19 красавiка 2024, Пятніца, 13:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрты: Cанкцыі зробяць падзенне ВУП Беларусі двухзначным

18
Экспэрты: Cанкцыі зробяць падзенне ВУП Беларусі двухзначным

Па луканоміцы будзе нанесены наймацнейшы ўдар.

Новыя санкцыі ЕЗ супраць Беларусі моцна адрозніваюцца ад ранейшых, упэўненыя апытаныя DW экспэрты. Яны чакаюць падзення ВУП краіны і папярэджваюць, што ўвядзенне сектаральных санкцый зробіць яго двухзначным.

«Санкцыі- гэта як камень, кінуты ў ваду. Упаў ён у адным месцы, але кругі пайшлі нашмат далей», - так уплыў чацвёртага пакета абмежаванняў, уведзеных радай Еўразвяза супраць Беларусі 21 чэрвеня, пракаментавала DW Ірына Юзвак, дырэктарка даследчай кампаніі InComeIn. Паводле яе разлікаў, наступствы санкцый будуць вельмі цяжкімі - сумарная шкода для беларускай эканомікі (з улікам санкцый ЗША ў дачыненні да нафтахімічнай прамысловасці) складзе 7-8% ВУП.

Нагадаем, што ў новы санкцыйны спіс трапілі 78 фізічных асоб, а таксама восем прадпрыемстваў і кампаній, сярод якіх МАЗ, БелАЗ і нафтатрэйдар «Новая нафтавая кампанія». «Гэтая пастанова была прынятая з прычыны эскалацыі сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і гвалтоўных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў», - адзначаецца ў прэс-рэлізе Рады ЕЗ. У чым асаблівасць новага пакета санкцый?

Чацвёрты пакет: «пачатак дывановых бамбаванняў»

Дырэктарка InComeIn Ірына Юзвак бачыць адрозненне новых санкцый ад усіх ранейшых перш за ўсё ў тым, што ўпершыню ЕЗ даў зразумець - ён гатовы ўзяць частку страт на сябе: «Паколькі пацерпіць, у тым ліку, і еўрапейскі бізнэс, які цесна супрацоўнічае з кампаніямі і асобамі, якія трапілі ў санкцыйны спіс». Акрамя таго, дадае Юзвак, чацвёрты пакет у большай ступені прыцэльны ўдар па асабістых фінансах блізкага да ўладаў бізнэсу, чым па сектарах беларускай эканомікі.

«Гэта не дывановыя бамбаванні. Але іх пачатак, новы новы этап эскалацыі. Санкцыйны спіс ЕЗ не супадае з амерыканскім, у якім і кампаніі, звязаныя з калійнымі ўгнаеннях і нафтапрадуктамі. Але гэта сігнал Брусэля Менску, што цяпер усё сур'ёзна - калі ласка, задумайцеся», - мяркуе Іван Цімафееў, праграмны дырэктар Расейскай рады ў міжнародных справах (РРМД).

Ён з самага пачатку санкцыйнай вайны Захаду і Расеі ўважліва адсочвае і аналізуе яе ход. Са слоў Цімафеева, раней ЕЗ пазбягаў увядзення рэстрыктыўных захадаў супраць буйных беларускіх прадпрыемстваў. Такая пазіцыя захоўвалася і падчас масавых пратэстаў у Беларусі ў другой палове 2020 года - ЕЗ тройчы ўвёў абмежаванні супраць фізічных асоб, звязаных з урадавымі структурамі Беларусі, што не меркавала сур'ёзную эканамічную шкоду для Менска.

На думку Цімафеева, усё, што было да 21 чэрвеня, - гэта санкцыі, каб выказаць сваю пазіцыю, прадэманстраваць нязгоду ЕЗ з дзеяннямі Аляксандра Лукашэнкі. Апошнія ж абмежавальныя захады «накіраваныя на прымус Лукашэнкі да пэўных палітычных саступак, гэта ўжо змена функцыяналу».

Што будзе з беларускім аўтапрамам?

Беларускае МЗС у адмысловай заяве запэўніла, што ўлады краіны зробяць «усё магчымае для абароны сваіх грамадзян і суб'ектаў гаспадарання». Санкцыі і рэстрыкцыі, падкрэсліваецца ў дакуменце, «не будуць мець жаданага іх заказчыкамі эфекту. Са свайго боку, Ірына Юзвак паведаміла, чаго цяпер варта чакаць і баяцца беларускаму аўтапраму. Нягледзячы на тое, што сёлета да 80% адсоткаў экспарту МАЗа і БелАЗа сышло ў Расею, асноўнай праблемай для гігантаў беларускай аўтаіндустрыі, якія трапілі пад санкцыі, стане атрыманне неабходных камплектуючых, папярэджвае Юзвак.

«За чатыры месяцы 2021 года на краіны ЕЗ прыпадае больш за 22% імпарту рухавікоў унутранага згарання, звыш 75% імпарту шасі і 36% - каробак перадач. Паўстане пытанне не столькі аб магчымасці экспарту кудысьці далей за Расею, а аб магчымасці самой вытворчасці», - паказвае дырэктарка InComeIn. І дадае, што сярод іншага цяпер пад ударам можа апынуцца кантракт БелАЗа на пастаўку ў Індыю блізу ста машын. Агульныя страты ад санкцый беларускага аўтапрама Юзвак, з улікам магчымага разрыву Індыйскага кантракту, ацэньвае на 500 мільёнаў даляраў да канца года.

А вось патрапілая ў санкцыйны спіс «Новая нафтавая кампанія» не адыгрывае якой-небудзь сур'ёзнай ролі ў беларускай нафтавай галіне, заявіла DW менская экспэртка ў галіне энэргетыкі Таццяна Манёнак. З яе слоў, меркавалася, што створаная ў кастрычніку 2020 года фірма-нафтатрэйдар складзе пэўную канкурэнцыю лідару - «Беларускай нафтавай кампаніі».

Ключавы рынак для «новай нафтавай кампаніі» - Украіна, куды пастаўляецца бітум і дызпаліва. А ў Еўропе ў кампаніі, тры чвэрці акцый якой належаць беларускаму бізнэсоўцу Мікалаю Вераб'ю, былі толькі разавыя ўгоды. «Магчыма, ён, нягледзячы на санкцыі ЗША, ужо знайшоў формы працы на ўкраінскім рынку», - выказала здагадку Манёнак. На яе думку, агулам новыя еўрапейскія санкцыі мінімальна паўплываюць на беларускую нафтаперапрацоўку і экспарт нафтапрадуктаў.

Што будзе пасля ўвядзення сектаральных санкцый?

Найгоршы сцэнар для Менска - ужо згаданыя сектаральныя санкцыі ў дачыненні да асноўных экспартных галін эканомікі, якія могуць прыняць ужо 24-25 чэрвеня. Відавочна, што калі беларуская эканоміка будзе несці страты, Менск, кажа Іван Цімафееў з РСМД, звернецца па дапамогу да Масквы.

Але і расейская дапамога, нават калі яна і будзе ў нейкай форме нададзеная, відавочна не закрые ўсіх пытанняў. Пры ўдзеле кампаній з Расеі, згаджаецца Ірына Юзвак, можна стварыць ланцужкі паставак неабходных імпартных камплектуючых для таго ж аўтапрама, але толькі ў тым выпадку, калі не будзе жорсткага захавання санкцый з боку Захаду. Пры тым, што кожнае дадатковае звяно - гэта рост сабекошту і падзенне канкурэнтаздольнасці. Расейскае аўтамабільнае лобі, імаверна, у гэтай сітуацыі атрымае кантроль за вытворчым асартыментам і палітыкай беларускіх прадпрыемстваў, мяркуе Юзвак.

У выпадку ж увядзення сектаральных санкцый, якія закранаюць калійную галіну і нафтапрадукты цалкам, страты Беларусі, адзначае дырэктарка InComeIn, могуць дасягнуць і 14% ВУП: «Гэта будзе наймацнейшы ўдар для эканомікі».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках