25 красавiка 2024, Чацвер, 9:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працоўны, выключай рубільнік!

26
Працоўны, выключай рубільнік!

Ёсць спосаб памяняць усё ў корані.

Праз месяц спаўняецца роўна год з таго моманту, калі беларусы паказалі ўсяму свету (а ў першую чаргу – самім сабе), якая мы моцная і свабодная нацыя. Мы пераканаліся, што нас насамрэч 97%. А як паказала 3 ліпеня, можа, нават і больш. Давайце шчыра прызнаемся сабе, чаго нам не хапіла летась? У якім моманце вораг паказаў сваю слабасць і завагаўся? Для мяне адказ просты і яго лёгка візуалізаваць: перапалоханы да смерці Таракан на Менскім заводзе колавых цягачоў. Упэўнены, што ўзурпатар не раз чуў галасы сталічных працоўных у сваіх кашмарных снах.

Я ніколі не забудуся, як шмат у жнівеньскія дні выходзіла на пратэст нас, працаўнікоў «Гродна Азота». Успамінаю, як падчас забастоўкі ад крыку «Жыве Беларусь!» хадзілі ходырам вокны блізкіх будынкаў. Гэта былі самыя шчаслівыя моманты майго жыцця. Менавіта страйк мог прывесці нас да перамогі летась, менавіта страйк прывядзе нас да перамогі ў самым блізкім часе. Працоўны пратэст ужо дзейнічае.

Не верыце? Літаральна пару месяцаў таму супрацоўнікі Менскага малаказавода напісалі ўсім заводам заявы на звальненне. Трохадсоткавыя імгненна заварушыліся сваімі лапкамі і пайшлі да супрацоўнікаў на паклон.

А вось і свежы прыклад – Беларускі металургічны завод. Кіраўніцтва жлобінскага прадпрыемства хацела па-пацучынаму, цішком «вышчаміць» непажаданага супрацоўніка. Працаўнікі ўправы аўтаматызацыі напісалі зварот і сталі збіраць подпісы. 150 смелых «металістаў» заступіліся за свайго калегу. Як толькі запахла прыпыненнем доменнай печы – прызначэнцы падаліся назад. Нават прывід працоўнага пратэсту выклікае паніку ў прыкарытнікаў.

А цяпер давайце возьмем на ўзбраенне досвед калег з Менска і Жлобіна. Недастаткова плацяць? Бастуем! Парушаныя ўмовы працы, нават калі мінімальна? Ніхто не працуе! Кіраўнік абразіў калегу? Усе згуртавана патрабуюць адстаўкі кіраўніцтва. Гэта метад быць пачутымі, гэта спосаб памяняць усё ў корані.

Думаю, што сёння не засталося ілюзій наконт «цёплых месцейкаў» на беларускіх заводах. Беларуская прамысловасць ідзе пад адхон. І гэта ў корані мяняе справу. Бо калі летась хтосьці з працоўнага брацтва думаў «прапятляць», захаваць «сініцу ў кішэні» у выглядзе $ 200 даляраў заробку, то сёння абсалютна ясна, што рэжым збіраецца перавесці нас на падножны корм. Пра гэта ўжо гаворыцца адкрытым тэкстам.

Дзейнічаць трэба ўжо цяпер. Яшчэ некалькі месяцаў кіравання вар'яцкага дзеда – і краіну чакае сапраўдны эканамічны калапс. Дастаткова два тыдні (а, можа, менш) правесці ўсім разам за сценамі завода, каб пачуць, як адлятае з Драздоў «Боінг». Нам доўгі час апавядалі, што «трэба працаваць на карысць радзімы», але ўсё змянілася – нам трэба спыніць станкі, каб выратаваць нашу краіну.

Працоўны, выключай рубільнік! Зробім апошні крок на шляху да вольнай Беларусі і будзем запасацца шампанскім, бо яно хутка скончыцца ў крамах. А ідэолагам і тараканавым служкам раю назапасіцца валідолам. Глядзець на пустыя цэхі з заводскіх кабінетаў – «турботная справа», як казаў вядомы беларускі герой.

Арцём Чэрнікаў, актывіст працоўнага руху, адмыслова для «Баста!»

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках