24 красавiка 2024, Серада, 9:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукоў абурыў феерверк над заказнікам «Лебядзіны», які грымеў на ўсю сталіцу

30
Менчукоў абурыў феерверк над заказнікам «Лебядзіны», які грымеў на ўсю сталіцу

Паводле закону мерапрыемствы накшталт гэтага на такіх тэрыторыях забароненыя.

Учора ўвечары ў Лебядзіным грукала так, што чуваць было па ўсім Менску. Шумная весялосць скончылася грандыёзным феерверкам. Было эфектнае відовішча, але ў сацсетках гучаць галасы незадаволеных: маўляў, хіба можна запускаць феерверкі на асабліва ахоўных тэрыторыях, да ліку якіх усё яшчэ належыць заказнік «Лебядзіны»?

Пра тое, што на праспекце Пераможцаў рыхтуюць салютныя ўстаноўкі, чытачы паведамілі нам яшчэ ў пятніцу ўдзень. Бліжэй да вечара стала вядома, што ў рэстарацыі «Лебядзіны» на беразе вадаёма будуць гуляць вяселле года: сын уладальніка «Віталюра» Віталь Яцук пабраўся з паспяховай беларускай мадэллю Яўгеніяй Катавай, піша onliner.by.

Феерверк пачаўся пасля 23:00. Ды так, што ўвесь Менск здрыгануўся. «Грукат як пры бамбаванні», «На Ангарскай чуваць», «Бедныя птушкі, калі яны, вядома, там засталіся», - абменьваліся каментарамі менчукі ў сацсетках.

Мяркуючы па відэа, якім з намі падзяліўся чытач, на час правядзення феерверку ДАІ перакрывала рух на праспекце Пераможцаў.

Успомнім, з якім скандалам у канцы 2019 года адкрывалі рэстарацыю «Лебядзіны», дзеля будаўніцтва якой давялося змяняць межы прыродаахоўных зон. Яшчэ на стадыі ўзвядзення рэстарацыі яе прадстаўнікі заяўлялі, што не будуць шумець на тэрыторыі заказніка, каб не шкодзіць насельнікам унікальнай для Менска прыроднай зоны. Раней феерверкі тут ужо здараліся. Але такі магутны - упершыню.

А як закон рэгламентуе месца запуску феерверкаў? Для гэтага варта звярнуцца да пастановы МНС ад 4 кастрычніка 2004 года №32 «Аб зацвярджэнні правілаў бяспекі пры вырабе і выкарыстанні піратэхнічных вырабаў». У ёй змяшчаецца пералік месцаў, дзе выкарыстанне феерверкаў забароненае. Сюды ўключаныя:

«Тэрыторыі аб'ектаў, якія маюць важнае маральна-культурнае значэнне, помнікаў гісторыі і культуры, могілак і культавых збудаванняў, запаведнікаў, заказнікаў і нацыянальных паркаў, месцы паломніцтва».

Напраўду забароненых месцаў значна больш, але ў гэтым выпадку важны менавіта гэты абзац.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках