25 красавiка 2024, Чацвер, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Капылі з'явіўся мурал з Алесем Адамовічам

У Капылі з'явіўся мурал з Алесем Адамовічам
ФОТА: ТАЦЦЯНА КОРЗУН, ЖЫХАРКА В. КАНЮХІ КАПЫЛЬСКАГА РАЁНА

Партрэт беларускага пісьменніка размешчаны на адным са шматпавярховых дамоў раённага цэнтра.

Фатаграфію мурала «Белсату» даслала Таццяна Корзун, настаўніца беларускай мовы і літаратуры на пенсіі, жыхарка вёскі Канюхі ў Капыльскім раёне, дзе і нарадзіўся ў 1927 годзе Алесь Адамовіч.

МУРАЛ З АЛЕСЕМ АДАМОВІЧАМ, КАПЫЛЬ. ФОТА: ТАЦЦЯНА КОРЗУН, ЖЫХАРКА В. КАНЮХІ КАПЫЛЬСКАГА РАЁНА

Таццяна распавяла, што праект прымеркаваны да Дня пісьменства, які ў 2021 годзе будзе святкавацца ў Капылі. Запланавана, што муралаў, прысвечаных культурным дзеячам, у горадзе будзе тры. Першыя два - паэту-песенніку Адаму Русаку і пісьменніку Алесю Адамовічу - ужо з'явіліся. Да восені намалююць яшчэ мурал з Кузьмой Чорным.

Таксама ў Капылі з'явіцца помнік пісьменніку Цішку Гартнаму, а ў мясцовым скверы ўладкуюць «Алею пісьменнікаў». Там усталююць 17 інтэрактыўных лавак з інфармацыяй пра пісьменнікаў-ураджэнцаў Капыльшчыны.

Таццяна Корзун таксама нагадала, што ў жніўні летась мясцовыя жыхары зрабілі ў Канюхах «прыпынак Адамовіча». Гэта ўжо другі прыпынак у Беларусі, прысвечаны пісьменніку. Першы з'явіўся у 2018 годзе ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёна, дзе Алесь Адамовіч правёў дзяцінства і юнацтва. Гэты прыпынак і стаў узорам для жыхароў Канюхоў. Свой арт-аб'ект яны рабілі ўласнымі сіламі і сродкамі. Маляваў партрэт Адамовіча, а таксама ўпрыгожваў прыпынак мясцовы мастак Віктар Бураў, які жыве ў грозаўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце.

Алесь Адамовіч - вядомы беларускі пісьменнік. Ён нарадзіўся 3 верасня 1927 года (гэта пашпартная дата, а сапраўдная - 3 жніўня 1926 года) у вёсцы Канюхі. Калі Алесю быў адзін год, ягоныя бацькі пераехалі ў Глушу пад Бабруйскам, якую потым пісьменнік называў сваёй сапраўднай малой радзімай. Пра Канюхі ў сваёй кнізе «Vixi» Адамовіч пісаў, што гэта для яго самае загадкавае месца з яго біяграфіі. Гэтую цытату мясцовыя жыхары размясцілі на прыпынку.

Алесь Адамовіч быў таксама актыўным грамадскім дзеячам, падтрымліваў стварэнне Беларускага Народнага фронту. Змагаўся з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы. Ён аўтар такіх твораў, як «Хатынская аповесць», «Нямко», «Я з вогненнай вёскі», «Карнікі», «Блакадная кніга», «Апакаліпсіс паводле графіку», сцэнарыст фільма «Ідзі і глядзі».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках