19 красавiка 2024, Пятніца, 1:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму «Пагоня» пераможа: пяць фактаў пра герб Беларусі

12
Чаму «Пагоня» пераможа: пяць фактаў пра герб Беларусі

Па-першае, гэта прыгожа.

Артыкул «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг vs афіцыйная сімволіка» апублікаваны на сайце журналіста Вячаслава Радзівонава. Прыводзім яго цалкам:

- Беларускія ідэолагі б'юцца над праблемай: як прывучыць моладзь паважаць афіцыйную сімволіку і падолець ідэалагічных апанентаў - тых, хто выкарыстоўвае герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг.

Але нічога ў «чыноўнікаў і кіраўнікоў» не атрымаецца: актыўная частка грамадства даўно вызначылася з сімволікай. «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг па ўсіх паказчыках лепшыя за чырвона-зялёнае палатно і герба з кветачкамі.

Стыль

Ну, па-першае, гэта прыгожа! Герб «Пагоня» густоўны, лёгкі і зразумелы. Сучасная версія герба, створаная групай мастакоў на чале з Уладзімірам Крукоўскім, лёгка запамінаецца і згадваецца. «У гербе няма нічога лішняга, нават дзіця можа намаляваць. Мы ж і імкнуліся да гэтага, каб ён быў па сваёй графіцы даступны ўсім!», - тлумачыць адзін з аўтараў эскізу. Гэта ж тычыцца бел-чырвона-белага сцяга: ён вельмі просты і стыльны. Акрамя таго, ён функцыянальны: яго не павесіш ўверх нагамі, як часта бывае з цяперашнім сцягам. Ды і наогул, ці можна назваць афіцыйныя сімвалы прыгожымі? Чырвоны і зялёны дрэнна спалучаюцца, а гэты кантраст дапаўняе невыразны арнамент. А памятаеце вы, колькі каласоў на гербе і з якога боку якія кветкі намаляваныя? 1:0 на карысць «Пагоні»!

Гісторыя

Сімвал «Пагоня» існуе больш за тысячу гадоў. Упершыню афіцыйна ён згадваецца ў 1278 годзе, як сімвал князя Нарымонта, а з канца XIV стагоддзя вершнік адлюстроўваўся на пячатках Ягайлы і Вітаўта. Сама ж назва «Пагоня» замацавалася за гербам у XVI стагоддзі. Увогуле, гісторыя даўняя і багатая. Бел-чырвона-белы сцяг - лагічны працяг герба, сфармаваны праз інверсію колераў герба. Акрамя таго, варыянт белага сцяга з чырвоным крыжам Святога Георгія выкарыстоўваўся яшчэ 500 гадоў таму. А што ж чырвона-зялёнае палотнішча? Яно было прыхапкам прыдуманае ў 1951 годзе. Герб з'явіўся крыху раней, як варыяцыя сімвала РСФСР, і першапачаткова ад яго адрозніваўся толькі надпісам БССР. Увогуле, 2:0.

Канфлікты

Улюбёным довадам апанентам бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» з'яўляецца той факт, што яны выкарыстоўваліся ў перыяд нямецкай акупацыі як адметныя знакі калабарацыяністаў. Сапраўды гэтак жа выкарыстоўваўся расейскі трыкалор рознымі ўзброенымі фармаваннямі, якія ваявалі на баку Трэцяга рэйха на тэрыторыі Расеі. Чаго ж там ветэраны не абураюцца? Нацыянальныя сцягі большасці акупаваных нямецкімі войскамі краін Еўропы выкарыстоўваліся нацысцкімі ўладамі пры стварэнні сімвалаў калабарацыйных фармаванняў, што толькі пацвярджае факт таго, што менавіта «Пагоня» ўважалася нацыянальным сімвалам у Беларусі. 3:0.

Сэнс

Каб патлумачыць значэнне чырвона-зялёнага сцяга давялося ў 1996 годзе нават асобны конкурс праводзіць. У выніку чаго толькі туды не напхалі: і пра «панавальнае становішча чырвонага колеру ў СССР» напісалі, і «племя дрыгавічоў» успомнілі, і «вясновае абуджэнне прыроды пасля зімы» прыплялі. А які яшчэ можа быць сэнс у нашчадка малюнка з лозунгам «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся»? З «Пагоняй» усё проста: узброены вершнік - сімвал абароны краіны ад ворагаў. У сцяга ж ёсць прыгожая легенда пра параненага князя і скрываўленую павязку, якая стала сцягам у бітве з ворагам. 4:0!

Геральдыка

Шчыт - асноўны элемент любога герба. На большасці гербаў краін Еўропы, уключаючы ўсе суседнія краіны, шчыт прысутнічае на малюнку. Але, вядома, ёсць адваротныя прыклады: Беларусь і, напрыклад, Македонія. Афіцыйныя сімвалы гэтых краін заснаваны на гербе СССР, які не адпавядае правілам класічнай геральдыкі. Але нават македонцы дадумаліся прыбраць чырвоную пяціканцовую зорку як сімвал камунізму, а ў нас яна вісіць і далей. Паглядзіце на сцягі Еўропы: практычна ўсе аформленыя ў адным стылі, як і бел-чырвона-белы сцяг. Чарговы плюс у скарбонку нашых нацыянальных сімвалаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках