19 красавiка 2024, Пятніца, 23:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сістэма можа зжэрці сама сябе»

18
«Сістэма можа зжэрці сама сябе»

У ЦЫТ Менгарвыканкама праходзяць маштабныя звальненні.

Як стала вядома belsat.eu, у траўні ў цэнтры інфармацыйных тэхналогій Менгарвыканкама пачаліся палітычна матываваныя кадравыя чысткі. Працы пазбавіліся тыя, хто летась паставіў подпіс за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты. Гэтую інфармацыю нам пацвердзілі адразу некалькі крыніц на прадпрыемстве.

Belsat.eu неаднаразова звяртаўся да тэмы кадравых чыстак у дзяржаўных установах і арганізацыях па ўсёй краіне. У траўні маштабныя звальненні пачаліся ў цэнтры інфармацыйных тэхналогій (ЦІТ) Менгарвыканкама, які адказвае за IT-забеспячэнне дзяржсектара ў Менску (абслугоўвае патрэбы Менгарвыканкама, раённых адміністрацый, арганізацый ЖКГ і буйных прадпрыемстваў).

«У нас на прадпрыемстве адбываюцца рэпрэсіі. Дырэктару прыйшоў спіс на трох лістах А4 з прозвішчамі тых, хто падпісаўся за Бабарыку. У траўні звольнілі першую партыю - да 10 чалавек. Звальняюць збольшага інжынерна-тэхнічных работнікаў: начальнікаў управаў, намеснікаў начальнікаў аддзелаў, вядучых інжынераў. Думаю, я таксама ў гэтым спісе», - распавёў на ананімных умовах адзін з работнікаў ЦІТ.

Са слоў суразмоўцы журналістаў, першую партыю іншадумцаў прыбралі з прадпрыемства цягам трох дзён. Людзей прымушалі пісаць заяву аб звальненні на пагадненне бакоў.

Сярод звольненых апынуўся таксама начальнік адной з управаў ЦІТ (журналісты ведаюць імя гэтага чалавека, але з меркаванняў бяспекі не агучваюць), які некалькі месяцаў таму браў удзел у зборы подпісаў пад лістом супраць заходніх санкцый. У пачатку вясны кіраўніку ўправы пагражалі звальненнем, калі падначаленыя не паставяць подпіс пад праўладным зваротам. Як тлумачыць яшчэ адна крыніца выдання на прадпрыемстве, работнікі вельмі паважалі свайго начальніка і не хацелі дапусціць ягонага звальнення. «Наверсе яму фактычна сказалі: калі вы на сваіх паўплываць не можаце, то навошта нам такі начальнік? Людзі, вядома, усе былі за яго, таму большасць падпісала гэты ліст, каб начальніка не звольнілі». Аднак гэта не дапамагло: у траўні кіраўнік управы ўсё адно страціў працу.

«Што тычыцца нашай управы, то яе ў значнай ступені абяскровілі»

Адзін са звольненых работнікаў ЦІТ Менгарвыканкама – Сяргей (імя змененае з меркаванняў бяспекі) – пагадзіўся падрабязна распавесці сваю гісторыю. Ён кажа, што да 2021 года ніякіх прэтэнзій да яго ў сувязі з палітыкай не было: Сяргей ніколі не ўдзельнічаў у пратэстах, яго ні разу не затрымлівалі.

«Як я ставіўся да таго, што адбывалася ў краіне? Вядома, я быў у шоку. Збіццё, катаванні, забойствы - гэта ненармальна. Цяжка было паверыць, што гэта рэальнасць. Але я не выходзіў на акцыі пратэсту ні разу - з прычыны сваёй пасады і месца, дзе я працую. Хадзіў толькі на дваровыя сходы, калі спявалі песні, размаўлялі».

У лютым 2021 года ў Цэнтр інфармацыйных тэхналогій прыйшоў ліст дзяржаўных прафсаюзаў супраць санкцый. Спачатку кіраўніца прафсаюзнага камітэта размясціла гэты ліст проста на ўнутраным партале прадпрыемства, маўляў, хто хоча, можа падысці і падпісацца.

«Але цягам некалькіх дзён паведамленне набрала толькі тры падабайкі. Я не ведаю, колькі ўсяго падпісалася, але гэта быў мінімум - думаю, адзінкі. Хоць на прадпрыемстве працуе да тысячы чалавек», - кажа ён.

У сакавіку да работнікаў ЦІТ з нагоды прафсаюзнага ліста звярнулася ўжо кіраўніцтва прадпрыемства. «Сказалі, што падпісаць гэты ліст трэба ў добраахвотна-прымусовым парадку. Бо будзе штосьці нядобрае, – распавядае Сяргей. - За іншых не скажу, але прынамсі ў нашым аддзеле ўсе адмовіліся».

Праз некаторы час Сяргея выклікалі на размову да кіраўніцтва, яго зноў пераконвалі падпісаць зварот.

«Я спрабаваў аргументаваць сваю пазіцыю. Я - чалавек апалітычны. Чаму я павінен выказвацца ў пытанні, якое не знаходзіцца ў маёй кампетэнцыі? Калі гаворка ідзе пра санкцыі, то варта ж разбірацца. А можа, гэтыя санкцыі - за справу? Немагчыма, каб проста купка людзей вызначыла ўвесці санкцыі невядома за што. А калі санкцыі за справу, то як я магу падпісаць гэты ліст? Вось у такім рэчышчы ішла размова», – распавядае ён. Тады ж увечары Сяргея прыбралі з цэнтральнага офіса.

«Гледзячы на гэтую сітуацыю, некаторыя людзі чакалі заканчэння кантракту і самі звальняліся», - кажа ён.

Кантракт у Сяргея быў да восені. Ён разумеў, што працаваць яму ўжо не дадуць, і рыхтаваўся да звальнення. «Думаў падрыхтавацца да пераходу на іншую працу. У мяне цэлы план быў. Але атрымалася па-іншаму. У траўні мяне папярэдзілі, што ў мяне і яшчэ некалькіх супрацоўнікаў застаўся тыдзень. Пытанне было пастаўленае ва ўльтыматыўнай форме: або мы самі сыходзім, або прыбіраюць кіраўніцтва ЦІТ. А на іх месца паставяць іншых, якія ўсё адно нас прыбяруць. Гэта значыць, у найлепшым выпадку мы можам выйграць нейкі тыдзень»

У выніку Сяргей напісаў заяву аб звальненні на пагадненне бакоў.

Усяго ў траўні пад палітычна матываваныя кадравыя чысткі ў ЦІТ Менгарвыканкама трапілі тыя, хто падчас выбарчай кампаніі 2020 года паставіў подпіс за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты. Сяргей кажа, што не ведае, колькі ўсяго супрацоўнікаў ЦІТ пазбавіліся працы, але, магчыма, гаворка ідзе пра дзясяткі чалавек.

«Што тычыцца нашай управы, то яе абезгаловілі і ў значнай ступені абяскровілі. Мы страцілі людзей, якія адказвалі за важныя накірункі дзейнасці. Усіх пад нож - ні на што не глядзелі», - адзначае ён.

Суразмоўца выдання падкрэслівае: ягонае раптоўнае звальненне было не проста незаконным, але і стварала пагрозу для нармальнага функцыянавання інфармацыйных сістэм, бо для таго, каб перадаць усе правы іншаму чалавеку, патрэбны час.

«Калі паступова рэпрэсаваць усіх гэтых людзей, то сістэма будзе пажыраць сама сабе»

Сяргей мяркуе, што калі экстрапаляваць сітуацыю ў ЦІТ на ўсю краіну, то можна прыйсці да высновы: чысткі іншадумцаў могуць прывесці да катастрафічных наступстваў.

«Спісы з подпісамі са штаба Бабарыкі захапілі, аблічбавалі і пачалі з імі працаваць яшчэ з 2020 года. Гэта да нас толькі цяпер дабраліся. Чаму толькі цяпер? Бо там таксама рэсурсы не безгранічныя.

Але толькі ўявіце сабе. За Бабарыку падпісалася больш за 400 тысяч чалавек. Калі пройдуць па ўсім – гэта ж будзе катастрофа! Людзі ж, якія падпісваліся за Бабарыку, - гэта ў асноўным адукаваныя, разумныя грамадзяне. Многія з іх займаюць кіроўныя пасады.

Калі паступова рэпрэсаваць усіх гэтых людзей (а я ўпэўнены, што далёка не да ўсіх яшчэ дабраліся), то сістэма зжарэ сама сябе. Замяніць усіх гэтых людзей будзе складана. Гэта будзе катастрофа дзяржаўных маштабаў», - мяркуе суразмоўца выдання.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках