19 красавiка 2024, Пятніца, 10:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка не выпускае за мяжу ўласных грамадзянаў, а людзі з трэціх краінаў пераходзяць мяжу без праблемаў»

29
«Лукашэнка не выпускае за мяжу ўласных грамадзянаў, а людзі з трэціх краінаў пераходзяць мяжу без праблемаў»

У Вільні вызначаюць, як даць адпор узурпатару.

"Laba diena. Šiandien mes turime puiki сhalva iš Homso" – "Добры дзень. Сёння ў нас ёсць выдатная халва з Хомса". Прадавец кажа на беглай літоўскай, але з крыху нязвыклым акцэнтам. Ахмад (назавем яго так) – з разбуранага артылерыяй Башара Асада Алепа. Ён перабраўся ў Літву праз Турцыю некалькі гадоў таму, піша dw.com.

Сёння ў ягонай краме на адной з вузкіх вулачак старой Вільні сапраўды можна набыць і тую самую знакамітую халву з горада Хомс, і макдус (баклажаны з арэхамі ў вострым масле), і хумус, і іншыя тавары з Блізкага Усходу, у тым ліку і з самой Сірыі. Пастаўкі праз Турцыю і Нямеччыну наладжаныя, малодшыя дзеці – дзяўчаткі – ходзяць у школу. Старэйшыя дапамагаюць у гандлі. Ахмад задаволены і мае намер застацца ў Літве надоўга.

Мяжа з Беларуссю не на замку

Пакупнікі халвы і хумусу ў ягонай краме – не толькі арабы, што жывуць у Вільні (іх у Літве няшмат), але і літоўцы. Для іх вострая блізкаўсходняя кухня пакуль не настолькі звыклая, як для жыхароў многіх іншых краінаў Еўрапейскага Звязу, дзе аселі мільёны выхадцаў з Сірыі, Егіпта, Афганістана і з Паўночнай Афрыкі.

У апошнія тыдні дзяржавы, якія здаваліся літоўцам далёкімі і ніяк не ўплывалі на іх жыццё, раптам трапілі ў цэнтр усеагульнай увагі. Пасля таго як у канцы чэрвеня Беларусь замарозіла пагадненне з ЕЗ пра рэадмісію (прыём назад) нелегальных мігрантаў, літоўска-беларуская мяжа літаральна за адзін дзень ператварылася ледзь не ў лінію фронту новай халоднай вайны. Кожны дзень некалькі дзясяткаў чалавек незаконна пераходзяць на тэрыторыю Літвы з Беларусі.

Для Аляксандра Лукашэнкі і (як, мяркуюць многія ў Вільні) Уладзіміра Пуціна, які стаяў за ім, нелегальныя мігранты ператварыліся ў эфектыўную форму ціску на Еўразвяз. Паводле ацэнак назіральнікаў, яе мэта – прымусіць Брусэль аслабіць санкцыі супраць Менска і пачаць дыялог з ім.

"Лукашэнка не выпускае за мяжу сваіх уласных грамадзянаў, а людзі з трэціх краінаў пераходзяць нашу мяжу без праблемаў, – канстатуе Віціс Юрконіс, прадстаўнік Freedom House у Літве. – Гэта значыць, што сітуацыя пад ягоным поўным кантролем. Мігранты – толькі вынік галоўнай праблемы, у якой ёсць імя – беларускі рэжым. Гэта не двухбаковая літоўска-беларуская праблема, а агульнаеўрапейская".

Задача – тэрмінова абсталяваць мяжу

Для Літвы пастанова Менска практычна адкрыць мяжу павярнулася нябачанай раней надзвычайнай сітуацыяй. "Усяго 30 адсоткаў мяжы з Беларуссю ў нас абсталяваныя ў асноўным у раёне населеных пунктаў. Астатнія 70 фактычна абаронены мінімальна", – прызнаў у гутарцы з DW адзін з літоўскіх дзяржчыноўнікаў.

Тлумачэнне гэтаму крыніцы DW у Вільні даюць такое: ажно да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года і жорсткага ўціску пратэставага дэмакратычнага руху пасля іх шмат хто ў Літве (і ўвогуле ў ЕЗ) меркавалі, што трэба падтрымліваць дыялог з Лукашэнкам у надзеі, што ён рана ці позна дыстанцуецца ад Масквы. Умацаванне мяжы на гэтым фоне выглядала б як жэст недаверу. У дадатак пагадненне з ЕЗ пра рэадмісію Менск выконваў даволі паслядоўна. Пакуль у адзін дзень не перастаў.

Цяпер першачарговая задача – тэрмінова абсталяваць мяжу. Для пачатку – хоць бы з дапамогай тэрмінова набытага калючага дроту, хоць для спынення масавых парушэнняў гэтага відавочна недастаткова. У Літве працуюць прадстаўнікі FRONTEX (памежнага агенцтва ЕЗ), якія кансультуюць мясцовых памежнікаў. Еўразвяз таксама паабяцаў вылучыць Вільні сродкі на развязанне міграцыйных праблемаў.

"Гамбургеры давай!"

Другая задача мясцовых уладаў – размясціць мігрантаў. Іх прывозяць у пустыя дамы адпачынку, на турбазы і ў школы ўдалечыні ад буйных населеных пунктаў. Не абыходзіцца без праблемаў. Літоўскія СМІ за апошнія тыдні рэгулярна паведамляюць то пра беспарадкі ў лагеры для бежанцаў у горадзе Ігналіна на поўначы краіны, то пра адмову мігрантаў ад прапанаванага ім харчавання. «Маладыя людзі патрабавалі чыпсаў і вэнджаных курыных крылцаў, а лепш за ўсё – кока-колу з гамбургерамі. "Hamburger!" – крычалі нам, калі мы прывозілі пельмені ручной працы з курацінай», – расказала журналістам кухарка Жыдрэ Шчымеляўскенэ з вёскі Капчамесціс на паўднёвым захадзе Літвы.

Трэці выклік для Вільні – юрыдычны. Сойм (парламент) Літвы прыняў серыю паправак да закона аб прававым становішчы замежнікаў, якія сур'ёзна абмяжоўваюць права мігрантаў перасоўвацца па краіне да разгляду іх заяваў аб атрыманні прытулку. Сама працэдура істотна паскораная, а права апеляцыі зведзенае да мінімуму. Прэзідэнт Гітанас Наўседа спачатку адмовіўся падпісаць закон. А ягоны дарадца Павілас Мачуліс нават заявіў, што "правы мігрантаў выкінулі ў смеццевы кошык".

Пасля нарады з чальцамі кабінета Наўседа ўсё ж паставіў подпіс пад папраўкамі ў закон у абмен на абяцанне ўрада на восеньскай сесіі парламента ўнесці ў іх карэктывы, якія ўзмацняюць абарону правоў бежанцаў. "У цяперашніх умовах важней за ўсё паслаць сігнал і Лукашэнку, і тым, хто толькі збіраецца перайсці мяжу – прыём будзе жорсткім і лепш спыніцца!" – патлумачыў DW пазіцыю кіраўніцтва краіны інфармаваны супрацоўнік аднаго з міністэрстваў, якія былі задзейнічаныя ў развязанні крызісу.

Сцяна ад Лукашэнкі?

Тых мігрантаў, хто не зможа даказаць, што бяжыць ад пераследу паводле палітычных матываў або вайны, павінны дэпартаваць на радзіму. Але ва ўмовах COVID-19 гэта не так лёгка зрабіць. У дадатак на Блізкім Усходзе ў Літвы амбасады толькі ў Ізраілі, Егіпце і Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, а ў Афрыцы – у ПАР. Ёсць і праблема кадраў. «Многія перабягаюць з Беларусі без дакументаў. Напрыклад, чалавек кажа: "Я – з Багдаду!" А як гэта праверыць, калі ў нас мала спецыялістаў, якія не тое што іракскі дыялект ад сірыйскага адрозніваюць, але проста ведаюць арабскую?» – наракае Віціс Юрконіс з Freedom House.

У літоўскіх сацсетках часам праслізгваюць заклікі пабудаваць на мяжы з Беларуссю сцяну, падобную да той, якую ўзвёў пасля міграцыйнага крызісу 2015 года на мяжы з Сербіяй прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан. "Гэта не развязанне пытання, хоць мяжу абсталяваць, вядома, варта, – кажа Юрконіс. – Нам патрэбная добрааплатная, матываваная і эфектыўная міграцыйная служба. Патрэбныя сучасныя курсы літоўскай мовы і прафесійныя кансультацыі службы занятасці. Цяперашні крызіс – падстава ўсім гэтым заняцца".

Прыкметных антымігранцкіх настрояў у Літве сацыёлагі пакуль не фіксуюць. Хоць, папярэджвае палітолаг, прафесар універсітэта Вітаўта Вялікага Шарунас Ліекіс, калі цяперашні крызіс будзе доўжыцца, то яны могуць узмацніцца.

"Грамадства думае, што ўсё будзе, як у 2015–2016 гадах. Тады вялікая частка бежанцаў, якія апынуліся ў Літве, потым з'ехала ў іншыя краіны ЕЗ – Нямеччыну, Швэцыю, Нідэрланды. Туды, дзе ёсць вялікія супольнасці суайчыннікаў, рэстараны з звыклай ежай і значна больш шчодрыя, чым у Літве, сацыяльныя праграмы. Але нехта, вядома, застанецца тут, і такіх людзей у будучыні будзе ўсё больш".

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках