23 красавiка 2024, aўторак, 18:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наймацнейшая паводка ў Заходняй Еўропе: усё, што вядома

3
Наймацнейшая паводка ў Заходняй Еўропе: усё, што вядома
Фото: Getty Images

Сотні людзей прапалі без вестак.

Колькасць ахвяр паводкі на захадзе Еўропы перавысіла 150 чалавек, тысячы мясцовых жыхароў былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Больш за тысячу чалавек прапалі без вестак, ратавальнікі спрабуюць знайсці тых, хто выжыў, паведамляе ВВС.

Асноўны ўдар стыхіі прыпаў на заходнія рэгіёны Нямеччыны - федэральныя землі Рэйнланд-Пфальц і Паўночную Рэйн-Вестфалію. У першым, паводле звестак мясцовых уладаў, загінулі блізу 90 чалавек, у другім - 43.

Паводка, выкліканая моцнымі дажджамі, закранула таксама шэраг рэгіёнаў Бельгіі, Нідэрландаў, Францыі і Швайцарыі. У Бельгіі, як паведамляецца, загінулі прынамсі 20 чалавек.

Вада прарвала плаціну каля нямецкага горада Васэнберга, размешчанага на мяжы з нідэрландскай правінцыяй Лімбург. Ратавальнікі эвакуявалі з горада блізу 700 мясцовых жыхароў. У суботу ўлады Васэнберга паведамілі, што вада больш не прыбывае.

«З мінулага вечара ўзровень вады стабілізуецца, можна сказаць, што сітуацыя стабільная, - цытуе Рэйтэр мэра горада Васэнберга Марсэля Маўэра. - Казаць, што ўсё скончылася, пакуль рана, але ў нас ёсць асцярожны аптымізм».

Горад Бад-Наенар-Арвайлер (размешчаны ў нямецкай зямлі Рэйнланд-Пфальц) да і пасля паводкі

Выратавальныя аперацыі праходзяць і ў іншых пацярпелых ад паводкі раёнах заходняй Нямеччыны. Ратавальнікі шукаюць тых, хто выжыў, у гарадах, дзе ўзровень вады застаецца высокім, што прыводзіць да разбурэння дамоў.

Напярэдадні выратавальнікам з дапамогай надзіманых лодак удалося вызваліць з заблакаваных будынкаў амаль 50 жыхароў горада Эрфтштадта - аднаго з найбольш пацярпелых у зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія.

Прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў перад візітам у пацярпелыя раёны краіны, што маштабы разбурэнняў вельмі значныя. «Цэлыя гарады разбураныя гэтым бедствам. Мноства людзей страцілі ўсё, што яны будавалі ўсё жыццё», - сказаў ён на прэс-канферэнцыі.

Фото: ЕРА

«Мы праседзелі на даху 13 гадзін. У нас не было ні ежы, ні цёплай вопраткі - толькі некалькі бутэлек вады і кока-колы, якія мы здолелі ў паніцы захапіць з сабой. Мы былі напалоханыя да смерці. Калі б дом абрынуўся, мы б , хутчэй за ўсё, не выжылі», - распавёў выданню Die Zeit жыхар горада Альтэнара на мяжы Паўночнага Рэйна-Вестфаліі і Рэйнланд-Пфальц.

Фото: Getty Images

Улады федэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц у пятніцу паведамлялі, што зніклымі без вестак у рэгіёне ўважаюцца прыблізна 1 300 чалавек, аднак іх колькасць «памяншаецца кожны час».

Жыхар аднаго з пацярпелых нямецкіх гарадкоў апісаў патоп як «зону ваенных дзеянняў»: многія будынкі разбураныя, а аўтамабілі вынесеныя плынню вады.

Міністр унутраных спраў зямлі Рэйнланд-Пфальц Роджэр Левенц заявіў мясцовым СМІ, што колькасць ахвяр, магчыма, вырасце. «Мы ўжо доўга не можам устанавіць сувязь з многімі людзьмі, так што даводзіцца баяцца самага горшага», - сказаў ён.

Фото: Getty Images

У суботу горад Эрфтштадт, дзе абрынуліся некалькі жылых дамоў і частка гістарычнага замка, збіраюцца наведаць прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер і прэм'ер-міністр зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія Армін Лашэт.

Лашэт узначальвае партыю Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС) і з'яўляецца кандыдатам на пасаду канцлера ФРГ ад блока нямецкіх кансерватараў на выбарах, якія пройдуць у верасні. Як адзначае Рэйтэр, разбуральныя паводкі могуць узмацніць дэбаты з нагоды змены клімату напярэдадні ўсеагульнага галасавання.

Пра тое, што моцныя ліўні, якія сталі прычынай разбуральнай паводкі на захадзе Еўропы, могуць быць выкліканыя зменамі клімату, кажуць і еўрапейскія лідары, і навукоўцы.

«Мы будзем сутыкацца з такімі з'явамі зноў і зноў, а гэта азначае, што нам неабходна паскорыць ужыванне захадаў для абароны клімату...таму што змяненне клімату не абмяжоўваецца адной дзяржавай», - заявіў напярэдадні Лашэт.

Фото: Getty Images

Свае дамы праз паводку былі вымушаныя пакінуць тысячы жыхароў заходняй Нямеччыны, больш за 100 тысяч чалавек засталіся без электрычнасці.

Многія пазбавіліся не толькі даху над галавой, але і свайго бізнэсу. «Нас затапіла надзвычай хутка. Узровень вады перавышаў два метры. Вы бачыце, што вада спынілася акурат пад шыльдай нашага гатэля. Уся наша гаспадарка знішчаная», - распавёў Euronews уладальнік гатэля ў Гюмендзе.

Цяперашнюю паводку ў Нямеччыне ўжо назвалі найбольш разбуральнай прыроднай катастрофай у краіне з часоў Другой сусветнай вайны, піша Deutsche Welle.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках