20 красавiка 2024, Субота, 8:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Талібы захопліваюць мяжу з Таджыкістанам

7
Талібы захопліваюць мяжу з Таджыкістанам
Фота: Reuters

Баевікі ўзялі пад кантроль больш за 50 раёнаў Афганістана.

Рух «Талібан» пачаў наступ у Афганістане і ўзяў пад свой кантроль дзясяткі адміністрацыйных раёнаў пасля таго, як вывад войскаў з краіны пачалі ЗША і NATO, паведамляе finanz.ru.

У панядзелак, 21 чэрвеня, талібы здолелі захапіць раён Імам Сахіб у правінцыі Кундуз, які мяжуе з Таджыкістанам.

Урадавыя сілы, якія ўступілі з імі ў бой, у канчатковым выніку ўцяклі на таджыкскую тэрыторыю.

Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бяспекі Таджыкістана паведаміў, што афганцам дазволілі прайсці «кіруючыся прынцыпамі гуманізму і добрасуседства», а становішча на мяжы ацаніў як «напружанае».

Агульная колькасць параненых і забітых, паводле звестак камітэта, дасягнула 100 чалавек.

Раней пад кантроль «Талібана» перайшлі яшчэ 8 раёнаў вобласці Тахор, што таксама мяжуюць з Таджыкістанам.

У аўторак, 22 чэрвеня, узяты горад і порт Шэрхан – найважнейшы мытны і гандлёвы пераход, праз які ў Таджыкістан ідзе імпарт з Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, уключаючы Пакістан і Іран.

«На жаль, сёння раніцай пасля гадзіны баёў талібы захапілі порт Шэрхан і горад, а таксама ўсе кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Таджыкістанам», – паведаміў AFP прадстаўнік адміністрацыі правінцыі Кундуз Халідзін Хакмі.

Афганскі афіцэр на ўмовах ананімнасці расказаў агенцтву, што вайскоўцы ўрадавых сілаў былі вымушаныя пакінуць свае пасады, некаторыя ўцяклі ад баевікоў праз мяжу.

«Да раніцы яны (талібы – рэд.) былі ўсюды, іх сотні...» – сказаў ён.

Афіцыйны прадстаўнік «Талібана» Зібіхула Муджахіл пацвердзіў AFP узяцце 700-метровага моста праз раку Пянж – асноўнага памежнага пераходу паміж Таджыкістанам і Афганістанам.

«Нашы вайскоўцы цалкам кантралююць Шэрхан і ўсе памежныя пераходы з Таджыкістанам», – сказаў ён.

З пачатку наступальнай кампаніі ў траўні талібы ўзялі пад кантроль больш за 50 раёнаў Афганістана і могуць захапіць сталіцы шэрагу правінцый, паведаміла ў аўторак спецпрадстаўніца ААН у Афганістане Дэбора Лаенс.

Сам рух сцвярджае, што кантралюе 87 з 421 раёна краіны.

Лаенс заклікала сусветную супольнасць паўплываць на талібаў, каб яны шукалі развязання праблемаў на перамовах з афганскімі ўладамі, а не на полі бою.

Камандаванне ўрадавай арміі абяцае пачаць наступ у адказ, каб выбіць «Талібан» з занятых тэрыторый. «Хутка вы ўбачыце, як мы рухаемся наперад па краіне», – заявіў афіцыйны прадстаўнік Мінабароны генерал Ажмал Шынвары.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках