28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Рагачоўскім раёне перакуліўся перапоўнены катар

3
У Рагачоўскім раёне перакуліўся перапоўнены катар

«Капітан» схаваўся.

16 ліпеня ў Рагачоўскім раёне перакуліўся прагулачны катар, 15 чалавек апынуліся ў вадзе. Частка з іх выплыла самастойна, іншым дапамагалі ратавальнікі, а «капітан» схаваўся, паведамляе МНС.

Адпачывальнікі каталіся на катары «Маяк ВКМ-3М» на возеры Святое ў Рагачоўскім раёне побач з вёскай Стрэнькі. У 21:18 у МНС паступіла паведамленне: катар перакуліўся, 15 чалавек знаходзяцца ў вадзе і просяць дапамогі.

Паводле ацэнкі ратавальнікаў, да берагу было 70–80 метраў. Супрацоўнікі МНС і Асвода спусцілі на ваду дзве маторных лодкі – і змаглі выцягнуць з вады 8 чалавек, у тым ліку 12-гадовае дзіця. Астатнія даплылі да берагу самі да спуску лодак на ваду.

МНС паведамляе, што былі парушаныя патрабаванні бяспечнай эксплуатацыі маламернага судна: на такім катары можа знаходзіцца толькі 6 пасажыраў і 2 чальцы экіпажу – а было 15 чалавек.

«Са сродкаў выратавання на катары знаходзілася 8 выратавальных камізэлек і 2 выратавальныя колы. На момант перакульвання ў выратавальных камізэльках знаходзіліся 3 чалавекі (дзеці)», – гаворыцца ў паведамленні МНС.

Мужчына, які кіраваў катарам, схаваўся з месца інцыдэнту, цяпер яго шукае міліцыя. Пакуль невядома, ці ёсць у мужчыны права кіравання катарам такога тыпу. Прычыну, з якой катар перакуліўся, вызначаюць.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках