29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы артыкул Пуціна ў нямецкай газеце

4
Новы артыкул Пуціна ў нямецкай газеце

Меркаванне ўкраінскіх журналістаў.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін напісаў артыкул, прысвечаны 80-й гадавіне нападу нацысцкай Нямеччыны на Савецкі Саюз. Сам тэкст быў названы вельмі кідка: «Быць адкрытымі, нягледзячы на мінулае».

Праўда, ён не мае нічога агульнага з ваеннымі і пасляваеннымі гадамі. Гэты артыкул, надрукаваны ў нямецкай газеце Die Zeit (якая імкнецца да кіроўнага звязу ХДЗ-ХСЗ), з'яўляецца, хутчэй, заклікам да немцаў забыцца пра ўкраінскае пытанне і як мага хутчэй заняцца рэальнай, выгоднай, палітыкай – напрыклад, запускам «Паўночнага струменю», піша ўкраінскі журналіст Аляксандр Дземчанка на сайце lb.ua.

Уладзімір Пуцін агітуе немцаў быць адкрытымі, нягледзячы на мінулае. Аднак мінулае, якое ён заклікае немцаў забыцца, не звязанае з нацызмам і барацьбой з ім. Тут якраз расейскі прэзідэнт разумее: немцы пакуль яшчэ занадта звязаныя палітыкай памяці і наўрад ці дазволяць сабе ў хуткім часе мяняць гісторыю. Ён таксама ўсведамляе, што думкавірусы, якія распаўсюджваюцца крамлёўскай прапагандай, даволі эфектыўныя, яны ў стане змацоўваць расейскае насельніцтва ў адзіным агрэсіўным парыве. Пуцін жадае, каб нямецкі народ забыўся пра іншае непрыемнае для яго мінулае, не такое далёкае, – пра вайну ва Украіне і акупацыю яе тэрыторый.

Расейскі прэзідэнт у сваім артыкуле зноў успомніў пра так званы дзяржаўны пераварот у Кіеве ў 2014 годзе, сказаў, што ўважае адрыў Украіны ад Расеі за трагедыю, што не было акупацыі Крыма, а быў толькі раскол Украіны, які прывёў да аддзялення паўвострава. Ён успомніў многія штампы крамлёўскай прапаганды. Тыя самыя думкавірусы, якія ён вось ужо восем гадоў як спрабуе ўкараніць у інфармацыйнай прасторы Еўропы. Аднак цяперашні артыкул Пуціна прымеркаваны не толькі нямецкаму і расейскаму абывацеля, ён прымеркаваны цяперашняй палітычнай эліце Нямеччыны. Кіраўнік РФ адпраўляе ёй іншы пасыл – прапанову заплаціць немцам за тое, каб тыя надалей забыліся пра Украіну.

«...Расея выступае за аднаўленне ўсёабдымнага партнёрства з Еўропай. У нас шмат тэмаў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Гэта бяспека і стратэгічная стабільнасць, ахова здароўя і адукацыя, лічбавізацыі, энэргетыка, культура, навука і тэхналогіі, развязанне кліматычных і экалагічных праблемаў», – заклікае расейскі прэзідэнт.

Можна сказаць, што гэты тэкст Пуціна – ода кіроўнай эліце Нямеччыны, асобна – сацыял-дэмакратам, якія змаглі ўвесці ў кааліцыйнае пагадненне ўраду ФРГ пункт з абавязальніцтвам дабудаваць газаправод «Паўночны струмень – 2». Таксама прыкметна і тое, што кіраўнік расейскай дзяржавы спрабуе пэўным чынам паўплываць на кансерватыўную частку нямецкага выбарніка, які падтрымлівае кіроўную эліту. Ён жа разумее, што толькі пры захаванні цяперашняга палітычнага ландшафту ў Нямеччыне расейскія эканамічныя і іншыя праекты ў Еўропе могуць быць паспяховыя.

«...Менавіта нямецкія прадпрымальнікі сталі ў пасляваенныя гады піянерамі кааперацыі з нашай краінай. У 1970 годзе паміж СССР і ФРГ была складзеная “ўгода веку” – пра доўгатэрміновыя пастаўкі прыроднага газу ў Еўропу, які заклаў падмурак канструктыўнай узаемазалежнасці, што стала пачаткам шматлікіх наступных грандыёзных праектаў, у тым ліку будаўніцтва газаправода “Паўночны струмень”», – піша кіраўнік РФ.

Натуральна, большая частка артыкула Пуціна была прысвечаная менавіта расейска-еўрапейскім стасункам. Гэта была контрагітацыя, накіраваная супраць ЗША. Прэзідэнт РФ выступіў за канструяванне бяспекі без Вашынгтона, заклікаў замарозіць прасоўванне NATO на Усход, пачаць інтэграцыю і кааперацыю ўнутры Еўропы.

Увогуле, ягоныя прамовы датычна далейшага пашырэння NATO на Усход – гэта не проста рэакцыя на словы Байдэна пра магчымую інтэграцыю Украіны ў альянс без Крыма і Данбаса. Гэта – просьба да эліты Нямеччыны гарантаваць, як і ў 2008 годзе, што Кіеў не зможа прасунуцца ў пытанні збліжэння, уступлення ў альянс.

Пуцін кажа пра дэградацыю сістэмы бяспекі, пра залішнюю напружанасць, згадвае пра рызыкі новай гонкі ўзбраенняў. Што ён прапануе – кааперацыю? Не, калі вы ўмееце чытаць артыкулы Пуціна паміж радкоў. Калі ён успамінае пра канцэпцыю Вялікай Еўропы – ад Лісабона да Уладзівастока, – то сапраўды памятае яе заснавальніка. Не, не генерала дэ Голя, а філосафа Макіндэра, які казаў, што Расея – еўрапейскі асяродак, яна павінна ўплываць на Еўропу і кіраваць яе геапалітычнымі працэсамі. А прадаўжальнік гэтай тэорыі, нямецкі геапалітыкі Хаўсхофер, пра існаванне якога Пуцін таксама выдатна ведае, увогуле меркаваў, што Савецкаму Саюзу, Нямеччыне і Японіі варта аб'яднацца для знішчэння англа-саксонскай цывілізацыі. Пры гэтым ён забываўся, што англасаксы – гэта германскія плямёны.

Калі прэзідэнт РФ заклікае нямецкую эліту да аб'яднання, ён відавочна ўспамінае «ўсходнюю палітыку Вілі Бранта» – курс, які выбраў канцлер ФРГ для нармалізацыі стасункаў Заходняй Нямеччыны з ГДР, Савецкім Саюзам і Польшчай. Гэта якраз і паслужыла фармаванню адзінай энэргетычнай прасторы Еўропы, калі былі пабудаваныя нафта- і газатранспартныя сістэмы, якія звязалі Заходнюю частку кантынента з савецкімі энэргарэсурсамі.

«Мы выпускаем вялізныя магчымасці, якія нам дае кааперацыя, тым больш яна такая важная цяпер, калі ўсе мы сутыкнуліся з агульнымі выклікамі – пандэміяй і яе цяжкімі сацыяльна-эканамічнымі наступствамі». Калі Пуцін прапануе супрацоўніцтва, ён мае на ўвазе не адзіную, а залежную ад Расеі Еўропу. Вось у гэтым рэальны сэнс ягонага цяперашняга артыкула.

Прыблізная прапанова, агучаная Нямеччыне Пуціным, выглядае так: мы можам аб'яднацца і забыцца пра рознагалоссі, толькі вы адмяжуйцеся ад ЗША і забудзьцеся пра Украіну, бо «мы проста не можам дазволіць сабе цягнуць за сабой цяжар мінулых непаразуменняў, крыўдаў, канфліктаў і памылак. Цяжар, які будзе замінаць нам засяродзіцца на развязанні актуальных праблемаў». І гэтая фраза сведчыць толькі пра адно: жэнеўскі саміт нічога не вызначыў, Пуцін і далей будзе выступаць супраць Амерыкі.

У адным з сваіх інтэрв'ю былы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расеі Уладзіслаў Суркоў сказаў, што галоўная мэта Расеі – зрабіць так, каб Украіна надакучыла Захаду. Як паказаў цяперашні артыкул Пуціна, ключавая мэта РФ – прымусіць Еўропу забыцца пра Украіну. Адсюль і прапанаваная расейскім лідарам канцэпцыя – рэальная палітыка, падмацаваная эканомікай і залежнае каапераванне супраць нематэрыяльных каштоўнасцяў.

Цяпер нельга канстатаваць, што Захад забыўся пра Украіну. Цяперашняя Еўропа ўсё ж, нягледзячы на эканамічныя сувязі, у пэўнай ступені пабойваецца далейшай агрэсіі РФ. Ёй выгодна абараняць Украіну дзеля забеспячэння сваёй жа бяспекі. Аднак гэта не азначае, што Расея спыніцца і пакіне спробы прыбраць «украінскае пытанне» з еўрапейскага парадку дня. І вось тут Кіеву трэба задумацца, якой павінна быць контрстратэгія.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках