20 красавiка 2024, Субота, 6:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сітуацыя з валютай у Беларусі становіцца непрадказальнай

15
Сітуацыя з валютай у Беларусі становіцца непрадказальнай

Банкаўскую сістэму ашчадкаў моцна «штарміць».

Мем «папіцот» ужо даўно паказаў, што даляры ў Беларусі з'яўляюцца галоўнай, хай і не афіцыйнай, валютай. У іх устанаўліваюць заробкі і арэндную плату (зразумела, курсам Нацбанку) і, вядома, у іх захоўваюцца зберажэнні.

Менавіта праз такую прыхільнасць насельніцтва да даляра змены ў валютным рынку, якія Нацбанк уводзіць з 9 ліпеня, выглядаюць пагрозай не толькі дэманстрантам, але і лаяльным рэжыму людзям. Рэдакцыя «Бусел» наважыла падрабязней разгледзець усе новаўвядзенні, а таксама прасачыць, як беларусы «галасуюць далярам».

КУРС, ЯКІ СКАЧА ПАД ДУДКУ

З ліпеня Нацбанк плануе ўзяць пад кантроль працу абменных пунктаў і кас, а таксама рэгламентаваць парадак устанаўлення банкамі абменных курсаў ва ўсёй краіне. Зрэшты, гэта тычыцца самога працэсу абмену валют. Так, каб спрэчных сітуацый стала менш, «перадача фізасобай касіру гатоўкі замежнай валюты, гатоўкі беларускіх рублёў разглядаецца як згода фізасобы з умовамі правядзення валютна-абменнай аперацыі, адлюстраванымі на стэндзе ці спецыяльным электронным табло». Гэта значыць, што, калі чалавек перадае ў касу грошы для абмену, ён аўтаматычна згаджаецца з курсамі, пазначанымі на банкаўскім табло. Калі раптам курс імкліва зменіцца, работнік касы абавязаны адразу ж спыніць валютна-абменныя аперацыі да моманту абнаўлення новых курсаў на табло. Гэтыя новаўвядзенні тычацца толькі наяўнага абмену валют, пры куплі валюты праз банкаўскую карту застаецца стары парадак дзеянняў.

Найбольш сур'ёзным новаўвядзеннем з'яўляюцца валютныя абмежаванні, якія Нацбанк разам з Саветам Міністраў атрымаюць права ўводзіць.

Гэта забарона на правядзенне валютных і валютна-абменных аперацый, устаноўка лімітаў на аб'ёмы, колькасць і тэрміны правядзення валютных і валютна-абменных аперацый, а таксама на валюту аплаты, рэзерваванне часткі, усёй сумы або сумы, кратнай усёй суме валютнай аперацыі. Нацбанк можа ўвесці патрабаванне на атрыманне спецыяльнага дазволу ў яго ж для правядзення валютных аперацый, а таксама ў абавязковым парадку прымусіць юрасобаў прадаць дзяржаве ўсю вытаргаваную валюту. Таксама закрануты і міжнародны парадак: цяпер галоўны банк краіны можа абмежаваць магчымасць адкрыцця рахункаў у замежных банках для беларусаў і рэзідэнтаў краіны (цікава, як яны плануюць атрымліваць гэтую інфармацыю).

Смешна, што ў гэтай жа змене Нацбанк дазволіў адкрываць рахункі ў замежных банках ІП і юрасобам, набываць акцыі і нерухомасць за мяжой без узгаднення з Нацбанкам. Вельмі зручная схема - дазволіць, каб потым пры неабходнасці забараніць. Таксама ўводзіцца абавязковая рэгістрацыя шэрагу валютных дамоваў, у адваротным выпадку - штраф.

Забраць без аглядкі

Такія новаўвядзенні не маглі не паўплываць на валютную сітуацыю, якая і так са жніўня 2020 года пагаршаецца ў краіне з кожным днём. Так, у траўні 2021-га беларусы забралі з банкаў 44% валютных ашчадкаў.

Колькасць даляраў на валютных дэпазітах складае менш за 1,3 мільярда. Адток ашчадкаў назіраецца ўжо пятнаццаць месяцаў, за якія беларусы забралі амаль два мільярды даляраў. Толькі ў жніўні мінулага года насельніцтва забрала ашчадкаў на 624,3 мільёна даляраў.

Варта адзначыць, што валютныя ашчадкі ў Беларусі не з'яўляюцца рэальнай інвестыцыяй. Праз невысокую стаўку - пару адсоткаў (у самым найлепшым выпадку) ашчадкі ў валюце ўспрымаюцца больш як бясплатнае захоўванне з невялікім прыбыткам - не ўсе гатовыя захоўваць вялікія сумы ў сябе дома.

Агулам жа беларускую сістэму ашчадкаў «штарміць» ужо некалькі гадоў: увядзенне безадзыўных ашчадкаў і падатку на прыбытак яшчэ да палітычных падзей насцярожвала частку насельніцтва. Цяпер жа, калі сітуацыя з валютай катастрафічна пагаршаецца, банкі спрабуюць хоць бы нарасціць грашовую масу ў нацыянальнай валюце. Тут на сцэну выйшлі ашчадкі на некалькі месяцаў пад касмічныя 18% гадавых, з якіх, зразумела, таксама давядзецца заплаціць трынаццаціадсоткавы падатак. Панадлівыя лічбы, вядома, і яны могуць прынесці прыбытак, але рызыка страціць грошы, улічваючы сітуацыю, - таксама вялікі. Плюс кожны такі ашчадак - гэта хай і не наўпроставая, але падтрымка рэжыму, які робіць усё для таго, каб пазбавіць беларусаў эканамічнай стабільнасці ва ўгоду жаданням канкрэтнай персоны.

Што рабіць з грашыма, дзе іх захоўваць і ў якой валюце - несумненна асабісты выбар кожнага. Аднак у цяперашняй сітуацыі, калі калапс можа наступіць раптоўна, неабходна ўзважваць усе рызыкі і імкнуцца захаваць ужо наяўныя актывы без страт.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках