19 красавiка 2024, Пятніца, 21:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Беларускія ўлады запусцілі бумеранг, які будзе біць па іх саміх

5
Палітолаг: Беларускія ўлады запусцілі бумеранг, які будзе біць па іх саміх
АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ

У такой сітуацыі можна толькі саступаць.

Беларускія ўлады перайшлі ўсе тыя «чырвоныя лініі», якія яшчэ год таму, здавалася, яны не могуць перайсці, заявіў у каментары «Салідарнасці» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

– Раней каментатары і эксперты казалі, усё ж такі ў нас не Паўночная Карэя, у нас немагчымыя такія жорсткія захады для абмежавання распаўсюджвання інфармацыі. Цяпер мы бачым, што беларускія ўлады паспяхова рухаюцца ў кірунку Паўночнай Карэі.

Яны паказваюць не толькі ў інфармацыйнай, але і ў іншых сферах, што грубая сіла, брутальныя метады і ў XXI стагоддзі могуць быць даволі эфектыўнымі. Яны мяркуюць, што супраць лому няма прыёму, – разважае палітычны аглядальнік.

Разам з тым ён упэўнены, што татальнай зачысткі інфармацыйнага поля не атрымаецца, а яе спробы могуць прывесці да зусім супрацьлеглага выніку.

– Трэба адзначыць, што беларускія ўлады паказалі: калі яны пераходзяць «чырвоныя лініі», то яны могуць на нейкі час дамагацца поспеху. Але ў гэтым выпадку прагрэс тэхналогій абганяе магчымасці цэнзуры, любы грубы інструмент адстае ад вынаходлівасці тых людзей, якім патрэбная інфармацыя і якія яе распаўсюджваюць.

Можна абвяшчаць усё новыя тэлеграм-каналы і СМІ экстрэмісцкімі, але на іх месцы будуць узнікаць іншыя, з іншымі назвамі. Я думаю, што ўлады паставілі перад сабой няўдзячную і нерэалізаваную задачу, таму што нават за савецкім часам, калі не было інтэрнэту, людзі слухалі «Галасы», працавала сарафаннае радыё.

Разгром прафесійных СМІ можа прывесці да таго, што аўдыторыя сыдзе ў тэлеграм-каналы, дзе больш рэзкая рыторыка, а інфармацыя не заўсёды верыфікуецца. Будуць распаўсюджвацца чуткі, калі многія рэчы гіпертрафуюцца і падаюцца ў скажоным выглядзе. У выніку ўлады атрымаюць такі негатыўны эфект, які будзе бумерангам біць па іх саміх.

І потым, ёсць замежжа. Сэрвер у Беларусі лёгка заглушыць. Але калі размясціць яго за мяжой... Нават у Кітаі і ў Іране пры жаданні можна атрымліваць свабодную інфармацыю з-за мяжы.

Проста гэтымі сваімі дзеяннямі ўлады будуць радыкалізаваць сваіх праціўнікаў, павышаць іх тэхнічную пісьменнасць у частцы абыходжання усялякіх бар'ераў. Ці змогуць яны перамагчы ў такой сітуацыі?

Я ўжо не кажу пра адыёзны імідж, як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках