19 сакавiка 2024, aўторак, 10:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі значна пагоршыліся прагнозы што да інфляцыі

2
У Расеі значна пагоршыліся прагнозы што да інфляцыі

Самы высокі рост коштаў з 2016 года.

Інфляцыя ў Расеі ў канцы года будзе ў 1,5 разы вышэйшай за прагназаваную ЦБ, а адток капіталу перавысіць першапачатковыя ацэнкі больш чым на 40%, паведамляе finanz.ru

Такія лічбы Банк Расеі заклаў у абноўлены сярэднетэрміновы прагноз, апублікаваны пасля пастановы аб падвышэнні ключавой стаўкі.

Паводле новых ацэнак ЦБ, у снежні тэмпы росту спажывецкіх коштаў складуць 5,7-6,2% пры мэтавым узроўні 4% і красавіцкім прагнозе 4,7-5,2%.

Самая высокая з 2016 года і самая ўстойлівая за 6 гадоў інфляцыя на сярэдзіну ліпеня дасягнула 6,5%, не паказаўшы прыкмет запаволення пасля рэкордаў пачатку лета.

Прагноз ЦБ выглядае «вельмі аптымістычна», мяркуе Наталля Арлова, галоўная эканамістка «Альфа-банка»: каб ён спраўдзіўся, патрэбная дэфляцыя ў жніўні і верасні, а гэта «сумнеўна, улічваючы чуткі пра будучае падаражанне хлеба і даволі няўстойлівы абменны курс».

Прагноз цэнтрабанка ў адтоку капіталу таксама падвышаны і складае 50 млрд даляраў, што на 15 млрд вышэй за ацэнку, дадзеную тры месяцы таму.

Фактычна ЦБ прыводзіць свае чаканні ў адпаведнасць з рэальнасцю. Амаль столькі - 48 млрд даляраў - прыватны сектар вывез з краіны назапашаным вынікам за апошнія 12 месяцаў, паказвае галоўны эканаміст ING па Расеі і СНД Дзмітрый Далгін.

За першае паўгоддзе адток выявіўся крыху меншым, чым годам раней, - 28,3 млрд даляраў супраць 31,2 млрд. Але структура гэтых плыняў пагоршылася: калі раней карпарацыі і банкі выплачвалі замежную пазыку, то сёлета яна нават вырасла - на 1 млрд даляраў за студзень-чэрвень (з карэкціроўкай на валютныя курсы).

80% вывазу прыпала на адток акцыянернага капіталу, адзначае Далгін. Гэта прыбытак і зберажэнні бізнэсу, якія прадаўжаюць шукаць спакою на замежных і афшорных рахунках.

Замежны бізнэс па-ранейшаму не гарыць жаданнем фундаваць у рэальны сектар Расеі: наўпроставыя інвестыцыі трымаюцца паблізу мінімумаў з сярэдзіны 1990-х - 4,1 млрд даляраў за першую палову года. Для параўнання: за той жа перыяд 2011 года прыток дасягаў 26 млрд даляраў, а 2007-га - 27 млрд.

Расейскія кампаніі тым часам уклалі ў капітал замежных структур 13,4 млрд даляраў - гэта значыць, утрая больш, чым рэальны сектар атрымаў ад нерэзідэнтаў. Чысты адток ПЗІ склаў, такім чынам, 9,3 млрд даляраў.

Вываз капіталу з Расеі паскорыцца, бо ёсць што вывозіць, вынікае з прагнозаў ЦБ: за год эканоміка атрымае на 49 млрд даляраў больш экспартных валютных даходаў, чым меркавалася першапачаткова.

Пры сярэднім кошце нафты 60 даляраў за барэль гэта будзе 452 млрд даляраў супраць 403 млрд у красавіцкім прагнозе.

«Прадаўжэнне адтоку акцыянернага капіталу з РФ з'яўляецца фактарам рызыкі на сярэднетэрміновую перспектыву», і ўяўляе «структурны выклік для аплатнага балансу» эканомікі, папярэджвае Далгін.

Зрэшты, развязваць гэтую праблему трэба не макрамэнэджмэнтам, а хутчэй структурнымі ініцыятывамі ў частцы ўнутранага інвестыцыйнага попыту, мяркуе ён.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках