19 сакавiка 2024, aўторак, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Названыя 9 натуральных напояў, якія дапамогуць лепш спаць

4
Названыя 9 натуральных напояў, якія дапамогуць лепш спаць

Адзін з такіх напояў – вішнёвы сок.

Навукоўцы мяркуюць, што дарослым людзям трэба спаць уначы ў сярэднім 8 гадзінаў. Калі ў вас з'явіліся праблемы з санлівасцю ці вы ўвесь час не можаце праспаць ноччу нават 7 гадзінаў, гэта можа весці да развіцця хваробаў сэрца і сасудаў, дыябету, дэпрэсіі. На шчасце, існуюць напоі, якія здольныя дапамагчы вам заснуць і добра выспацца, піша healthinfo.ua.

1. Вішнёвы сок

Вішнёвы сок дапамагае хутчэй заснуць дзякуючы высокаму ўтрыманню трыптафану. Гэта амінакіслата, якая неабходная для выпрацоўкі гармону мелатаніну, адказнага за адыход арганізма да сну і абуджэнне.

Два даследаванні наглядна прадэманстравалі, што піццё соку два разы на дзень прывяло да значнага паляпшэння начнога адпачынку і паменшыла колькасць абуджэнняў пасярод ночы. Варта адзначыць, што эфектыўныя і салодкія, і кіслявыя гатункі вішні, але другія маюць больш моцнае дзеянне.

Яшчэ адзін эксперымент паказаў, што ў тых, хто ўжываў два кубкі (480 мл) вішнёвага соку за дзень цягам двух тыдняў, агульны час сну павялічыўся на 84 хвіліны. Так што аддайце перавагу гэтаму напою і станеце спаць больш і лепш.

2. Рамонкавая гарбата

Рамонкавая гарбата традыцыйна выкарыстоўваецца для заспакаення нерваў. Акрамя таго, яна прыносіць нямала карысці здароўю, бо валодае антызапаленчым дзеяннем, паляпшае стан скуры і дапамагае пры прастудзе.

Некалькі даследаванняў, у якіх удзельнічалі пацыенты з рознымі парушэннямі сну, паказалі, што ўжыванне рамонкавай гарбаты цягам двух тыдняў палягчае засынанне і здымае сімптомы бессані.

Гарбату ў канцэнтрацыі чатыры сталовыя лыжкі рамонку на шклянку (237 мл) кіпеню можна піць кожны дзень, і гэта не выкліча ніякіх пабочных эфектаў.

3. Гарбата з індыйскім жэньшэнем

Ашваганда (індыйскі жэньшэнь, зімовая вішня) даволі магутная лекавая расліна. Экстракты з яе каранёў, ягадаў і лісця выкарыстоўваюць для лячэння стрэсу і трывожнасці. Акрамя таго, гэты напой нядрэнна дапамагае пры артрыце.

Корань ашваганды змяшчае злучэнне пад назвай трыэтыленгліколь, якое выклікае санлівасць. Даследаванні і на мышах, і на людзях паказваюць, што гэтае рэчыва дапамагае арганізму расслабіцца і падрыхтавацца да адпачынку, а таксама паляпшае агульную якасць сну.

Індыйскі жэньшэнь можна змешваць з кардамонам, карыцай і мушкатовым арэхам і дадаваць у цёплае малако. Таксама ён выдатна пасуе для гатавання гарбаты. Гэты напой у цэлым бясшкодны, але яго не варта піць людзям з аўтаімуннымі парушэннямі, цяжарным ці жанчынам, якія кормяць грудзьмі, а таксама тым, хто прымае лекі ад крывянога ціску, павышанага цукру ці захворванняў шчытападобнай залозы.

4. Гарбата з кораню валяр'яны

Валяр'яна – гэта яшчэ адзін традыцыйны дзейсны сродак. Даследаванні пацвярджаюць, што яе экстракт даволі эфектыўны пры барацьбе з бессанню.

Каб прыгатаваць гарбату, заварыце 2-3 грамы кораню валяр'яны ў кубку (237 мл) гарачай вады і пакіньце настояцца на 10–15 хвілін. Гэты напой цалкам бяспечны і не робіць негатыўнага ўплыву на цыркадныя рытмы. Аднак злоўжыванне ёй можа прывесці да росту трывожнасці.

Ёсць і іншыя абмежаванні: валяр'яну нельга ўжываць цяжарным жанчынам. Акрамя таго, яе недапушчальна змешваць з алкаголем.

5. Мятная гарбата

Мяркуецца, што гарбата з мятай валодае супрацьвіруснымі, антымікробнымі і нават антыалергеннымі ўласцівасцямі. Яна таксама можа дапамагчы пры разладзе страўніка і сіндроме раздражнёнага кішачніка. Акрамя таго, даказана, што мята спрыяльна ўплывае на засынанне, хоць неабходныя дадатковыя даследаванні, каб вызначыць механізм гэтага ўздзеяння.

Закіпяціце дзве шклянкі вады (420 мл) і дадайце туды жменю перцавай мяты, настойвайце не менш за пяць хвілінаў. Майце на ўвазе, што такі напой не варта ўжываць адначасова з лекамі ад крывянога ціску, пры разладзе страўніка ці дыябету. Калі вам прызначаныя яшчэ нейкія прэпараты, варта пракансультавацца з лекарам, перш чым увесці ў свой рацыён мятную гарбату.

6. Цёплае малако

Тое, што перад сном карысна піць цёплае малако, вядома ўсім. Рэч у тым, што малако ўтрымлівае трыптафан, а таму дапамагае хутчэй заснуць і палягчае адаптацыю пры змене гадзіннікавых паясоў. А яшчэ яно спрыяе павышэнню ўзроўню сератаніну, які адказвае за адчуванне шчасця і дабрабыту.

Шматлікія даследаванні пацвердзілі, што малако памяншае колькасць начных абуджэнняў і дапамагае цягліцам менш скарачацца ў сне. Так што ўвядзіце звычку выпіваць перад сном шклянку гэтага напою, пры жаданні дадаючы ў яго мёд. Супрацьпаказанне – толькі для тых, у каго ёсць непераноснасць лактозы.

7. Залатое малако

Галоўныя складнікі гэтага напою – малако і куркума. Апошняя багатая на рэчыва пад назвай куркумін – яно змякчае сімптомы бессані, памяншае запаленне, а таксама дапамагае пры трывожнасці і дэпрэсіі.

Каб прыгатаваць залатое малако, змяшайце паўкубка малака (118 мл), адну чайную лыжку куркумы, 40 г імбіру і чайную лыжку мёду. Давядзіце да кіпення, потым паменшыце агонь і варыце 3-5 хвілін.

Інгрэдыенты залатога малака цалкам бяспечныя. Аднак людзям, якія прымаюць прэпараты для разрэджвання крыві, зніжэння кіслотнасці страўнікавага соку і лекавання дыябету варта абавязкова пракансультавацца з лекарам.

8. Мігдалавае малако

Мігдалавае малако – напой, які атрымліваецца з сумесі перамолатага неабсмажанага мігдалу з вадой. Цэльны мігдал сам сабой можа палепшыць якасць сну: алей з яго шмат гадоў выкарыстоўвалася ў традыцыйнай іранскай медыцыне для лекавання бессані. А сучасныя даследаванні толькі пацвярджаюць ягоную дзейснасць.

Мігдалавае малако ўтрымлівае трыптафан, а таксама магній – мінерал, які таксама дапамагае нармалізаваць сон. Аднак варта мець на ўвазе, што гэты напой нельга прымаць людзям з алергіяй на арэхі.

9. Бананава-мігдалавыя смузі

Банан ані не саступае мігдалу ва ўтрыманні магнію і трыптафану. Яшчэ ў гэтай садавіне ёсць мелатанін і шмат калію, які неабходны для паслаблення цягліцаў. Калі ж аб'яднаць банан і мігдал, то атрымаецца магутнае прыроднае снатворнае.

Каб прыгатаваць смузі, змяшайце адзін банан, адзін кубак (237 мл) мігдалавага малака, сталовую лыжку мігдалавага алею і ½ кубкі лёду. Можна дадаваць іншыя інгрэдыенты, багатыя на магній і калій, – напрыклад, зеляніну, апельсінавы сок, цёмны шакалад, ёгурт або авакада.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках