28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чарада «чорных лебедзяў» для Лукашэнкі

24
Чарада «чорных лебедзяў» для Лукашэнкі

Андрэй Саннікаў пра становішча калгаснага дыктатара.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-кандыдат у прэзідэнты краіны на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў расказаў Форуму свабоднай Расеі аб чарадзе «чорных лебедзяў» для Лукашэнкі і сінэргіі трох элементаў, якая дапаможа пазбавіцца ад дыктатара.

- Давайце пагаворым пра сітуацыю з самалётам, якая адбылася ў нядзелю 23 траўня, калі фактычна тэрарыстычным чынам быў захоплены цывільны борт. На ваш погляд, ці стане гэтая падзея «чорным лебедзем»? Ёсць такая тэорыя «чорных лебедзяў», некаторыя палітолагі актыўна гавораць.

- Я думаю, што гэта ўжо не адзін «чорны лебедзь», і яны будуць яшчэ. Так, вядома, гэтае здарэнне - з гэтага шэрагу. Мяркуючы з рэакцыі дэмакратычнага свету, яны ўспрынялі гэта вельмі сур'ёзна, і рэакцыя адрозніваецца ад таго, што гаварылася ўперад. Трошкі крыўдна для нас: бо калі б'юць, забіваюць, катуюць беларусаў, рэакцыя збольшага - асуджэнне ў выглядзе сур'ёзнай заклапочанасці, але без сур'ёзных захадаў, а калі пагражаюць жыхарам Еўропы і ЗША, то тады ідзе больш сур'ёзная рэакцыя. Але, у кожным выпадку, гэта добра, што нашы сябры, якія жывуць у дэмакратычным свеце, усвядомілі небяспеку рэжыму Лукашэнкі.

- Сам сцэнар гэтай спецыяльнай аперацыі - гэтыя паведамленні пра заміноўванне, бомбу, гісторыя з ХАМАС ды іншыя складнікі - на ваш погляд, кім усё гэта пісалася? Лукашэнка дыктаваў сваім чыноўнікам, напрыклад, ліст ад ХАМАС, які трэба скончыць фразай «Алагу Акбар»?

- Ды не, там цяпер досыць пісьменнікаў і сцэнарыстаў, і рэжысёраў, бо дыктатар жыве ў страху. Баіцца ён, напэўна больш за ўсё, небяспекі, якая можа ісці ад ягонага блізкага кола. У той жа час гэта стварае сітуацыю канкурэнцыі ўнутры блізкага кола за ўвагу, дый што хаваць, за рэсурсы. Бо рэсурсаў ўсё менш, значыць, будзе браць грошы той, хто лепш «ахоўвае». Лепш будзе «ахоўваць» той, хто прыдумае самую сур'ёзную небяспеку для Лукашэнкі і выканае нейкую ягоную прыхамаць. Вось хтосьці завінуўся і сказаў: «Давай бо цяпер мы перавядзём стрэлкі з таго, што адбываецца ў Беларусі». З таго поўнага сваволля: я гавару не толькі пра закрыццё медый і працяг арыштаў, беззаконне, але і пра трагедыю, пра смерць Вітольда Ашуркаў у калоніі, нават не смерць, а забойства - мы бачылі гэта. Каб засланіць гэта, неяк павесіць заслону над гэтым сваволлем, наважылі трошкі інтэрнацыяналізаваць дзеянні Лукашэнкі. Выйшла як выйшла. Яны па-іншаму не ўмеюць. Бо дзе генезіс гэтага абсурду? Гэта ж пацукі ў вадаправодзе, прэнты і кактэйлі Молатава ў 2010 годзе на плошчы, чаго, натуральна, ніколі не было. Яны такія вось выдумшчыкі - бяздарныя абсалютна, дурныя, але небяспечныя, вельмі небяспечныя.

- Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулія Фішэр заявіла, што Захад мае адказаць Лукашэнку той мовай, якую ён можа зразумець. На Ваш погляд, што гэта за мова, якую Лукашэнка здольны зразумець.

- Толькі мову моцы, мову санкцый. Вельмі шмат размоў пра санкцыі, але іх няма. Таму я ўжо каторы раз тлумачу, што так званыя адрасныя санкцыі - гэта санкцыі супраць асобных асоб, гэта значыць, абмежаванні ўезду ў Еўропу збольшага, якое іх мала хвалюе. Сам спіс важны, бо ў Беларусі няма правасуддзя, а калі асуджаць на міжнародным узроўні, значыць, вінаватыя ў злачынствах называюцца пайменна. Гэта важна, але на сітуацыю гэта не ўплывае, бо яны там паміж сабой пасміхаюцца і кажуць: «Гэтыя недарэкі, крыху часу праміне, і яны зноў санкцыі здымуць, і мы паедзем, куды захочам». Так і было кожны раз. Кожны раз быў гэты ківач. У той жа час эканамічныя санкцыі, як толькі яны ўводзяцца, адразу даюць вынік і перш за ўсё дасягаецца мэта, дзеля якой і варта ўводзіць і ўзмацняць эканамічныя санкцыі. Гэта - вызваленне ўсіх людзей, якія сядзяць з палітычных матываў, а іх, я нагадаю, у Беларусі больш за 3000. Не некалькі сотняў, як сцвярджаюць праваабаронцы, а больш за 3000 - і гэтую лічбу называе МУС - людзей, якія праходзяць у крымінальнай справе з палітычных матываў. Я не папракаю праваабаронцаў, спіс папаўняюць, але я б хацеў звярнуць увагу, што калі гучаць патрабаванні аб вызваленні палітычных вязняў - гэтыя патрабаванні датычацца тысяч людзей, якія знаходзяцца ў турмах.

- У сувязі з гісторыяй з самалётам пачалі на Захадзе зноў актыўна абмяркоўваць чацвёрты і пяты пакет санкцый, і загаварылі пра тое, што могуць увесці санкцыі супраць экспарту беларускіх угнаенняў і газу. Наколькі гэта моцна закране рэжым Лукашэнкі?

- Гэта акурат зачэпіць падсілкоўванне рэжыму Лукашэнкі. Трэба разумець, што гэта зачэпіць перш за ўсё яго здольнасці плаціць карнікам, вось пра гэта трэба памятаць. Не варта казаць, што гэта нейкім чынам адаб'ецца на дабрабыце людзей, на эканоміцы Беларусі. На эканоміцы Беларусі адбіваецца сам гэты рэжым. Ён яе разбурыў і разбурае далей, адпаведна, руйнуецца не проста дабрабыт людзей, а іхняе жыццё. Таму санкцыі адаб'юцца на здольнасці Лукашэнкі ўтрымліваць карны апарат. Няхай ён цяпер робіць выгляд, што ён нешта кантралюе - але эканоміку ён не кантралюе. Таму чым хутчэй адбудзецца ягонае зняцце з пасады, якую ён цяпер незаконна займае, тым хутчэй Беларусь вернецца да нармальнага жыцця, а гэта можна зрабіць вельмі хутка. Таму такія санкцыі павінны ўводзіцца, яны павінны мець мэту і сапраўды адцяць ад фінансавання Лукашэнку і ягоны рэжым. Мы ўсе ведаем, што пакуль яшчэ Лукашэнка ўсё кантралюе праз банкі, таму калі заходнія фінансавыя інстытуты пачынаюць казаць, што мы даем на развіццё прыватнага дробнага або сярэдняга прадпрымальніцтва - гэта вельмі дзіўнае апраўданне, бо ўсё ідзе праз кішэні або партманеты Лукашэнкі.

- Дэпутатка Еўрапарламента ад Літвы Раса Юкнявічэне яшчэ да сітуацыі з самалётам падкрэслівала і казала, што санкцыі неабходна ўводзіць так, каб ад іх не пакутаваў просты народ. Цяпер ужо сітуацыя такая, што так або інакш просты народ Беларусі ад гэтых санкцый пакутуе, узяць хоць бы гісторыю з забаронай авіязлучэння. Вы асабіста якой пазіцыі пільнуецеся ў плане санкцый?

- Я думаю, што гэта вельмі крывадушная і цынічная адгаворка, якой карыстаюцца адбельвальнікі рэжыму. Я не маю на ўвазе Расу Юкнявічэне, бо яна акурат вядомая прыхільнасцю да дэмакратыі, правоў чалавека, падтрымкі дэмакратычных сіл, і гэта вялікая наша сяброўка. Гэта сапраўды так, але проста гэтая мантра гучыць ад адбельвальнікаў рэжыму як унутры, так і па-за Беларуссю. Гэта глупства поўнае, бо калі б у 2011 годзе ўвялі сур'ёзныя санкцыі, а не проста адрасныя, персанальныя, то ўжо не было б гэтага рэжыму. Я, напрыклад, знаходзячыся ў турме, быў супраць, каб намі гандлявалі, супраць быў і Мікалай Статкевіч, ён пра гэта заяўляў публічна і неаднаразова. Мікалай цяпер зноў у турме. Чаму мы былі супраць? Бо мэта была не ў тым, каб вызвалілі нас, нявінна асуджаных і нявінна кінутых у турмы, а ў тым, каб пачаць іншыя працэсы ў Беларусі, якія тады былі магчымыя, у 2011 годзе. Нават пасля нашай пасадкі прыходзілі такія сігналы, што можна размаўляць. Дарэчы, мы былі настроеныя на размовы аб эвалюцыйных працэсах. Але гэтага нічога не адбывалася, і давайце цяпер паглядзім на сухую астачу. Немагчыма цяпер паўтараць гэтую мантру, што «гэта пашкодзіць народу Беларусі» - народ Беларусі ўжо 27 гадоў жыве ў нечалавечых варунках. А цяпер ён практычна жыве ў канцлагеры.

Што да авіязлучэння: я не заклікаў да закрыцця паветранай прасторы на тэрыторыі Беларусі, гэта зрабіў Лукашэнка. Я, напэўна, і не стаў заклікаць да гэтага, але гэта зрабіў Лукашэнка. Мы пачалі гаварыць пра «чорных лебедзяў», і ён далей будзе рабіць тое, што будзе шкодзіць народу. Гэта значыць, гэта самая сур'ёзная небяспека для народа Беларусі. І яшчэ раз падкрэслю: гэта пагроза для міжнароднай бяспекі, пра што цяпер нарэшце гавораць і заходнія палітыкі.

- Вяртаючыся зноў вось да гэтай спецыяльнай аперацыі з самалётам. Тут з'явіліся розныя ускосныя факты, з якіх шмат хто робіць высновы, што гэтая аперацыя рыхтавалася ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай. Што яна сама на тыдзень раней ляцела гэтым рэйсам, і што тая электронная скрыня, з якой прыйшоў ліст, была створаная ў тыя дні, калі яна ляцела. Як вам здаецца, ці варта такую версію разглядаць?

- Я не ведаю, я не маю ніякіх фактаў. Абсалютна не магу тут нічога каментаваць, бо не маю ні інфармацыі, ні фактаў. А тое, што зрабілі з пасадкай самалёта, то тут ужо не важна, хто быў на борце (вядома, мы хвалюемся за людзей і патрабуем вызвалення Рамана ды Соф’і), але важна тое, што пагражалі грамадзянам дэмакратычных дзяржаў, таму і была такая рэакцыя. А яшчэ такія нахабныя дзеянні Лукашэнкі падкрэслілі, што ён ахвочы дзейнічаць і экстэрытарыяльна (тое, чым яны пагражалі, Карпянкоў пагражаў, напрыклад, дастаць усіх, хто знаходзіцца за мяжой) і ў дачыненні да грамадзян іншых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі. Вось гэта, мне здаецца, вельмі сур'ёзна агаліла існасць даўно вядомага нам рэжыму, - нават для тых, хто казаў, што нельга крыўдзіць Лукашэнку, каб не «пацярпеў» народ Беларусі

- Вызвалення Рамана і Соф’і патрабуе ўвесь свет, акрамя Расеі. Хоць Соф’я Сапега з'яўляецца грамадзянкай Расеі. На ваш погляд, такая млявая рэакцыя Расеі ў дачыненні да сваёй грамадзянкі ці можа сведчыць аб тым, што гэтая аперацыя рыхтавалася ў супрацоўніцтве або пад куратарствам расейскай ФСБ?

- Я думаю, што інфармаванасць была двустаронняя, але не думаю, што была ўхваленая менавіта такая аперацыя, бо Расеі гэта не трэба, на мой погляд. Давайце пачакаем расследавання, бо я мяркую, што расследаваннем зоймуцца сур'ёзна і пададуць усе факты.

А што да Сафіі... Ну як Расея можа займацца вызваленнем Сапегі? Яны ж памятаюць крыўды, якія прычыніў ім канцлер Вялікага Княства Літоўскага з такім прозвішчам. Вось яны, напэўна, перш за ўсё бачаць прозвішча, а не тое, што яна грамадзянка Расеі.

- Усе тое, што адбылося ў плане самалёта і міжнароднай рэакцыі, якая была за гэтым, фактычна ставіць Беларусь ужо ў стоадсоткавую ізаляцыю. Ці набліжае гэта паглынанне Беларусі Расеяй? Вось надоечы сустрэча зноў Пуціна і Лукашэнкі прайшла…

- Гэта яшчэ адзін таксама вельмі тухлы «аргумент». Я яго таксама чую 27 гадоў, 26 - будзем больш дакладнымі. Давайце не будзем ціснуць на Лукашэнку, бо гэта дазволіць Пуціну «паглынуць». Ніхто не зрабіў больш для прывязвання Беларусі да Расеі, чым Лукашэнка. Ніхто не зрабіў больш для шкоды незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, чым Лукашэнка. Я не бачу ніякіх магчымасцяў для нейкіх хоць неяк апраўданых сцэнарыяў паглынання Беларусі. Хоць неяк апраўданых - я маю на ўвазе, каб хоць нейкую падшэўку юрыдычную падклалі. Іх проста няма, ніхто не будзе гэтага прызнаваць, будуць больш жорсткія санкцыі, калі гэта будзе адбывацца. Ды і потым, я думаю, што гэтыя чуткі як падкідваліся КДБ, так і падкідваюцца праз розныя каналы, у тым ліку хаўруснікаў Лукашэнкі - такіх, як Макей. Яны падкідваюцца, каб усё ж такі паспрабаваць арганізаваць перамовы з Захадам з адной простай мэтай - атрымаць грошы. Але гэта ўжо не атрымаецца проста-проста. Лукашэнка ўжо настолькі таксічны, што сёння будзе вельмі складана растлумачыць нават «ястрабам» у Расеі, якіх большасць, чаму трэба пайсці на нейкія сцэнары паглынання Беларусі ў сітуацыі, калі яны і так улезлі ў шмат якія канфлікты, не ведаючы адтуль выйсця і не бачачы гэтага выйсця. Увогуле санкцыі па Расеі б'юць досыць жорстка, а тут вось гэты выпадак з самалётам, які аднавіў крытыку пастановы Байдэна што да «Паўночнага струменю-2», што абсалютна Крамлю не трэба, яны ж нібыта ўжо дамовіліся. Я хацеў бы, каб на Беларусь глядзелі, як на крызісную сітуацыю, якая можа даць станоўчае выйсце, якое задаволіць усіх, перш за ўсё беларусаў.

- Ці не ўзнікае ў Вас адчування, што Пуцін часам крыху падлабуньваецца да Лукашэнкі. Ці здаецца, што Лукашэнка ва ўсёй гэтай гісторыі кіруе Расеяй або з'яўляецца такім флагманам усіх падзей?

- Не, наадварот, я ўбачыў, што Лукашэнка там наогул прыціскаўся да Пуціна ўсім целам з такім шчанячым скавытаннем. Я ўвогуле ніколі такіх паводзін не бачыў на сустрэчах палітыкаў. У прынцыпе, я не вельмі люблю разважаць на тэму, якая не мае нічога агульнага з міждзяржаўнымі стасункамі, а мае характар вельмі спецыфічны. Можна ўспомніць і Мішусціна, які быў вымушаны выслухоўваць хлусню пра Ніка і Майка, потым хлусню пра «змову» з мэтай забойства Лукашэнкі і як «змоўнікаў» злавілі ў Маскве, цяпер хлусня пра Ryanair. Я маю такое адчуванне, што Пуцін з такой самай «цікаўнасцю» выслухоўвае вось гэтыя анекдатычныя тлумачэнні ды хлусню - усё разумеючы. Я спадзяюся, што разумеючы, бо ўсё-такі ён валодае інфармацыяй аб тым, што адбывалася напраўду. Калі яны спрабуюць засланіць Лукашэнку, яны цалкам маюць інфармацыі, і робяць гэта такім чынам, што, увогуле, і не зразумець - ці то яны падтрымліваюць, ці то шчыра здзекуюцца... Асабліва гэтая апошняя сустрэча ў Сочы. Мне падалося, што гэта вельмі падобна да здзеку да кпінаў. Паглядзіце на body language (мова цела - рэдакцыя) - усё стане ясна.

- Улады Літвы і Польшчы ў нядзелю заявілі пра тое, што рэжым Лукашэнкі стаў настолькі непрадказальны, што, магчыма, ён пагражае бяспецы беларускіх мігрантаў, якія жывуць на тэрыторыі іхніх краін, таму папрасілі як мага менш выкладваць інфармацыі ў сацыяльных сетках і быць пільнымі. На Ваш погляд, ці можа рэжым пайсці на ліквідацыі тых людзей, у якіх ён бачыць для сябе небяспеку за межамі Беларусі?

- Як відаць, здольны, таму цяпер націск кладзецца на спецыяльныя службы еўрапейскіх дзяржаў і не толькі еўрапейскіх. Яны павінны разумець, што сёння, сапраўды, усе чырвоныя лініі пяройдзеныя, і будуць такія спробы, напэўна. Глядзіце, сышліся інтарэсы ўсіх як мага хутчэй вызваліцца ад Лукашэнкі і правесці ў Беларусі вольныя выбарах. Гэта і ёсць развязка, і Лукашэнка кожным сваім дзеяннем, кожным «чорным лебедзем» падказвае: трэба рабіць гэта хутчэй, я ўсё больш непрадказальны. Таму тое, што ў Польшчы і Літве адзначылі ўзрастанне ягонай непрадказальнасці, азначае, што яны іншымі словамі сказалі: «Трэба нешта рабіць найбліжэйшым часам, не валаводзіць».

- Як Вам здаецца, ці варта чакаць актывізацыі вулічных пратэстаў сувязі з апошнімі падзеямі, калі мы разглядаем, што гісторыя з самалётам магла стаць такім «чорным лебедзем» для Лукашэнкі? Ці можа яна стаць «чорным лебедзем» не толькі для Лукашэнкі ў плане міжнароднай рэакцыі, але і ў плане ўнутраных падзей?

- Я думаю - так, вядома, бо я хачу яшчэ раз назваць тры галоўныя элементы, якія будуць спрыяць змене сітуацыі ў Беларусі: гэта пратэсты, страйкі ды міжнародныя санкцыі. Я думаю, што пакрысе мы будзем прыходзіць да сінэргіі ўсіх гэтых элементаў. Па-першае, трэба адзначыць і пакланіцца тым людзям, якія выходзяць на пратэсты штодзень. Пратэсты не спыняліся, так, вядома, маштабы не тыя, якія мы бачылі летась. Хтосьці з так званай апазіцыі працаваў на зніжэнне гэтай актыўнасці, але людзі выходзяць і трымаюць наш сцяг. Гэта вельмі важна, што бел-чырвона-белы сцяг заўсёды ёсць на пратэстах, і гэта адбываецца штодзень і па ўсёй Беларусі, не толькі ў Менску. Я думаю, што варта чакаць актывізацыі і проста з натуральных прычын, чакаць страйкаў, бо сітуацыя ў рабочых не паляпшаецца, а пагаршаецца. Яны вымушаныя будуць змагацца як за эканамічныя, так і за палітычныя правы. Я спадзяюся, што будуць эканамічныя санкцыі, якія пакажуць стаўленне дэмакратычнага свету да нашай сітуацыі, што таксама з'яўляецца, увогуле, сур'ёзным чыннікам, які натхняе людзей на дзеянні.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках