25 красавiка 2024, Чацвер, 10:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску махляры ашукалі аўтаўладальнікаў на $700 000

5
У Менску махляры ашукалі аўтаўладальнікаў на $700 000

Зламыснікаў цікавілі толькі люксавыя аўто.

Справа махляроў, якія дзейнічалі ў Менску, можа паслужыць асновай для сцэнару не проста дэтэктыва, але цэлага дэтэктыўнага серыяла. Як распавялі ў Следчым камітэце, гісторыя пачалася яшчэ ў 2013 годзе, паведамляе kp.by.

35-гадовы мужчына пяць гадоў, з 2013 да 2018 года, зарабляў паводле стандартнай для махляроў схемы - пазычаў буйныя сумы нібыта на развіццё бізнэсу. Прадстаўляўся паспяховым прадпрымальнікам, адным крэдыторам распавядаў, што займаецца сантэхнікай, іншым - што зарабляе гульнявым бізнэсам, у тым ліку і нелегальным. Агулам махляр выбавіў у дзесяці чалавек больш за 170 тысяч даляраў. Некаторым невялікія сумы вяртаў, каб супакоіць іх пільнасць, але асноўную частку грошай проста выдаткаваў на свае патрэбы.

У 2018 годзе мужчына пачаў "працаваць" у пары са сваім 35-гадовым знаёмым. Яны падманулі 15 чалавек на агульную суму больш за 125 тысяч рублёў. Потым у кампанію ўліліся яшчэ трое. Саўдзельнікі арганізавалі «піраміду» ў сферы аўталізінгу.

Зламыснікі прадстаўляліся паспяховымі ўладальнікамі фірмы па пракаце аўтамабіляў, распавядалі, што хочуць пашырыць свой аўтапарк і прапаноўвалі ахвярам аказаць ім невялікую паслугу за ўзнагароджанне. Паслуга заключалася ў тым, што чалавек павінен быў аформіць на сябе дарагое аўто ў лізінг. За гэта ён атрымліваў 500 даляраў. Ашуканцы забіралі аўтамабіль, абяцаючы, што самі будуць плаціць плацяжы. Напраўду абавязак клаўся на плечы намінальных лізінгаатрымальніку. Даўгавыя абавязанні для многіх аказваліся непад'ёмнымі - ашуканцы выбіралі выключна аўто класа люкс. У адным з эпізодаў гаворка ішла пра аўто коштам больш за 100 тысяч даляраў.

Машыны злачынная кампанія прадавала ў Расеі без афармлення. Месцазнаходжанне пяці аўто ўстаноўленае.

- З чэрвеня 2018 года да ліпеня 2020 года пецярым абвінавачаным удалося завалодаць маёмасцю (грашовымі сродкамі і аўтамабілямі) 5 лізінгавых кампаній і 6 грамадзян на агульную суму больш за 700 тысяч даляраў ЗША ў эквіваленце. Усяго задакументаваныя дзясяткі эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачаных. У злачыннай схеме фігуравалі 25 аўтамабіляў, - распавяла афіцыйная прадстаўніца УСК горада Менска Кацярына Гарлінская.

Дзеянні мужчын кваліфікаваныя як махлярства, учыненае ў асабліва буйнай суме. Двое пад вартай, двое ў міждзяржаўным вышуку, у дачыненні да яшчэ аднаго з абвінавачаных справа выдзеленая ў асобную вытворчасць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках