25 красавiка 2024, Чацвер, 17:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Каўбой» Джо і калос на гліняных нагах

4
«Каўбой» Джо і калос на гліняных нагах

Прэзідэнт ЗША меў у Жэневе справы з кіраўніком, які максімальна аслабіў сваю краіну.

На жэнеўскай сустрэчы Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна ні адзін з лідараў не стараўся ўсур'ёз прыйсці да ўзаемаразумення дзяржаваў. Замест гэтага яны імкнуліся вызначыць стабільныя арыенціры і апоры вось ужо доўгі час канфліктных стасункаў. Такая невысокая планка звязаная ў першую чаргу з вялікімі амбіцыямі расейскага лідара, якія пераклікаюцца з даўнімі гістарычнымі традыцыямі ягонай краіны, піша французскае выданне Causeur (пераклад – inosmi.ru).

На ўчорашнім саміце ў Жэневе Джо Байдэн і Уладзімір Пуцін імкнуліся мінімізаваць чаканні. Галоўнай задачай для іх было вызначыць новыя рамкі, у якія павінны змяшчацца раз-пораз узніклыя канфліктныя сітуацыі. Ні адзін з лідараў не хацеў бы ўбачыць, як адна з такіх сітуацый перарастае ў адкрытую канфрантацыю. З амерыканскага боку ёсць нямала прэтэнзій, ад абвінавачванняў Расеі ва ўмяшанні ў амерыканскія выбары, да вайны ва Украіне і лёсу Аляксея Навальнага. Як бы там ні было, усе гэтыя немалаважныя моманты (а таксама вяртанне гонкі ўзбраенняў, у тым ліку ядзерных) на самай справе толькі хаваюць за сабой глыбокую і, верагодна, непрымірэнчую розніцу ў становішчы і ў поглядах паміж ЗША і Расеяй. Гэта значыць – розніцу паміж адзінай сусветнай звышдзяржавай і ўсё яшчэ важнай трэцяй ваеннай дзяржавай у свеце. Супрацьстаянне прадоўжыцца, таму што Байдэн не можа і не хоча даць Пуціну тое, што яму трэба.

Калос на гліняных нагах

Расея вось ужо два стагоддзі з'яўляецца калосам на гліняных нагах, хоць у пэўныя перыяды ў Расеі атрымлівалася схаваць свае слабасці. Яна пацярпела паразу ў Крымскай вайне 1853–1856 гадоў. Яна саступіла ў расейска-японскай вайне 1904–1905 гадоў, якая стала першым разгромам еўрапейскай краіны азіяцкай дзяржавай у сучасную эпоху. Параза ў Першай сусветнай вайне вынікавала крах царскага рэжыму. Нарэшце, параза ў халоднай вайне стала прычынай падзення камуністаў, якія сталі, хочуць яны таго ці не, пераемнікамі дынастыі Раманавых.

Увесь гэты час краіну пераследаваў прывід адставання ад Еўропы, а потым і ад Захаду ў цэлым. Адставання, сярод іншага, у тэхналагічнай, ваеннай, прамысловай і эканамічнай сферах. Гэта вынікавала перыяды ліхаманкавай дзейнасці. З падачы ўлады краіна здзяйсняла страшныя намаганні, якія былі закліканыя нагнаць адставанне. Нават распад СССР не адзначыў сабой адыход ад гэтай схемы развіцця, якая практычна не пакідае мала месца для падобнай на нашу рынкавай эканомікі. Пасля дзесяцігоддзя Ельцына ў Расеі, Уладзімір Пуцін прадоўжыў традыцыйны падыход з апорай на дзяржаву ў імкненні скараціць прорву паміж Расеяй і Захадам.

Пасля распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе Масква страціла больш тэрыторыі, чым займае Еўрапейскі Звяз. Яна таксама страціла ўсходнюю частку Нямеччыны (ГДР – заўв. рэд.) і іншых сатэлітаў ва Усходняй Еўропе, якія падтрымлівалі яе, а сёння ўваходзяць у заходні вайсковы альянс. Масква таксама не кантралюе прыбалтыйскія дзяржавы і іншыя былыя ўладанні накшталт Азербайджана, Грузіі і Украіны, якія ў той ці іншай ступені супрацоўнічаюць з Захадам, у тым ліку ў пытаннях абароны і бяспекі.

Расея ўсё яшчэ застаецца самай вялікай краінай свету, але тэрыторыя краіны сёння значыць для статусу вялікай дзяржавы менш, чым эканамічны дынамізм і чалавечы капітал: у гэтых сферах Расея ўсё яшчэ адстае, і гэта не кажучы ўжо пра яе слабую дэмаграфічную дынаміку. У 2019 годзе расейскі ВУП склаў 1,7 трыльёна даляраў, што на 15% менш, чым у Італіі, і не даходзіць нават да паловы нямецкага ўзроўню. Але ж каб разлічваць ВУП паводле парытэту пакупніцкай здольнасці, адставанне Расеі будзе ўжо не такім вялікім, прычынаў для турботы ў Захаду пакуль няма. У параўнальных паказніках расейская эканоміка складае ўсяго 1,5% сусветнага ВУП і ўсяго 7% амерыканскай эканомікі. Акрамя таго, у адрозненне ад тых жа ЗША расейская эканамічная сістэма вельмі моцна залежыць ад экспарту сыравіны і вуглевадародаў (і, як вынік, ад коштаў гэтай сыравіны на сусветных рынках). Што тычыцца геапалітычнай абстаноўкі, яна без канца абвастраецца. ЗША атачаюць Расею базамі, захоўваюць за сабой першае месца і статус звышдзяржавы.

Страх акружэння

Роля Расеі ў свеце была шмат у чым сфармаваная яе ўнікальнай геаграфіяй: у яе няма натуральных межаў за выключэннем Ціхага і Паўночнага Ледавітага акіянаў. Цягам усёй сваёй гісторыі Расеі даводзілася сутыкацца з часта бурнымі з'явамі ў Азіі, Еўропе і на Блізкім Усходзе. У сувязі з гэтым Расея адчувае сябе ўразлівай і схільнай да спробаў акружэння. Якімі б ні былі першапачатковыя прычыны расейскага экспансіянізму (да яго часцяком прымешваўся апартунізм, імкненне выкарыстоўваць магчымасці), ваенная і палітычная эліта краіны не адмовілася ад яго. Яна мяркуе, што толькі новая экспансія можа абараніць мінулыя тэрытарыяльныя набыткі. Такім чынам, бяспека Расеі традыцыйна абапіраецца на абарончую экспансію з мэтай прадухілення патэнцыйнага нападу.

Сёння размешчаныя ля расейскіх межаў невялікія дзяржавы разглядаюцца Масквой як патэнцыйныя апоры для ворагаў, чыя мэта – акружыць, задушыць і падпарадкаваць Расею. Пасля распаду СССР гэтае пачуццё ўзмацнілася. Пуцін разглядае ўсе намінальна незалежныя сумежныя дзяржавы (у тым ліку Украіну) як платформы на службе «заходніх дзяржаваў» (перш за ўсё ЗША), якія ЗША нібыта імкнуцца выкарыстаць супраць Расеі.

Як і ў мінулым, расейская знешняя палітыка абапіраецца на моцную дзяржаву, якая ўважаецца за адзінага гаранта бяспекі, ключавых інтарэсаў і ўнутранага парадку. Але звычайна праекты фармавання моцнай дзяржавы ў Расеі скочваюцца ва ўмацаванне асабістай улады. Змешванне зухаватага патрыятызму і злосці на Захад стала характэрнай рысай пуцінскага перыяду. Але нават калі б урад складаўся не з былых агентаў КДБ, перад ім стаялі б тыя самыя праблемы: адставанне ад Захаду, складаная геаграфія і імкненне гуляць вялікую ролю ў свеце без прыродных дадзеных для такой ролі. Як пісаў адзін аўтар, чыё імя мне цяпер ніяк не ўдаецца ўспомніць, Расея не валодае імперыяй, таму што яна і ёсць імперыя... Такім чынам, накіраванасць знешняй палітыкі Расеі – гэта ў роўнай ступені вынік выбару самой Расеі і структурных абмежаванняў.

Краіна, якую аслабіў яе ўласны лідар

Эйфарыя з нагоды паспяховасці расейскага ўмяшання ў грамадзянскую вайну ў Сірыі не павінна хаваць больш важны факт: стратэгічнае становішча Расеі цяжкое. Кактэйль з слабасці і велічы цягам дзесяцігоддзя спарадзіў лідара, які імкнецца здзейсніць рывок наперад, засяродзіўшы ўладу ва ўласных руках. Ён праводзіць сваю лінію без узгаднення з замежжам, і гэта аслабляе здольнасць краіны развіваць і дыверсіфікаваць эканоміку а, такім чынам, узмацняць і іншыя бакі сваёй невялікай моцы. Успомнім і тое, што перыяды добрых стасункаў Расеі і ЗША былі рэдкасцю. Гэта не выпадкова. Паміж дзвюма дзяржавамі паўстала сапраўдная прорва праз разыходжанне інтарэсаў і практычна поўную супрацьлегласць палітычных культураў (узяць хоць бы ролю дзяржавы, індывіда, прадпрыемстваў і прыватнай уласнасці).

У адрозненне ад СССР, сучасная Расея не ўяўляе з сябе пагрозы міжнароднаму парадку. Масква дзейнічае ў рамках класічнай геапалітычнай гульні ўлады і ўплыву. У пэўных галінах і пытаннях Расея ў стане нашкодзіць інтарэсам ЗША, але яна зусім не ўяўляе для іх тую ж пагрозу, што ў мінулым Савецкі Саюз. Сёння Расея хоча, каб Захад проста прызнаў яе «сферу ўплыву» на постсавецкай прасторы. Такі кошт, устаноўлены Пуціным за нармальныя стасункі з Расеяй. Менавіта гэтая ягоная ўмова выклікала пратэсты з боку Захаду, а яны ў сваю чаргу перашкодзілі ўстойліваму супрацоўніцтву Захаду і Расеі. І пры цяперашніх суадносінах сілаў Байдэн і ягоныя пераемнікі дакладна не прымуць патрабаванне Пуціна прызнаць за Расеяй права на ўплыў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках