29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: За заснавальнікам Telegram Паўлам Дуравым маглі сачыць праз Pegasus

9
СМІ: За заснавальнікам Telegram Паўлам Дуравым маглі сачыць праз Pegasus
ПАВЕЛ ДУРАЎ

Яго нумар быў у спісе патэнцыйных цэляў.

Тэлефонны нумар заснавальніка сацсеткі «Вконтакте» і мэсэнджара Telegram Паўла Дурава апынуўся ў спісе патэнцыйных цэляў сачэння з дапамогай шпіёнскай праграмы Pegasus ізраільскай кампаніі NSO Group, піша «Новая газета» са спасылкай на расследаванне The Guardian.

Паводле звестак журналістаў, брытанскі нумар заснавальніка Telegram трапіў у базу ў пачатку 2018 года. Гэты нумар цягам некалькіх гадоў быў прывязаны да ўліковага запісу Дурава ў мэсэнджары. Ні сам Дураў, ні прэс-служба Telegram не сталі каментаваць гэтую інфармацыю, адзначае The Guardian.

Выданне таксама ўдакладняе, што без адмысловай экспэртызы немагчыма сказаць, ці рабілася спроба ўсталяваць на гаджэт Дурава шкоднаснае праграмнае забеспячэнне. Са слоў крыніцы The Guardian з NSO, Дураў не быў цэллю хакерскага ўзлому. У кампаніі сцвярджаюць, што наяўнасць нумара ў спісе не азначае, што за яго ўладальнікам збіраліся сачыць пры дапамозе Pegasus.

У The Guardian звярнулі ўвагу на тое, што ў лютым 2018 года Дураў змяніў афіцыйнае месца жыхарства з Фінляндыі на ААЭ. Журналісты выказалі здагадку, што ўлады краіны маглі паспрабаваць праверыць новага жыхара пры дапамозе шпіёнскай праграмы.

У рамках расследавання Pegasus Project СМІ высветлілі, што шпіёнскае праграмнае забеспячэнне Pegasus ізраільскай кампаніі NSO Group выкарыстоўвалася для сачэння за журналістамі, палітыкамі, адвакатамі і актывістамі па ўсім свеце. У кампаніі заявілі, што выконваюць этыку пры працы і прадоўжаць расследаванне выпадкаў неправамернага выкарыстання праграмы.

За журналістамі The Wall Street Journal, Bloomberg і Le Monde сачылі з дапамогай ізраільскай праграмы

Le Monde паведамляў, што ў базе Pegasus мог апынуцца, напрыклад, нумар прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, абраны для сачэння выведвальнай службай Марока. Акрамя таго, выданне піша, што ў спісе апынуліся нумары былога прэм'ер-міністра Францыі Эдуарда Піліпа і яшчэ 14 міністраў.

Прэм'ер-міністр Францыі Жан Кастэкс абвясціў аб распараджэнні Макрона правесіць расследаванне пасля інфармацыі аб наяўнасці ягонага нумара тэлефона ў спісе магчымых аб'ектаў для сачэння.

Пасля публікацыі расследавання ў NSO назвалі высновы Forbidden Stories хлуснёй і непацверджанай тэорыяй, «якая выклікае сур'ёзныя сумневы ў надзейнасці крыніц». У кампаніі сцвярджаюць, што іх кліенты - спецслужбы - выкарыстоўваюць праграмнае забеспячэнне толькі для пошуку і адсочвання дзеянняў тэрарыстаў і іншых небяспечных злачынцаў. Як вынікае са справаздачы NSO Group, цяпер яе паслугамі карыстаюцца 60 кліентаў з 40 краін.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках