25 красавiка 2024, Чацвер, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пётр Кузняцоў: Нацыя павінна кансалідавацца перад тварам адной праблемы

2
Пётр Кузняцоў: Нацыя павінна кансалідавацца перад тварам адной праблемы
ПЕТР КУЗНЯЦОЎ

Беларускае грамадства будзе моцна палітызавацца.

Ліквідацыя нашай установы сталася толькі адной з першых ластавак перад вялікім і скаардынаваным ударам па легальнасці грамадзянскага сектара агулам - сёння ўлады ліквідавалі дзясяткі іншых НДА, піша ў Telegram заснавальнік гомельскага сайта «Сильные новости» Пётр Кузняцоў.

Хтосьці ўспрымае гэта хваравіта, хтосьці - у меншай ступені. Магу сказаць ад сябе: пасля прызнання, што «часам не да законаў», усякага кшталту фармальнасці ў гэтай краіне амаль цалкам страцілі сэнс у практычным плане. Ну, было зарэгістраванае Інтэрнэт-медыя тутбай, яму што, пасля 9 жніўня працавалася лягчэй, чым якому-небудзь сайту без усялякага статусу? Справа толькі ў тым, што якія б у каго біркі не былі, перад беззаконнем роўныя ўсе.

Тое, што адбываецца сёння - добрая ілюстрацыя і адказ усім тым, хто ў апошнія тыдні будаваў канспіралогію пра тое, як незалежныя медыя здушаюцца не то на замову Масквы, не то перад чымсьці вельмі важным і патрэбным. Можа, і на замову, можа, і перад чымсьці, аднак звярніце ўвагу: пасля шквалу ператрусаў, арыштаў, закрыццяў, сёння надыходзіць дзень фактычнай ліквідацыі грамадзянскай супольнасці - і менавіта ў гэты дзень праходзіць нарада пра ўраджай. Вось у гэтым уся спецыфіка і ёсць. Яшчэ з таго моманту, калі ў дачыненні да буйнога рытэйлера было ўжытае слова «выразаем», а пасля на адрас СМІ і грамадства загучала «зачыстка», стала зразумела: проста сама наяўнасць чагосьці незалежнага, якое жыве ў гэтай краіне, не дае некаторым людзям спакойна спаць і займацца сваімі справамі.

Але, вось, «папрацавалі», папацелі, паабшуквалі, канфіскавалі, ліквідавалі - можна і да спраў надзённых вярнуцца. Ураджай ніхто не касаваў, а тут аж 1,5 тысячы механізатараў бракуе. І МУС ізноў даручылі разабрацца - ужо з сялянамі- «несунамі» - і не проста разабрацца, а «дадушыць, як гідру».

Аднак, тэндэнцыя знаходзіць усё больш выразныя абрысы. Задушыць у Беларусі найбліжэйшым часам плануюць не толькі СМІ і НДА. Ужо да ўдушэння намечаныя ІП - як клас. Сёння вось туды дадалі і «несуноў», а тым, хто хоць бы мінімальна ведае стан рэчаў у беларускай вёсцы, зразумела, што «несуны» там прыкладна кожны першы. Гэта ўжо справа ідзе да працэсаў «за каласкі» - сталіншчына ў чыстым выглядзе. Што да буйнога бізнэсу, хоць гэта і не вельмі яскрава бачна, але справа ідзе, «працуюць» ужо даўно. Не трэба быць сямі пядзяў у ілбе, каб разумець: да дырэктарата і топ-мэнэджэраў таксама дойдзе. Ужо не так важна, каго і за што: сяляне нашы зусім у палітыцы заўважаныя не былі, а пад раздачу таксама пойдуць. Галоўнае - працэс.

Цягам доўгіх гадоў апалітычнасці беларускага грамадства, калі пытанні палітыкі і ўлады абмяркоўваліся толькі ў вузкім інфармацыйным «гета», у адказ на ўсе рэплікі накшталт таго, што «ва ўладзе ідыёты», я заўсёды казаў, што там працуюць зусім не дурні. Цягам дзясяцігоддзяў рэжым умела маніпуляваў грамадствам і яго актыўнымі групамі, сутыкаў ілбамі, правакаваў канфлікты, і ўсё гэта рабілася завуалявана, незаўважна, але прыводзіла да таго, што практычна ўсе групы і інстытуты былі самі па сабе, былі ў нейкай ступені скампраметаваныя і ніхто не разглядаўся, як альтэрнатыва.

Цяпер поўнае ўражанне, што курс узяты роўна адваротны: усё робіцца не скальпелем, а дубінай, і робіцца такім чынам, што я вось успамінаю сцэну з «Месца сустрэчы змяніць нельга». Там Жэглоў і Шарапаў злосна спрачаюцца ў аўтобусе, калі едуць на складаную і смяротна небяспечную аперацыю - Фокса браць. Але па прыездзе шафёр Капыцін ім кажа: «Ідзіце, спрачальнікі. Там вас прыміраць».

Якія б не былі рознагалоссі паміж такімі рознымі людзьмі, як Жэглоў і Шарапаў, перад абліччам смяротнай пагрозы мірацца ўсе. І ў Беларусі цяпер ёсць сілы і ахвочыя, якія, з энэргіяй і запалам, годнымі лепшага выкарыстання, «міраць» рафінаваных інтэлігентаў і сялян, ІП і медыйшчыкаў, грамадскіх актывістаў і рабочых.

Напраўду - каласальная работа па кансалідацыі нацыі перад тварам адной, усё больш агульнай, праблемы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках