19 красавiка 2024, Пятніца, 6:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея ўвайшла ў топ-5 краін свету ў падзенні дабрабыту насельніцтва

8
Расея ўвайшла ў топ-5 краін свету ў падзенні дабрабыту насельніцтва

Горш справы ідуць толькі ў Бразіліі ды Індыі.

Задача ўвайсці ў «пяцёрку» найбуйнейшых эканомік свету, пастаўленая прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным тры гады таму, у 2020 годзе была выкананая з нечаканага боку.

Расея ўвайшла ў топ-5 сярод 50 найбуйнейшых сусветных эканомік у хуткасці падзення дабрабыту людзей, падлічылі аналітыкі банка Credit Suisse ў штогадовым Global Wealth Report, паведамляе finanz.ru.

На канец мінулага года на 111,8 млн дарослых расейцаў прыпадала 3,038 трлн даляраў дабрабыту - 0,73% ад сусветнага паказчыка на 418,34 трлн даляраў.

За год дабрабыт расейскіх хатніх гаспадарак скараціўся на 338 млрд даляраў у намінальным вылічэнні. У гэтым паказчыку РФ заняла трэцяе месца ў свеце, саступіўшы толькі Індыі (-594 млрд даляраў) і Бразіліі (-839 млрд даляраў).

У адноснай хуткасці падзення дабрабыту - на 9,9% за год - у Расеі чацвёртая пазіцыя сярод 50 буйных краін.

На першым месцы ў топ-5 Бразілія (-23%), якая перажыла дэвальвацыю рэала. Далей ідуць Аб'яднаныя Арабскія эміраты (-13,1%) і Чылі (-10,7%).

Агулам на кожнага дарослага жыхара Расеі прыпадае 27,162 тысячы даляраў дабрабыту, падлічылі ў Credit Suisse.

За год гэтая сума паменшылася на 9,6%, што вывела РФ у сусветны топ-5. Больш імклівае скарачэнне было зафіксаванае ў Савудаўскай Арабіі (-9,7%), Чылі (-11,7%), ААЭ (-13,8%) і Бразіліі (-24,1%).

Зрэшты, 27 тысяч даляраў на чалавека - гэта ўмоўная лічба. У рэальнасці ж пераважная большасць расейскіх грамадзян валодаюць актывамі на суму, у разы ніжэйшую, бо ўзровень няроўнасці ў РФ - адзін з самых высокіх у свеце.

З каэфіцыентам Джыні 87,8 Расея апярэджвае амаль усе краіны Лацінскай Амерыкі (акрамя Бразіліі - 88), большасць дзяржаў Афрыкі (акрамя ПАР - 88), саступаючы толькі асобным блізкаўсходнім петракратыям (ААЭ - 88,8, Бахрэйн - 88,9) і ўлюбёным афшорам мільярдэраў (Багамскія выспы - 91,2).

У паловы насельніцтва Расеі, на падлікі Credit Suisse, сумарны аб'ём актываў не перавышае суму 5431 даляр на чалавека.

Гэта медыянны ўзровень дабрабыту, які ў параўнанні з мінулым годам скараціўся на 691 даляр, 11,2% - на столькі збяднеў сярэднестатыстычны расеец за год пандэміі.

Па медыяннаму дабрабыту расейцы ў 14,5 разоў бяднейшыя за амерыканцаў (79274 даляра), у 19 разоў бяднейшыя за гішпанцаў (105 831 даляр), у 22,6 разы бяднейшыя за японцаў (122 980 даляраў).

Ад жыхароў Эстоніі (38 901 даляр) расейцы адстаюць у 7 разоў, Албаніі - у 2,8 разы, Сербіі - 2,7 разы.

Медыянны дабрабыт хатніх гаспадарак у Расеі прыкладна адпавядае ўзроўню Перу і Эквадора (5445 і 5444 даляра адпаведна), трохі адстае ад паказчыкаў Егіпта (6329 даляраў), але пры гэтым апярэджвае Габон (4685 даляраў) і Экватарыяльную Гвінею (4651 даляр).

У 72,8% насельніцтва Расеі сумарныя актывы на чалавека не перавышаюць 10 тысяч даляраў.

Для параўнання ў Нямеччыне такіх усяго 10,6%, у Гішпаніі - 16,7%, у ЗША - 26,3%, у Панаме - 45,3%, у Шры-Ланцы - 54,3%.

Па гэтай долі ўмоўна «небагатых» людзей Расея знаходзіцца прыкладна паміж Ямайкай (66,7%) і Нікарагуа (78,2%). Значна горшыя паказчыкі, напрыклад, у Руандзе (92,8%), М'янме (91,7%) і каралеўстве Лесота (97,8%).

Сярод дарослых жыхароў Расеі 3,78 мільёна валодаюць актывамі на суму, большую за 100 тысяч даляраў, а 252 тысячы з'яўляюцца даляравымі мільянерамі. Іх колькасць за год скарацілася на 65 тысяч чалавек, падлічылі ў Credit Suisse.

Больш за 5 млн даляраў маюць 22,1 тысячы расейцаў, больш за 10 млн даляраў - 15,18 тысячы, больш за 50 мільёнаў - 1,64 тысячы, больш за 100 млн - 1,12 тысячы.

Нарэшце, у топ паводле багацця ўваходзяць 199 чалавек - іх актывы перавышаюць 500 млн даляраў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках