ДП «Антонаў» і канадская кампанія плануюць вырабляць самалёты Ан-74ТК-200
9- 26.07.2021, 19:00
- 9,258
Канчатковая зборка самалётаў будзе вырабляцца ва Украіне і Канадзе.
Дзяржпрадпрыемства «Антонаў» і ўрад канадскай правінцыі Квебек плануюць падпісаць пагадненне аб вытворчасці самалётаў Ан-74ТК-200 для міжнародных рынкаў, у тым ліку паўночнаамерыканскіх. Пра гэта паведаміў сайт канадскай кампаніі Capital Hill Group.
Самалёт Ан-74ТК-200 прызначаны для перавозкі 52 пасажыраў, грузаў да 10 т, а таксама змешаных пасажырскіх і грузавых перавозак маршрутамі малой і сярэдняй працягласці. Максімальная ўзлётная маса самалёта - 36,5 т, максімальная вышыня палёту - 10 тысяч 100 м, крэйсерская хуткасць - 600-700 км/г. Далёкасць палёту з нагрузкай 10 т - 950 км, з нагрузкай 1,8 т - 4250 км. Экіпаж складаецца з двух чалавек, паведаміў сайт кампаніі.
Рынкавай перавагай мадэлі самалёта назвалі тое, што ён можа выкарыстоўвацца ў асабліва суровых умовах.
«У будучай мадэлі самалёта будуць максімальна выкарыстаны найноўшыя авіяцыйныя тэхналогіі, такія як «шкляная кабіна» і іншыя. Плануецца распрацаваць шэраг мадыфікацый базавай мадэлі самалётаў цывільнага і спецыяльнага прызначэння, гэта магчыма дзякуючы шматгадоваму досведу спецыялістаў ДП «Антонаў», - падкрэслілі ў рэлізе.
Канчатковая зборка мадэлі будзе праводзіцца ва Украіне і Канадзе.