29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апошні даляр: У Беларусі рыхтуюць канфіскацыю валюты

33
Апошні даляр: У Беларусі рыхтуюць канфіскацыю валюты

Запасы даляраў і еўраў у рэжыму могуць скончыцца за тры месяцы.

Нацбанк Беларусі атрымаў права пры пагрозе нацыянальнай бяспецы забараніць продаж і набыццё валюты або ўвесці падатак на яе і канфіскаваць даляры і еўры з рахункаў юрыдычных асобаў, канвертуючы іх у беларускія рублі. Для чаго патрэбныя такія жорсткія захады, як яны адаб'юцца на простых людзях і ці пагражае Менску фінансавы крызіс, разбіраліся журналісты РІА «Навіны».

Патрэбная валюта

Рэгулятар цяпер таксама можа абмяжоўваць адкрыццё і вядзенне рахункаў у замежных банках для рэзідэнтаў рэспублікі. Указ Лукашэнкі пачаў дзеянне 9 ліпеня.

Вядома, усё гэта – толькі пры пэўных умовах. Адна з іх – калі золатавалютныя рэзервы скароцяцца ніжэй за дапушчальны ўзровень. А гэта цалкам верагодна: ЗВР растаюць на вачах. У 2020-м – мінус 20,5% (1,9 мільярда даляраў). Цяпер у Нацбанка 7,4 мільярда. Паводле плану, да канца года павінна застацца не менш за шэсць мільярдаў. Аднак графік зрываецца: толькі са студзеня да сакавіка страцілі 529 мільёнаў. У чэрвені – яшчэ 353,8.

Іншая ўмова – рэзкія ваганні курсу беларускага рубля. Ніякіх удакладненняў не было. Значыць, гэта могуць быць любыя паказнікі, якія Нацбанк палічыць рэзкімі.

Вымушаныя захады

Еўрапейскія санкцыі, уведзеныя ў канцы чэрвеня праз сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека і жорсткі ўціск грамадзянскай супольнасці, адрэзалі Беларусь ад заходніх рынкаў капіталу і ключавых крыніцаў валютных прыбыткаў. А альтэрнатываў у Менска не так шмат.

Ураду і дзяржбанкам забаранілі прывабліваць фінансаванне ў ЕЗ на тэрмін большы за 90 дзён. Пад санкцыі трапілі таксама крэдытныя арганізацыі з дзеллю дзяржавы большай за 50%, даччыныя структуры Беларусьбанка, Белінвестбанка і Белаграпрамбанка.

Гэта значыць рэфінансаваць знешнюю пазыку ў еўрапейскіх крэдытораў не атрымаецца, давядзецца выплачваць яе ці замяшчаць пазыкамі ў іншых краінах. На ўласныя рэсурсы спадзявацца не выпадае.

Вычарпанне рэзерваў

У Расеі міжнародныя рэзервы цалкам пакрываюць знешнюю пазыку, але Беларусі да гэтага далёка. Абмежаванне валютных аперацый – у сутнасці, спроба знізіць рызыкі.

«Актывы вычэрпваюцца як планавымі выплатамі ў дзяржаўнай пазыцы, так і зніжэннем коштаў золата (дзель каштоўнага металу ў ЗВР краіны – блізу 40%). На бюджэт вялікая нагрузка: на стан 1 студзеня абслугоўванне знешняй пазыкі (за папярэднія 12 месяцаў) – 6,58 мільярда даляраў. Усяго Беларусь пазычыла 41,16 мільярда, што істотна перавышае міжнародныя рэзервы», – паказвае Кацярына Бяссмертная, дэканка факультэта эканомікі і бізнэсу Фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе Расейскай Федэрацыі.

На тое, што падзенне валютных прыбыткаў абяцае складанасці з абслугоўваннем знешніх пазык, паказваюць і аналітыкі S&P. На 90% пазыка намінаваная ў далярах і еўра і, адпаведна, адчувальная да ваганняў курсу. Цяпер Нацбанку спатрэбіцца траціць на гэта 20–30% фінансавых запасаў за год.

«ЗВР Беларусі – усяго 25% гадавога экспарту. Бюджэт моцна залежыць ад продажу за мяжу тавараў і паслуг. Калі абвесцяць гандлёвае эмбарга, запасы скончацца за тры месяцы», – адзначае Віталь Кірпічаў, аналітык TradingView.

Абясцэненне і інфляцыя

Прыток замежнай валюты ў Беларусь скароціцца, і беларускі рубель неўнікнёна абясцэніцца. Паводле прагнозу S&P – за тры гады на 20%, да 2024-га – да 3,1 за даляр.

Гэта прыкметна знізіць узровень жыцця. У першую чаргу падаражэюць імпартныя тавары. Следам пойдзе і мясцовая прадукцыя, нягледзячы на верагодныя спробы стрымлівання росту коштаў.

«Напэўна вырасце беспрацоўе. Гэта ўзмоцніць адток працаздольнага насельніцтва ў суседнія дзяржавы», – дадае Віталь Манжос, старэйшы рызыка-мэнэджар «Алга Капітал».

Баючыся дэвальвацыі, беларусы набываюць даляры і еўры. Таму аналітыкі не выключаюць таго, што сёлета інфляцыя ў краіне паб'е ўсе рэкорды. «Улада рыхтуецца да таго, што насельніцтва паспяшаецца перавесці ашчаджэнні ў валюту», – тлумачыць Марго Пажынская, фінансавы аналітык інвестыцыйнай платформы DotBig.

Але ёсць і іншы аспект: паколькі захоўваць даляры і еўра ў беларускіх банках цяпер будзе небяспечна, людзі пачнуць масава іх забіраць гатоўкай. Гэта дасць магутны імпульс для ажыўлення чорнага рынку валюты.

Асноўны ўдар прыме на сябе бізнэс – калі рэгулятар абавяжа юрасобы прадаваць валютную выручку.

«Відавочна, частка сыдзе ў цень, каб унікнуць канфіскацыі. Вядома, гэта паспрыяе абясцэньванню беларускага рубля, бо толькі высокі курс прымусіць насельніцтва і бізнэс прадаваць валютныя ашчаджэнні, павялічваючы прапанову», – удакладняе Кірпічаў з TradingView.

Адным з галоўных пацярпелых рызыкуе стаць IT-сегмент, які добра развіты ў Беларусі і атрымлівае прыбыткі ў валюце. Так, у студзені экспарт IT-паслуг упершыню прынёс краіне больш даляраў і еўраў, чым нафтапрадукты.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках