19 верасня 2021, Нядзеля, 5:36
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«За якія грошы людзі абуюць і апрануць дзяцей!»

11
«За якія грошы людзі абуюць і апрануць дзяцей!»

Што адбываецца ў агурковай сталіцы Беларусі.

У сацыяльных сетках з'явілася відэа, як жыхар агурочнай сталіцы Беларусі - аграгарадка Альшаны Столінскага раёна цісне агуркі сваім мікрааўтобусам.

Прычынай такіх паводзін аўтар відэа называе тое, што закупачны кошт на агуркі ў Альшанах абрынуўся да 10 капеек за кілаграм. У выніку ён наважыў вельмі эмацыйна раздушыць агуркі, над вырошчваннем якіх сам жа і працаваў. Відэа ўтрымлівае нецэнзурную лексіку.

Таксама ёсць відэа, як фура пераязджае адбракаваныя агуркі.

Як паведамляе «Першы Рэгіён», яшчэ пару тыдняў таму закупачныя цэны на агуркі ў Альшанах складалі 40 капеек. На раздробным рынку ў Берасці агуркі цяпер пакупнік можа набыць ад 1 да 1,5 рубля. Некаторыя альшанцы кажуць, што не жадаюць так абясцэньваць сваю працу.

Падзеі на відэа пракаментавалі і ў Альшанскім сельвыканкаме.

«Нашы людзі настолькі паважаюць сваю працу, што такое ніколі не маглі б сабе дазволіць - ціснуць агуркі! Гэты ўкід у сетцы зрабіў чужы чалавек, які вырашыў хайпануць! Гэта быў фэйк!» - заявіла намесніца старшыні выканкама Юлія Стрыбулевіч, піша БелТА.

З яе слоў, на відэа - адходы, якія збіраюцца і вывозяцца з рынку.

«Але праблемы са збытам ёсць, і не толькі агуркоў. У першую чаргу - паслёнавых, асабліва таматаў і баклажанаў, якія раней у асноўным вывозіліся суседзямі. Сёлета Расея забараніла іх экспарт. Нашы кансервавыя заводы не могуць столькі перапрацаваць, колькі мы вырошчваем. За якія грошы людзі абуюць і апрануць дзяцей да школы, калі кошт кіло агуркоў - 10 капеек!» - піша чыноўніца.

Яна таксама прапанавала дапамагчы выйсці на расейскі рынак і зменшыць імпарт агародніны з Турцыі, Украіны, Расеі, бо «сваё падзець няма куды». Са слоў Стрыбулевіч, у Альшанах больш за 4 тысячы асабістых падсобных гаспадарак, уладальнікі якіх у асноўным сям'і, дзе ад 7 да 12 дзяцей (ёсць і па 15).

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».