20 красавiка 2024, Субота, 1:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-5 месцаў у Беларусі для новых уражанняў

2
Топ-5 месцаў у Беларусі для новых уражанняў

Парады даюць трэвел-блогеры.

Наогул, у будныя дні Дзмітрый Ласько - фатограф «Комсомольской правды». А вось выходныя ён і ягоная дзяўчына Аляксандра Дарошка прысвячаюць падарожжам па Беларусі і дзеляцца ўражаннямі ў сацсетках і ў TikTok, дзе на іх рахунак @ Belarus360 падпісаныя амаль 45 тысяч чалавек, і гэта толькі пачатак - свой блог у TikTok яны завялі менш за паўгода таму.

- Мы выклалі амаль 230 ролікаў і атрымалі больш за 10 мільёнаў праглядаў агулам, - распавядаюць трэвел-блогеры. - Для многіх карыстальнікаў такая Беларусь, якую яны бачаць на нашых роліках, - адкрыццё. Вядомыя лакацыі тыпу Нясвіжа і Міра мала чапляюць. А вось ролік з Мастоў пра самы доўгі ў Беларусі пешаходны падвясны мост праз раку набраў за два дні 600 тысяч праглядаў. Народ здзіўляецца: «Глядзіце, які мост пабудавалі!» - а гэтаму мосту ўжо 50 гадоў амаль. Людзей чапляюць невядомыя месцы і новы погляд на звыклыя рэчы.

Мы папрасілі Дзмітрыя і Аляксандру скласці топ-5 месцаў, дзе атрымліваюцца самыя ўражальныя фатаграфіі. Вы таксама можаце папоўніць свае фотаальбомы здымкамі з гэтых месцаў.

Крэйдавыя кар'еры ў Лазавіцы

Бірузовая вада і белыя «скалістыя» берагі - карцінка нестандартная для нашых месцаў. Крэйдавы кар'ер, фактычна, - тэхнічны вадаём у тым месцы, дзе здабываюць крэйду. У Беларусі 8 такіх месцаў у чатырох абласцях. Самыя вядомыя крэйдавыя кар'еры - Краснасельскія пад Ваўкавыскам, іх называюць «беларускімі Мальдывамі», але ўезд туды забаронены. А вось кар'еры паблізу вёскі Лазавіцы пад Клімавічамі наведаць можна.

Яны не могуць пахваліцца насычаным колерам - дно зарасло глеем, а крэйда, якая надае вадзе блакітны колер, перастала вылучацца ў ваду, але гэта ніколькі не прымяншае маляўнічасці кутка.

Сядзіба ў Жалудку

У наваколлі Шчучына ў Гарадзенскай вобласці ёсць вёска Жалудок, дзе знаходзіцца вельмі фотаграфічная сядзіба. Да Другой сусветнай вайны гэтае мястэчка належала шляхетным родам Сапегаў, Фрацкевіч-Радзімінскіх, Тызенгаўзаў, Святаполк-Чарцінскіх. Апошнія ўладальнікі пабудавалі ў Жалудку сядзібу - палац у стылі нэабарока. У вайну пасёлак амаль цалкам спалілі немцы, акрамя сядзібы - тут размясцілі вайсковы шпіталь. У 1960-я тут на тры дзясяцігоддзі размясцілася вайсковая частка. Пасля распаду СССР яе расфармавалі, маёнтак перадалі Акадэміі навук.

У палацы здымалі першы беларускі хорар «Масакра», дзеля чаго сцены зафарбавалі штучнай сажай і наляпілі на іх бутафорскія ўпрыгажэнні. У 2014-м сядзібу выкупіў бізнэсовец з Расеі, які збіраўся рэканструяваць яе, але нешта пайшло не так, і летась на пастанову суда палац перайшоў ва ўласнасць дзяржавы. Ён усё яшчэ закінуты і чакае свайго часу.

Руіны сядзібы ў Дзікушках

Па шляху з Жалудка ёсць сэнс заехаць у вёску Дзікушкі Лідскага раёна, гэта ўсяго 5 кіламетраў, і сфатаграфавацца на фоне руін былой сядзібы Грабоўскіх. Пасля вайны тут размяшчалася праўленне саўгаса, пазней - клуб, дзе праводзілі канцэрты, вяселлі і банкеты. Сёння будынак закінуты, але фатаграфіі на фоне калон атрымліваюцца вельмі каларытнымі.

Вадаспад на рацэ Вята

У Мёрскім раёне каля вёскі Пруднікаў цячэ рака Вята з вадаспадам. Ён з'явіўся дзякуючы гідраэлектрастанцыі, якую некалі пабудавалі, каб забяспечваць электрычнасцю мясцовую кардонную фабрыку, найбліжэйшыя вёскі і самі Мёры. Электрастанцыя перастала дзейнічаць яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя, а вадаспад застаўся.

Падвясны мост праз Нёман у Мастах

Гэта самы доўгі падвясны мост у Беларусі. Яго даўжыня - 193,3 метра, шырыня прахожай часткі - 1,5 метра. Мост быў пабудаваны ў 1973 годзе на прапанову Яўгена Радкевіча, які ў тыя часы быў генеральным дырэктарам «Мастоўдрэва» і ў свой час прыклаў руку да будаўніцтва перапраў праз горныя рэкі ў Сібіры і Азіі. У сярэдзіне 90-х на мосце замянілі драўляны насціл, зрабілі новыя парэнчы, памянялі тросы. У 2019 годзе мост перажыў чарговы рамонт і стаў галоўнай турыстычнай славутасцю Мастоў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках