19 красавiка 2024, Пятніца, 16:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі: На БелАЭС магла адбыцца сур'ёзная аварыя

20
Фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі: На БелАЭС магла адбыцца сур'ёзная аварыя

Станцыя працуе вельмі ненадзейна.

Нядаўна БелАЭС у Астраўцы экстрана адключылі шостым разам. Першы энэргаблок быў адключаны ад сеткі аўтаматычнай абаронай генератара.

Сайт Charter97.org папрасіў расейскага фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага пракаментаваць сітуацыю на БелАЭС:

- Па-першае, адключэнне пазапланавае. Гэта азначае, што атамная станцыя працуе ненадзейна. Атамшчыкі заўсёды лаюць аднаўляльную энэргетыку, напрыклад, ветравую - вецер дзьме не стабільна, але мы бачым, што атамная станцыя ў прамысловай эксплуатацыі адключаецца праз свае нейкія ўнутраныя алгарытмы, нікога не папярэдзіўшы. Гэта не былі нейкія тэсты. Пра гэта мы заўсёды казалі, што атамная энэргетыка - рэч ненадзейная.

Па-другое, з афіцыйных паведамленняў, адключэнне не звязана з ядзернай часткай. Збой даў генератар, што з’яўляецца ахілесавай пятой расейскіх атамных станцый, праекта АЭС 2006. Дакладна такія ж праблемы былі, калі ўключаўся першы энергаблок гэтага тыпу ў Варонежы. Там было кароткае замыканне, згарэў цалкам генератар і яго давялося мяняць. Колькі будзе доўжыцца рамонт, як доўга будзе прастойваць станцыя, колькі электраэнэргіі не будзе выдадзена ў сетку - вось за гэтым мы будзем уважліва назіраць.

Пакуль я не ўбачыў паведамленняў ад Мінэнэрга, а ўжо прайшло паўтара дня, пра тое, калі яны плануюць уключыць атамную станцыю. У найлепшым выпадку для іх гэта быў тэхнічны збой і нічога дрэннага не адбылося, а ў найгоршым - гэта можа быць паўтор сур'ёзнай аварыі, якая прывядзе да неабходнасці замены абсталявання на генератарнай частцы атамнай станцыі. Такі рамонт можа працягвацца тыднямі.

Яшчэ важны момант, на які я звярнуў увагу: паведамленні пра аварыю на лініі электраперадач у Гомельскай вобласці. Паводле афіцыйных паведамленняў, у гэтым вінаваты клімат, нешта там пра тэмпературу напісалі, але ўжо вельмі дзіўна, што менавіта ў момант выпадзення 20% генераванай магутнасці адбылося адключэнне электрасетак. Ёсць імавернасць, што прычына абясточвання - няпланавае адключэнне БелАЭС.

Для сеткі, якая працуе на пераменным току, такое рэзкае падзенне значнай магутнасці з'яўляецца стрэсам, таму, цалкам магчыма, што кабелі не вытрымалі адключэння атамнай станцыі. Але я паўтару, што афіцыйна Мінэнэрга адмаўляе гэта і кажа пра нейкія экстрэмальныя тэмпературы: маўляў, на кабельныя лініі электраперадачы рэзкае падзенне магутнасці дзейнічаць не павінна.

- Да гэтага часу не паведамлялася, ці падключылі БелАЭС зноў. Станцыя прастойвае ўжо некалькі дзён. З чым можа быць звязана гэта?

- Працяглы прастой звязаны з неабходнасцю рамонту абсталявання. Што менавіта згарэла або сапсавалася - не паведамляюць.

- Калі праблемы на БелАЭС дастаткова сур'ёзныя, якімі могуць быць наступствы яе эксплуатацыі - у найбліжэйшай, сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве?

- Я схільны верыць, што вось гэта пазапланавыя адключэнне не звязана з радыяцыйнай небяспекай, гэта значыць рэактар заглушылі ў штатным рэжыме. Мне вельмі хочацца ў гэта верыць, бо не хацелася б, каб Беларусь зноў выпрабавала жахі Чарнобыля.

Проста - гэта прамая страта, а Беларусь павінна выплачваць вялізны крэдыт за працу атамнай станцыі. Тое, што станцыя зараз не працуе - гэта нагрузка на дзяржаўны бюджэт Беларусі, які і так знаходзіцца не ў найлепшым стане. Хутчэй за ўсё, гэты збой нясе фінансавую пагрозу, а не экалагічную. Аднак мы заўсёды казалі, што атамная энэргетыка стратная, у тым ліку праз ненадзейнасць яе працы.

- Беларуская антыядзерная кампанія выступіла з патрабаваннем прыпыніць выдачу ліцэнзіі на эксплуатацыю БелАЭС. Можаце расказаць, чаму БелАЭС не гатовая да эксплуатацыі?

- Патрабаванне не эксплуатаваць атамную станцыю звязана з двума меркаваннямі. Па-першае, з экалагічнай пункту гледжання - гэта фабрыка вытворчасці радыеактыўных адкідаў. Яны таксама вырабляюць і цяпло, і электраэнэргію, але гэта іншае. Дык вось, цяпер вырабляць радыеактыўныя адкіды вельмі безадказна ў дачыненні да будучага пакалення, якому давядзецца жыць на зямлі, нашпігаванай магільнікамі-сховішчамі такіх адкідаў.

Па-другое, не выключана імавернасць аварый, катастроф, параўнальных з Чарнобыльскай. Гэта занадта вялікія рызыкі, асабліва для Беларусі, якая ўжо пацярпела ад атамнай энэргетыкі. Ёсць такое павер'е, што набой двойчы ў адну варонку не падае. Не, могуць падаць. Калі будаваць атамныя станцыі, то адна з іх абавязкова выбухне ці выкіне радыяцыю. Гэта, на жаль, праверана на досведзе.

Беларуская антыядзерная кампанія выступае за тое, што нават, калі станцыя пабудаваная, было б лепш не выдаваць ліцэнзію, а вярнуць усё гэта «Расатаму» і заняцца доўгімі і цяжкімі перамовамі аб тым, як не выплачваць гэты крэдыт.

На жаль, беларускія ўлады чарговым разам выступілі ў якасці агентаў «Расатама», заплюшчылі вочы на пратэсты грамадскасці і выдалі ліцэнзію. Трэба разумець, што з моманту выдачы ліцэнзіі лічыльнік пачаў цікаць, і Беларусь ужо абавязаная ў кожным выпадку выплачваць гэтую пазыку.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках