23 красавiка 2024, aўторак, 11:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Голас Амерыкі»: Расея занепакоена сочыць за вывадам амерыканскіх сілаў з Афганістана

2
«Голас Амерыкі»: Расея занепакоена сочыць за вывадам амерыканскіх сілаў з Афганістана

Масква хоча ўнікнуць сцэнара, пры якім сілы NATO будуць перадыслакаваныя ў Цэнтральную Азію.

Вывад амерыканскіх войскаў з Афганістана з'яўляецца крыніцай турботы для Масквы, якая асцерагаецца, што эскалацыя баявых дзеянняў можа прывесці да наплыву бежанцаў у краіны Цэнтральнай Азіі, стварыць пагрозу джыхадызму і нават справакаваць грамадзянскую вайну ў адной з былых савецкіх рэспублік, паведамляе «Голос Америки».

Такі пункт гледжання выказалі былы расейскі дыпламат і два аналітыкі.

Міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў ясна даў зразумець, што Расея яшчэ не забылася сваю ваенную кампанію ў Афганістане 1979–1989 гадоў і наўрад ці пойдзе на ваеннае ўмяшальніцтва ў краіне.

Аднак у выпадку наплыву бежанцаў у Таджыкістан, дзе з 1992 да 1997 года вялася грамадзянская вайна з удзелам ісламісцкіх сілаў, туды могуць пракрасціся і джыхадысты, адзначаюць тры эксперты.

«Рызыка ў тым, што джыхадысцкія сілы могуць выкарыстоўваць існыя сацыяльныя супярэчнасці і патрабаванні справядлівасці, каб распаліць грамадзянскую вайну», – кажа Уладзімір Фралоў, раней высокапастаўлены расейскі дыпламат.

Найбуйнейшая замежная ваенная база Расеі размешчаная ў Таджыкістане недалёка ад афганскай мяжы. Там размешчаныя блізу 6 000 салдатаў, танкі, бронетранспарцёры, беспілотнікі і гелікоптары.

У Масквы таксама ёсць авіябаза ў суседнім Кыргызстане.

«Іншая пагроза – у Туркменістане, які ў сутнасці не з'яўляецца паўнавартаснай дзяржавай і не мае поўнага кантролю над сваімі межамі з Афганістанам. Тут сітуацыя цалкам непрадказальная», – мяркуе Фралоў.

«Я не думаю, што яны разглядаюць магчымасць прамога ваеннага ўмяшання ў Афганістане. Гэта занадта балючае пытанне для шмат каго з расейцаў», – сказаў кіраўнік Расейскай рады ў міжнародных справах Андрэй Картуноў.

Паводле ягоных словаў, мэта Масквы – не дапусціць, каб Афганістан стаў платформай для міжнароднага тэрарызму.

Усе тры крыніцы заявілі, што часткай плана Расеі з'яўляецца праца з Талібанам, які яна фармальна ўважае за тэрарыстычную групоўку, але не раз прымала ў Маскве для правядзення мірных перамоваў.

Дэлегацыя талібаў, якая наведала Маскву ў чацвер, заявіла, што яны не будуць атакаваць мяжу з Таджыкістанам і не дазволяць выкарыстаць Афганістан для нападаў на Расею, паведамляе агенцтва ТАСС.

«Масква робіць стаўку на тое, што Талібан – гэта ў значнай ступені мясцовая племянная сіла, якая не мае цікавасці або імкнення распаўсюджваць сваю ўладу і кантроль за межы Афганістана, – кажа Фралоў. – Спадзяванне ідзе на тое, што адмова ад вайны з Талібанам – нават з гледзішча прапаганды – акупіцца».

Масква хоча ўнікнуць сцэнара, пры якім сілы NATO будуць перадыслакаваныя з Афганістана ў Цэнтральную Азію.

«Гэты працэс [вываду войскаў]... не можа і не павінен ператварыцца ў перадыслакацыю аб'ектаў ваеннай інфраструктуры ЗША і NATO ў суседнія з ІРА краіны, асабліва ў Цэнтральную Азію», – заявіў на мінулым тыдні спецпрадстаўнік Расеі датычна Афганістана Замір Кабул.

Прыхільнікі жорсткай лініі ў Расеі даўно хацелі, каб Захад сышоў з Афганістана.

Аднак расейскі аналітык Аркадзь Дубноў адзначае, што гэта можа абярнуцца непрыемнымі наступствамі.

«Масква і Вашынгтон заўсёды гулялі ў перацягванне канату ў Афганістане: што дрэнна для Штатаў, добра для Расеі, і наадварот, – нагадвае ён. – Цяпер у вайне наступіў новы этап, і тое, што добра для Амерыкі, якая нарэшце выводзіць свае сілы, дрэнна для Расеі».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках