25 лiпеня 2021, Нядзеля, 23:05
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША вітаюць увядзенне сектаральных санкцый ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі

8
ЗША вітаюць увядзенне сектаральных санкцый ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі
ФОТА: REUTERS

ЗША будуць назіраць за развіццём сітуацыі ў Беларусі.

Злучаныя Штаты Амерыкі вітаюць увядзенне новых сектаральных санкцый Еўразвязу супраць афіцыйнага Менска і будуць назіраць за развіццём сітуацыі ў Беларусі ў найбліжэйшыя тыдні, заявіла намесніца памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Кара Макдональд 24 чэрвеня на анлайн-форуме «Новая Беларусь супраць катаванняў», арганізаваным беларускай дыяспарай.

«ЗША, як і многія краіны ва ўсім свеце, былі глыбока натхнёныя мірным пратэстам беларусаў за магчымасць прагаласаваць на свабодных і сумленных выбарах, - адзначыла дыпламатка. - Але рэжым Лукашэнкі на мірнае жаданне дэмакратычных перамен адказаў рэпрэсіямі і гвалтам», паведамляе БелаПАН.

Макдональд нагадала, што ЗША з'яўляюцца адным з 17 удзельнікаў Маскоўскага механізму АБСЕ, у рамках якога незалежныя экспэрты збіраюць інфармацыю аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. «Урад ЗША атрымаў шмат задакументаванай інфармацыі аб катаваннях і злоўжываннях, - удакладніла яна. - Катаванні ва ўсіх іх формах - гэта ніжэй за чалавечуюгоднасць».

Як паведамлялася, Рада Еўразвязу 24 чэрвеня зацвердзіла сектаральныя эканамічныя санкцыі супраць беларускіх уладаў. Гэта стала адказам ЕЗ на няспынныя парушэнні правоў чалавека ў краіне, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў, а таксама на вымушаную пасадку самалёта Ryanair і затрыманне журналіста Рамана Пратасевіч і яго спадарожніцы Сафіі Сапегі, што знаходзіліся на яго борце.

Новыя санкцыі ўключаюць забарону на прамы або ўскосны продаж, пастаўку, перадачу або экспарт любой асобе ў Беларусі абсталявання, тэхналогій або праграмнага забеспячэння, прызначаных для выкарыстання ў маніторынгу або перахопе інтэрнэту і тэлефоннай сувязі. Забаронена перадача тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння для выкарыстання ў вайсковых мэтах.

Санкцыі абмяжоўваюць гандаль нафтапрадуктамі, калійнымі ўгнаеннямі і таварамі, што выкарыстоўваюцца для вытворчасці тытунёвых вырабаў. Абмяжоўваецца доступ на рынку капіталу ЕЗ, забараняецца страхаванне і перастрахаванне ўрада Беларусі і беларускіх дзяржаўных органаў і ўстаноў. Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сектары, а дзяржавы - сябры ЕЗ абавязаны абмежаваць удзел у Беларусі шматбаковых банкаў развіцця, сябрамі якіх з'яўляюцца.

Раней, 21 чэрвеня, быў ухвалены чацвёрты пакет санкцый у дачыненні да Беларусі. У спісе 78 фізічных і восем юрыдычных асоб. У той жа дзень новыя санкцыі ўвялі ЗША ў дачыненні да яшчэ пяці беларускіх юрыдычных і 16 фізічных асоб. Сярод юрыдычных асоб, супраць якіх уведзеныя абмежаванні, пазначаны цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Менгарвыканкама, УУС Берасцейскага аблвыканкама, унутраныя войскі МУС, галоўнае ўпраўленне ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС, Камітэт дзяржбяспекі.

Новыя санкцыі ўвялі таксама Канада і Вялікабрытанія.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».