне ў справы Еўропы і абвесціў пра стварэнне нацыянальнага цэнтра кіберабароны, які будзе падпарадкоўвацца непасрэдна яму. Пасля шпіёнскага скандалу ў траўні краіна выслала расейскага дыпламата», – гаворыцца ў артыкуле.

«Чэхію, прэзідэнт якой Мілаш Земан уважаецца відавочна прамаскоўскім, Крэмль пасля гучнага скандалу ўнёс у спіс несяброўскіх дзяржаваў, – піша далей выданне, нагадваючы, што Прага абвінаваціла Расею ў выбуху склада боепрыпасаў, які адбыўся сем гадоў таму, і выслала 18 расейскіх дыпламатаў. – (...) Нядаўна расейская карпарацыя атамнай энэргіі "Расатам" была выключаная з тэндару на будаўніцтва дадатковага рэактара АЭС "Дукованы". У свой час электрастанцыя была пабудаваная савецкімі спецыялістамі. Тое, што Расею цяпер выключылі з тэндару, успрымаецца як відавочны афронт».

«У Нямеччыне Крэмль доўгі час спадзяваўся на свае кантакты з прарасейскай партыяй СДПН. Але пасля таго як і многія сацыял-дэмакраты дыстанцыяваліся ад Масквы пасля анэксіі Крыма, Крэмль стаў усё больш спадзявацца на АДГ. Аднак яна загразла ва ўнутраных звадах і наўрад ці зможа павялічыць свой электаральны патэнцыял. Пры гэтым удзел "зялёных" ва ўрадзе вельмі верагодны. Ніводная партыя ў Нямеччыне не ставіцца да Расеі больш крытычна», – падкрэслівае Die Welt.

«Пакуль Масква сочыць за тым, што адбываецца ў Нямеччыне з покерфэйсам. (...) Аднак магчымае канцлерства "зялёнага" кандыдата выклікае няўпэўненасць у Расеі. Аналена Бербок ужо даўно знаходзіцца пад прыцэлам расейскіх спецслужбаў, якія хочуць дыскрэдытаваць яе, папярэджвае Установу ў абароне Канстытуцыі».

«У Францыі Крэмль адкрыта падтрымліваў Марын Ле Пен на выбарах 2017 года. (...) У наступным годзе Ле Пен зноў пойдзе да ўлады – яе шанцы яшчэ больш рэальныя, чым чатыры гады таму. Але больш верагодна, што Расеі давядзецца настроіцца яшчэ на 5 гадоў кіравання Макрона – і на тое, што расстаноўка сілаў у Еўразвязе даўно не была для Расеі настолькі неспрыяльнай. Факт у тым, што спіс "дрэнных" з гледзішча Крамля еўрапейцаў расце», – канстатуе выданне.

«У гэтым заключаецца праблема еўрапейскай палітыкі Расеі: замест таго каб засяродзіцца на пабудове стабільных стасункаў, здольных перажыць мноства дэмакратычных цыклаў, Пуцін часта робіць стаўку на канкрэтных асобаў. Ягоныя фаварыты не павінны адважваецца крытыкаваць Расею. А калі крытыка бярэ верх, Пуцін гатовы хутка спыніць стасункі, як паказвае прыклад Чэхіі».

«У цяперашні момант толькі адзін чалавек здаецца непахісным партнёрам Пуціна: Віктар Орбан. (...) У адрозненне ад Прагі, Будапешт не мае нічога супраць расейскіх тэхналогій ядзернай энэргетыкі. "Расатам" атрымаў кантракт без правядзення тэндару. Будаўнічыя працы для ўзвядзення новага рэактара на атамнай электрастанцыі "Пакш" павінны пачацца ўжо сёлета. Да таго ж Вугоршчына пакуль з'яўляецца адзінай краінай ЕЗ, дзе шырока выкарыстоўваецца расейская вакцына "Спадарожнік-V"».

«(...) Але і лаяльнасць Вугоршчыны ў апошні час стала для Крамля ненадзейнай. У наступным годзе партыя Орбана павінна будзе ўдзельнічаць у выбарах. Ягоныя канкурэнты могуць атрымаць шанец пад кіраўніцтвам папулярнага мэра Будапешта Гергея Карачоня, які аб'яднаў за сабой шэсць апазіцыйных партый. Карачонь выказваў салідарнасць з Навальным пасля вынясення яму абвінаваўчага прысуду і крытыкаваў празмерную залежнасць Вугоршчыны ад Расеі. Калі Карачонь стане прэм'ер-міністрам, вонкавая палітыка Вугоршчыны таксама зменіцца – не на карысць Расеі», – вынікуе Die Welt.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках