29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Расея і Кітай могуць выкарыстаць вельмі жорсткія меры супраць Лукашэнкі

14
Эканаміст: Расея і Кітай могуць выкарыстаць вельмі жорсткія меры супраць Лукашэнкі

Рэакцыя не прымусіць сябе чакаць.

Надоечы Лукашэнка заявіў, што пастаўкі і транзіт прадукцыі з Нямеччыны трэба перакрыць. Сайт Charter97.org папрасіў вядомага эканаміста Льва Марголіна пракаментаваць гэтую заяву.

- Да якіх наступстваў гэта можа прывесці? Якімі могуць быць страты для эканомікі Беларусі?

- Кожны транзіт аплачваецца грашыма, таму перакрыццё транзіту прывядзе да страты паступленняў у беларускі бюджэт, перш за ўсё валютных паступленняў: грошы ад праезду па платных дарогах, запраўка палівам, прыдарожны сэрвіс, які таксама выкарыстоўваюць кіроўцы транспартных сродкаў. Зазнаюць і расейскія фуры, і беларускія, і польскія, і нямецкія, і гэтак далей.

Калі не будзе транзіту праз Беларусь, то значна зазнаюць беларускія перавозчыкі, якія будуць у нейкай ступені выключаныя з гэтага працэсу. Магчыма, ім трэба будзе перабірацца кудысьці, напрыклад, у Расею ці куды яшчэ. Што тычыцца чыгуначнага транспарту, то я не ведаю, наколькі ён моцна выкарыстоўваецца вось у такіх транзітных перавозках, але за гэта таксама плацяць, а значыць, што гэта страты для беларускага бюджэту.

- З-за перакрыцця транзіту беларусы могуць застацца без унікальных лекаў, якія не маюць альтэрнатыў. Як вы гэта пракаментуеце?

- Гэта ўжо гаворка ідзе не пра транзіт, а пра канкрэтную забарону на імпарт гэтай прадукцыі, бо гэта не тое, што яе вязуць транзітам з Нямеччыны ў Расею і па дарозе частку пакідаюць тут. Не, гэта мэтанакіраваны завоз. Калі будзе забарона на імпарт такіх лекавых сродкаў, то зазнаюць тыя людзі, якія хворыя на нейкія цяжкія і рэдкія захворваннямі. Часцей за ўсё яны вымушаныя карыстацца толькі імпартнымі лекамі, замены якім у нашай краіне няма. Я не думаю, што гэта адбудзецца, але нават калі будзе падобная забарона, то нейкі выхад будзе знойдзены. Давядзецца людзям ездзіць, напрыклад, у Расею і купляць лекі там, бо яны не змогуць без гэтага абысціся.

- Забарона нямецкага транзіту парушыць лагістыку для Кітая і Расеі, а таксама для менш буйных краін. Якой можа быць рэакцыя іх кіраўніцтва?

- Я думаю, што ў гэтым выпадку рэакцыя можа быць дастаткова жорсткай, прычым калі Кітай, як той казаў, можа прыняць толькі нейкія фінансавыя санкцыі, абмежаваць магчымыя крэдыты або інвестыцыі, то Расея можа прымяніць і больш жорсткія меры. Я схільны думаць, што вось гэтая размова пра транзіт больш фігура прамовы, чым рэальны намер Лукашэнка.

- ЕЗ ужо ўвёў сектаральныя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі. На вашу думку, наколькі сур'ёзны ўдар па эканоміцы наносіць чацвёрты пакет у параўнанні з астатнімі?

- Трэба сказаць, што гэта першы выпадак, калі вось такія сектаральныя санкцыі ўводзяць супраць еўрапейскай краіны. Дагэтуль такой практыкі не было. Вядома, існуюць пэўныя лабісты, яны дамагліся таго, што санкцыі мякчэйшыя, чым маглі быць. Некаторыя пазіцыі ў сектарах былі часткова выключаны з санкцыйнага спісу, перш за ўсё гэта датычыцца часткі калійных угнаенняў.

Усё адно гэта вельмі сур'ёзны ўдар, не толькі таму, што пацерпяць нейкія канкрэтныя сектары. Гэта наносіць удар больш шырокі. Цяпер ужо з'явілася інфармацыя аб тым, што многія нямецкія банкі не прымаюць аплаты на адрас беларускіх прадпрыемстваў, проста, таму што ім неахвота займаць даследаваннем, ці ўваходзяць прадпрыемствы ў санкцыйных спіс ці не. Ім прасцей забараніць пералічэнне і вярнуць грошы назад. Санкцыі - гэта сур'ёзна, яны могуць не адчувацца так адразу, але я думаю, што ў будучыні яны будуць сур'ёзна ўплываць на эканоміку Беларусі.

- Да якіх наступстваў гэтыя санкцыі могуць прывезці?

- Усе тыя, хто сёння абараняе існы рэжым, таксама залежаць ад эканамічнай сітуацыі, таму і яны зазнаюць ад гэтых санкцый. Я не думаю, што найбліжэйшым часам мы дойдзем да сітуацыі, як у Венесуэле, калі сілавікам прэмію выдавалі туалетнай паперай, але агульны ўзровень жыцця будзе зніжацца ў выніку санкцый - гэта адназначна.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках