23 красавiка 2024, aўторак, 8:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нешта нават ёкае ўнутры ад гуку самалёта, які ляціць»

«Нешта нават ёкае ўнутры ад гуку самалёта, які ляціць»

Што адбываецца на месцы падзення самалёта праз месяц пасля трагедыі ў Баранавічах.

Выданне Intex-press пабывала ў двары на вуліцы Розы Люксембург, дзе 19 траўня загінулі лётчыкі Андрэй Нічыпарчык і Мікіта Куконенка.

Прайшоў месяц з моманту крушэння Як-130. На месцы, дзе ўпаў самалёт, – пустка. Ён нават не зарос травой, зямля – як адкрытая рана. Пра трагедыю нагадвае і вянок з кветкамі.

«Нешта нават ёкае ўнутры ад гуку самалёта, які ляціць»

Да месца, дзе стаяць кветкі і вянок, падыходзіць жанчына з роварам. Хрысціцца, чытае малітву. Набліжаюся да яе і бачу, што ў яе на вачах слёзы.

ФОТА: INTEX-PRESS.BY

Жанчына кажа, што яе клічуць Вера Канстанцінаўна і жыве яна непадалёк.

– Я перыядычна заязджаюць сюды, каб памаліцца за гэтых загінулых хлопцаў, – тлумачыць яна. – А калі ляціць самалёт, я адразу ўспамінаю гэтых лётчыкаў. Страху няма, толькі ўспаміны...

А вось жыхарка дома №2Д на вуліцы Розы Люксембург Сняжана да гэтага часу адчувае трывогу, калі чуе гул самалёта.

– Літаральна ўчора размаўляла з суседкай на вуліцы і чую: ляціць самалёт. Ды так нізка над дамамі. Стала страшна, што зноў такое можа паўтарыцца, – кажа яна. – Пачуццё вельмі непрыемнае. Нешта нават ёкае ўнутры ад гуку самалёта, які ляціць. Я нават пасля крушэння не выходзіла на вуліцу і ў акно баялася глядзець. Гэта страшна.

«Кажуць, што зробяць сквер»

На пустцы аўтагрэйдар разраўноўвае пясок, прыбірае ямы. Мясцовыя кажуць, што пасля таго, што здарылася, ім трохі выраўнялі дарогу – «паклалі камяні з пяском, і цяпер хоць бы ямаў вялікіх няма».

ФОТА: INTEX-PRESS.BY

Паводле словаў жыхароў дамоў, перыядычна да іх прыязджаюць то прадстаўнікі КУРЭП «ЖРЭУ г. Баранавічы», то чыноўнікі з гарвыканкама.

– Нешта глядзяць, пастанаўляюць. Кажуць, што на месцы гібелі лётчыкаў налета збіраюцца зрабіць сквер. Але ці так, не ведаем, – расказвае Сняжана. – Нам жа хочацца, каб аднавілі столік і лавачкі, якія былі дэмантаваныя пасля трагедыі, і пляцоўку для дзяцей, якую мы некалькі гадоў таму зрабілі сваімі рукамі. Я нават у гарвыканкам тэлефанавала з гэтым пытаннем. Сказалі, што будуць пастанаўляць. А калі і ці станоўчай будзе пастанова – пытанне.

«Такое не забудзецца ніколі»

Мясцовыя жыхары кажуць, што пра здарэнне 19 траўня будуць памятаць яшчэ вельмі доўга.

– Забыцца на такое нельга. Ды і не забудзецца ніколі, – адзначае Іван Іванавіч, жыхар дома №2Б на вуліцы Розы Люксембург. – Рэха трагедыі і памяць пра яе будуць з намі доўга.

А Сняжана дадае:

– Усведамленне таго, што здарылася, прыйшло цяпер. Калі б лётчыкі катапультаваліся на загад і самалёт упаў на наш дом, то нават уявіць страшна, што было б. Сышоў муж на працу, а на месцы дома руіны і вяртацца няма куды – ні сям'і, ні дома... Коштам жыцця гэтых хлопцаў мы цяпер жывем.

ФОТА: INTEX-PRESS.BY
ФОТА: INTEX-PRESS.BY
ФОТА: INTEX-PRESS.BY
Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках