16 красавiка 2024, aўторак, 21:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«З рук працоўнага выслізнула рыдлёўка - і князёўна рассыпалася!»

5
«З рук працоўнага выслізнула рыдлёўка - і князёўна рассыпалася!»

Містычная гісторыя пра знаходку ў цэнтры Менска.

«А ў труне ляжала князёўна! Як жывая! Прыгожая! Доўгія валасы, заплеценыя ў касу, залатыя бранзалеты...Усе стаялі, як зачараваныя, - як яна магла так добра захавацца! І раптам з рук аднаго з рабочых нечакана выслізнула рыдлёўка, якая паляцела ўніз, стукнулася аб край труны, і...князёўна рассыпалася!» Што ў гэтай гісторыі праўда, а што - не?

Гэтую гісторыю пераказаў «Вечернему Минску» гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў. Пачуў ён яе ад прыбіральшчыцы Інстытута гісторыі Акадэміі навук, дзе працаваў. Падзеі адбываліся пасля вайны, калі прыбіральшчыца была яшчэ дзяўчынкай, піша «Наша Ніва».

«У адзін з дзён у раёне Ніжняга рынка мы з мамай убачылі натоўп людзей каля насыпаных куч зямлі. Паспрабавалі падысці бліжэй і разгледзець, што там адбываецца. Але мама не змагла праціснуцца праз натоўп, а я была маленькая, шустрая і пралезла».

Дзяўчынка прабралася праз натоўп і ўбачыла на дне ямы труны...

А што адбывалася ў рэчаіснасці?

Пасля вайны ў раёне Нямігі пачаліся раскопкі. Імі кіраваў археолаг Васіль Тарасенка. У 1949-м ён і ягоны калегі выявілі рэшткі каменнага храма - недалёка ад цяперашняга спуску ў метро «Няміга».

Большасць менчукоў мяркуе, што месцазнаходжанне храма пазначанае знакам, якія стаяць на пагорку Свіслачы. У рэальнасці храм знаходзіўся крыху ў баку, побач з будынкам на праспекце Пераможцаў, 2.

Храм даследавалі да 1951 года.

«Адкрыццё з Менска руін храма стала поўнай нечаканасцю, бо ніякіх пісьмовых сведчанняў пра яго не маецца», - пісаў Тарасенка.

Чаму гаворка аб руінах?

Храм так і не быў дабудаваны. Захаваўся яго падмурак і ніжняя частка муроў (на глыбіні 4,03-6,75 м). Рэшткі мелі даўжыню 16 м, шырыню - 12 м, што давала агульную плошчу храма - 192 квадратныя метры.

Хутчэй за ўсё, будаўніком храма з'яўляўся менскі князь Глеб, сын Усяслава Чарадзея. Пасля таго, як ён трапіў у палон (1119), горадам кіраваў кіеўскі намеснік. Магчыма, недабудаваны храм быў разбураны за ім, каб падкрэсліць страту Менскам свайго статусу.

У перыяд 1119-1146 гадоў у межах сцен храма з'явіліся пахаванні.

Усяго археолагі знайшлі 21 пахаванне.

«Жаночае пахаванне, якое выявілася сярод усіх пахаванняў самым цікавым, захавалася значна лепш. Чэрап і буйныя косткі шкілета ацалелі. Захаваліся дзве касы, выкладзеныя вакол галавы. На галаве апынуліся вянцы: адзін з кветак птармікі (Ptarmica vulgaris) [магчыма, аўтар меў на ўвазе крываўнік. - «НН»], іншы з палатна. Вакол шыі знаходзілася каралі са скуры, на стане - ваўняны пояс з меднай або бронзавай падковападобнай спражкай, абабітай ваўнянай матэрыяй. Такая ж ваўняная тканіна невялікімі кавалачкамі траплялася ўздоўж усяго касцяка. На нагах пахаванай былі мяккія скураныя туфлі, адна з якіх, левая, добра захавалася. На пярэдняй яе частцы прыкметны праколаты і, магчыма, прашыты ніткамі эсавідны ўзор», - пісаў Тарасенка.

Навукоўцы ўстанавілі, што труп належаў дзяўчыне або падлетку 14-17 гадоў. Памерла яна ў выніку гнойнага запалення ў правым вуху або ў косці.

А як жа легенда, маўляў, труп рассыпаўся? «Канешне, не. Гэта дзіцячае ўяўленне дамалявала», - каментаваў Тарасаў.

Як распавёў гісторык Андрэй Гардзіенка, ён «шмат разоў пытаўся ў археолагаў Георгія Штыхава і Эдуарда Загарульскага, дзе знаходзяцца матэрыялы з раскопак таго некропаля, але яны так і не змаглі мне адказаць».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках