28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Найбуйнейшая паводка за 100 гадоў: Наступствы патопу ў Крыме

21
Найбуйнейшая паводка за 100 гадоў: Наступствы патопу ў Крыме

На акупаваным паўвостраве адбылася прыродная катастрофа.

На акупаваны Крым на гэтым тыдні абрынуліся праліўныя дажджы: у чацвер быў затоплены цэнтр Керчы, а ў пятніцу ў выніку паводкі быў цалкам закрыты ўезд у Ялту. Пазней стала вядома пра загінулага ў Ялце чалавека, якога знесла плынню. Горад застаўся без пітной вады, частка вуліцаў без электрычнасці. Пра прыродную катастрофу ў Крыме – у матэрыяле «МБХ медыя».

Ялта: тысячы без электрычнасці і адзін загінулы

Дажджы, якія з канца траўня ідуць у Крыме амаль штодня, у апошнія дні набылі маштаб катастрофы. Цяпер у цэнтры ўвагі знаходзіцца Ялта, дзе ў ноч з чацвярга на пятніцу выпала месячная норма ападкаў – 42 міліметры. З берагоў выйшла рака Вадападная, усе падземныя пераходы затопленыя. Раніцай у пятніцу «мэр» Ялты Яніна Паўленка паведаміла, што ўезд у горад цалкам зачынены праз паводку, а таксама звярнула ўвагу на небяспеку некантраляванага струменю вады, які зносіць машыны і людзей. Такія карціны сапраўды можна было бачыць на вуліцах горада: вада з лёгкасцю пераварочвала і выносіла легкавыя аўтамабілі.

У горадзе быў уведзены рэжым НС, быў абясточаны цэнтр горада і дзесяць прылеглых вуліцаў. Неўзабаве сталі з'яўляцца і звесткі пра пацярпелых: Паўленка паведаміла, што траўмы атрымалі восем чалавек, у тым ліку адзін з пераломам лыткі. Пазней акупацыйны «кіраўнік» Крыма Сяргей Аксёнаў расказаў пра першага загінулага: гэта быў 26-гадовы мужчына, якога знесла струменем вады ў пасёлку Краснакаменка (Гурзуф). Выратаваць яго не змаглі.

Мясцовы жыхар Аляксандр распавёў «МБХ медыя», што, нягледзячы на пагрозу затаплення дамоў, ніякай панікі сярод жыхароў горада не было. Паводле ягоных словаў, большасць людзей выконвала рэкамендацыі ўладаў і чакала непагадзь у сваіх дамах. Днём у пятніцу праліўныя дажджы ў Ялце практычна спыніліся. Да вечару, паводле заявы так званага «міністэрства ўнутранай палітыкі, інфармацыі і сувязі» Крыма, вада сышла з цэнтра горада. «На гэты момант усе сілы накіраваныя на дапамогу жыхарам і ліквідацыю наступстваў непагадзі. Адбываецца адпампоўка вады, дарогі і вуліцы расчышчаюцца ад камянёў, бруду і паваленых дрэваў», – гаворыцца ў паведамленні «ўстановы».

Усяго ў Ялце было зарэгістравана 87 фактаў падтапленняў, большасць з іх – у прыватных домаўладаннях. Маштабнай эвакуацыі жыхароў не праводзілася: усяго, паводле апошніх звестак, былі эвакуяваныя 282 чалавекі, у тым ліку 49 дзяцей. Частка з іх застанецца ў пункце часовага размяшчэння ў гатэлі «Авангард». Без святла ў горадзе блізу чвэрці ўсіх жыхароў.

Сярод затопленых будынкаў ялцінскі кракадылярыум, размешчаны ў цэнтры горада на вуліцы Ігнаценкі, недалёка ад ракі Дзеракойкі. Уладальнік установы Віктар Жыленка расказаў, што памяшканні, у якіх утрымліваліся больш за 200 кракадзілаў, былі цалкам залітыя вадой. У Instagram-акаўнце кракадылярыума паведамляецца, што ў выніку ўсіх жывёлаў атрымалася выратаваць.

Паводле словаў «мэра» Ялты Яніны Паўленкі, стыхія нанесла гораду каласальную шкоду. Яна адзначыла, што патоп стаў найбуйнейшым з 1922 года.

Керч: залевы спыніліся, але вада яшчэ не сышла

Да таго як ліўні абрынуліся на Ялту, ад іх пацярпела Керч. У ноч на чацвер там выпалі дзве месячныя нормы ападкаў (82 міліметры). Дождж прадоўжыўся і ў пятніцу. Рака Мелек-Чэсма выйшла з берагоў. Частку Керчы пастаноўлена было абясточыць, таксама было часткова адключанае водазабеспячэнне і водаадвядзенне. Мясцовыя жыхары вымушаныя былі перасоўвацца па вуліцах на лодках. Горад наведаў і «верхавод» Крыма Сяргей Аксёнаў, лодку якога ўплаў суправаджалі некалькі чалавек.

Аксёнаў назваў гэта «звычайнай практыкай». «У раёне лякарні і шэрагу падтопленых будынкаў і збудаванняў супрацоўнікі МНС суправаджаюць усе чаўны. Знаходзяцца ў гідракасцюмах. Уключаць рухавікі праз рызыку пашкодзіць вінт і атрымаць траўму немагчыма. Таму гэта робіцца для ўсіх без выключэння, і я, адпаведна, гэтым выключэннем не быў», – сказаў «верхавод» Крыма. Пазней у МНС заявілі, што людзі ў форме, якія плылі за «кіраўніком» Крыма, не ратавальнікі. «Гэта ўвогуле былі цывільныя людзі, якія прынялі для сябе ў гэтай крытычнай сітуацыі такую не зусім зразумелую пастанову. Яны надзелі на сябе гэтыя касцюмы і нічога разумнейшага не прыдумалі, чым плыць за лодкай Аксёнава», – сказалі ва ўстанове. Пры гэтым Аксёнаў пазней паабяцаў узнагародзіць людзей, якія плылі за чоўнам, зноў заявіўшы, што гэта былі супрацоўнікі МНС.

За ноч з чацвярга на пятніцу ўзровень вады ў падтопленых раёнах Керчы упаў прыкладна на 1,5 метра, але на стан пятніцы шэраг вуліцаў па-ранейшаму знаходзіўся пад вадой.

Якіх-небудзь ацэнак матэрыяльнай страты ўлады Крыма пакуль не называюць – прыкладная сума будзе названая цягам трох дзён.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках