27 верасня 2021, панядзелак, 9:50
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Аналітык: Пуцін зразумеў, што Лукашэнку не варта пакідаць ніводнага шанцу

41
Аналітык: Пуцін зразумеў, што Лукашэнку не варта пакідаць ніводнага шанцу
ФОТА: GETTYIMAGES

Крэмль паспрабуе, каб «крытычныя абставіны» для дыктатара абавязкова наступілі.

Учора амбасадар РФ у Беларусі Яўген Лук'янаў паабяцаў афіцыйнаму Менску поўную падтрымку ў сітуацыі з санкцыямі. "Мы не кінем Беларусь. Мы – хаўруснікі. Хаўруснікі адзін аднаму не здраджваюць. Я ўжо не кажу пра тое, што мы два брацкія славянскія народы", – сказаў Лук'янаў.

Клятвенныя запэўніванні ў хаўрусніцкай вернасці рэзка кантрастуюць з інфармацыяй, распаўсюджанай "Інтэрфаксам": высвятляецца, у трэцім квартале 2021 года не прадугледжана паставак расейскай нафты на завод "Нафтан", які трапіў пад амерыканскія санкцыі. Чыннік бескарыслівага "славянскага братэрства", верагодна, у гэтым выпадку не спрацаваў. І ёсць сур'ёзныя сумневы, што спрацуе напоўніцу і ў дачыненні да іншых санкцыйных кейсаў, піша ў сваім тэлеграм-канале журналіст Ігар Іляш.

На гэтым фоне абяцанні Масквы падставіць рэжыму Лукашэнкі плячо ў ягоным безразважным супрацьстаянні з Захадам выглядае хутчэй падбухторваннем, правакаваннем далейшай эскалацыі. Маўляў, не бойцеся, мы вас прыкрыем. Толькі вось ніякай канкрэтнай дапамогі ў гэтай "эканамічнай вайне" Лукашэнку не прапанавалі. Цікава, што амбасадар РФ таксама шматзначна заўважыў: сітуацыя можа пайсці як паводле аптымістычнага, так і паводле песімістычнага сцэнару. І можна толькі здагадвацца, што ж ён меў на ўвазе ў гэтым выпадку.

Палітыка Крамля ў дачыненні да Беларусі ў стратэгічным плане недальнабачная і ў многіх сэнсах ірацыянальная. Але ўсё ж некаторыя правільныя высновы з досведу свайго суіснавання з Лукашэнкам Масква зрабіла. Пуцін зразумеў, што Лукашэнку не варта пакідаць ніводнага шанцу на кампраміс з Захадам. А інакш Лукашэнка зноў паспрабуе пераканаць увесь свет у тым, што ён – адзіны "гарант незалежнасці" Беларусі, з апошніх сілаў нібыта стрымлівае расейскую экспансію. Звярнуўшыся ў жніўні 2020 года да Пуціна з просьбай дапамагчы яму здушыць мірныя пратэсты, Лукашэнка сам жа гэты міф і разбурыў. А цяпер робіць усё, каб падобны міф ніколі не быў рэанімаваны.

Калі з лета 2015 года да лета 2020 года Лукашэнка прадаваў на Захадзе сваю "іншасць" ад пуцінскай Расеі, то цяпер усяляк імкнецца дэманстраваць яднанне са "старэйшым братам". І ў Маскве з радасцю яму падгульваюць. Толькі вось гісторыя з пастаўкамі расейскай нафты на "Нафтан" дэманструе, што ніякага суцэльнага фронту супраць заходніх дэмакратый няма. Дапамагаць Лукашэнку ў ягонай вайне з Захадам Пуцін будзе толькі ў той ступені, у якой гэтая дапамога будзе спрыяць умацаванню расейскіх пазіцый у Беларусі. І чым вышэйшыя будуць страты рэжыму Лукашэнкі ў гэтым супрацьстаянні, тым больш у Расеі шанцаў пашырыць свой уплыў.

Характэрна, што Расея зусім не спяшаецца з падпісаннем інтэграцыйных дарожных мапаў. Чаму? Ды таму што кожны дзень знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе набліжае той момант, калі інтэграцыя будзе ажыццяўляцца толькі і выключна на ўмовах Крамля. Задумка Пуціна заключаецца ў тым, каб Лукашэнка капітуляваў перад ім не ў выніку расейскага ціску, а таму што іншага выйсця ў яго проста не застанецца. План, вядома, рызыкоўны, але цалкам рэалістычны.

Амбасадар Лук'янаў, кажучы пра санкцыі, заявіў: Масква будзе падтрымліваць Менск "да самых крытычных абставінаў". Што гэта за "крытычныя абставіны" – ён не ўдакладніў. Але можна не сумнявацца, што Крэмль пастараецца, каб гэтыя "крытычныя абставіны" абавязкова наступілі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».