24 красавiка 2024, Серада, 8:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Шарэнда: Паліна падала мне знак - «З’язджай!»

8
Андрэй Шарэнда: Паліна падала мне знак - «З’язджай!»

Актывістка «Еўрапейскай Беларусі» ўжо больш за 200 дзён знаходзіцца за кратамі, яе муж вымушаны быў бегчы з краіны.

Гісторыя сям'і Паліны і Андрэя Шарэндаў з Берасця добра знаёмая шматлікім. Абодва актывісты «Еўрапейскай Беларусі», выхоўвалі дваіх сыноў, зараблялі перакладамі. Пасля леташніх падзей трапілі пад каток дзяржаўнай рэпрэсіўнай машыны. Былі прызнаныя палітвязнямі, піша сайт naviny.by.

Паліну прысудзілі да двух гадоў калоніі. Пазбаўленне волі пагражала і Андрэю, але яму ўдалося ў даслоўным сэнсе бегчы з Беларусі.

«Сістэма зразумела, што яе не зламаць»

«Я падлічыў: ужо 205 дзён мая жонка знаходзіцца ў закладніках рэжыму. 27 ліпеня будзе абскарджанне прысуду суда Маскоўскага раёна Берасця, які 9 чэрвеня прызнаў маю жонку Паліну Шарэнду-Панасюк вінаватай» у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт.364 КК), «абразе прадстаўніка ўлады (арт.369) і абразе прэзідэнта (арт.368)». У мяне няма ілюзій, пастанова даўно прынятая па яе справе. Цяпер яна ў СІЗА-7 Берасця, але агульнапрынятая практыка - адпраўляць з Берасця асуджаных судом першай інстанцыі палітвязняў у Баранавічы, бо Берасцейскае СІЗА перапоўненае. Думаю, што неўзабаве Паліну адправяць у гомельскую калонію», - распавёў Андрэй Шарэнда.

Суд прысудзіў Шарэнду-Панасюк да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму. Менавіта столькі запытаў прадстаўнік абвінавачвання ў спрэчках 8 чэрвеня. Суд таксама задаволіў грамадзянскія пазовы пацярпелых супрацоўнікаў МУС на агульную суму пяць тысяч рублёў - двум супрацоўнікам міліцыі па паўтары і аднаму дзве тысячы рублёў.

Шарэнда-Панасюк не прызнала віну ў судзе. Яе дыялог з суддзём шырока разышоўся па сетцы.

«Я не магу быць вінаватай ці невінаватай. Гэта палітычна матываванае абвінавачванне. Даць адпор бандыту - гэта гонар і абавязак грамадзяніна», - заявіла Паліна Шарэнда-Панасюк.

Яна знаходзіцца пад вартай з пачатку студзеня 2021 года. У лютым—сакавіку Паліну накіроўвалі на псіхіятрычную экспэртызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Згодна з вынікамі медыцынскага абследавання, агучаных у судзе, Паліна не пакутуе на псіхічны разлад і не патрабуе лячэння.

«Крымінальная псіхіятрыя ўжо даўно актыўна выкарыстоўваецца ў Беларусі: палітычная актыўнасць людзей прыраўноўваецца да сацыяльных паталогій. Ніякай экспэртызы не было», - заявіла Шарэнда-Панасюк у судзе.

Пасля суда, паводле інфармацыі Андрэя Шарэнды, на Паліну не было нейкага асаблівага ціску, але ёй спрабавалі прышыць арганізацыю незаконнага пікетавання ў час суда.

«Мне вядома, — сказаў Андрэй, - што была спроба скласці на Паліну пратакол паводле арт.24.23 КоАП, але яна адмовілася адказваць на пытанні і падпісваць пратакол. У якой стадыі знаходзіцца адміністрацыйная справа цяпер, я не ведаю».

Паліну перавялі ў іншую камеру, дзе сядзяць жанчыны, асуджаныя паводле непалітычных артыкулаў: «Я расцэньваю перавод як спробу ізаляваць Паліну. Пасля суда і лісты ад яе прыходзяць радзей. Я так разумею, што гэта звязана з тым, што фільтруюцца словы падтрымкі Паліне ад людзей. Паліна перадае ўсім, хто яе падтрымліваў, падзяку, яна просіць ёй пісаць, бо нават калі не цяпер, то пазней прачытае ўсе лісты».

Андрэй мяркуе, што «сістэма зразумела, што яе не зламаць».

«Гляджу на Паліну, а мне ў патыліцу дыхае супрацоўнік»

Пасля суда Андрэй трапіў на спатканне з Палінай.

Да таго моманту ён знаходзіўся пад хатнім арыштам, затрымалі яго 31 траўня, калі ён выходзіў з басейна, даставілі ў аддзяленне Следчага камітэта, сказалі, што ён з'яўляецца падазраваным «у абразе Лукашэнкі» (арт. 368) і «ў прычыненні шкоды дзяржаўным інтарэсам» (арт. 361) Абвінавачанне, са слоў Шарэнды, будавалася на ягонай фразе ў СМІ аб тым, што «нельга весці перамовы з тэрарыстам-дыктатарам»:

«Лукашэнка не згадваўся ў маіх словах, але мяне і абвінавацілі ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.. Я не даваў ніякіх тлумачэнняў паводле справы, напісаў толькі, што ўважаю пераслед за палітычна матываваны. І маральна быў гатовы да СІЗА, але трапіў пад хатні арышт. Мне было забаронена карыстацца інтэрнэтам, у мяне быў мабільны тэлефон, я быў абавязаны адказваць на кантрольныя званкі. З сямі вечара да сямі раніцы я павінен быў знаходзіцца дома, а ў астатні час мог выходзіць па сямейных абставінах - вадзіць дзяцей у садок, хадзіць у краму. Мне здаецца, за мной сачылі - я бачыў людзей каля пад'езда, часам яны ішлі за мной»

Паліна пра хатні арышт Андрэя ведала. Іх спатканне ледзь не сарвалася: прашэнне на спатканне задаволілі, а ў СІЗА сказалі, што месцаў няма, прапанаваўшы спатканне ў ліпені. У Андрэя ж павінен быў адбыцца суд 28 чэрвеня, і ён разумеў, што сам можа апынуцца за кратамі. Па збегу абставінаў сваяк іншага палітвязня не мог трапіць на спатканне і саступіў сваё месца Андрэю.

«Я дзень думаў, што можна сказаць Паліне, якую не бачыў паўгода, за гадзіну спаткання», - распавёў Андрэй Шарэнда.

«Убачыў яе ў памяшканні для спатканняў. У СІЗА яно ўяўляе з сябе пакой, падзелены глухой тоўстай сцяной з аргшкла. Нічога не чуваць з таго, што кажуць за гэтым шклом, таму там ёсць тэлефон. У пакоі з кожнага боку сядзяць чатыры чалавекі на адлегласці паўметра і ўсе кажуць адначасова.

Да мяне прыставілі супрацоўніка, які мяне адразу праінструктаваў, што я не павінен казаць Паліне пра сітуацыю ў краіне, пра іншых палітвязняў. Мне дазволілі гаварыць толькі на тэмы сям'і і іншыя, не звязаныя з палітыкай. Ліст паперы і асадку ўзяць не дазволілі.

Вось я сяджу, гляджу на Паліну, мне ў патыліцу дыхае супрацоўнік, а за спіной жонкі таксама яшчэ адзін стаіць. У такой атмасферы нармальна размашляць немагчыма. Мы пагаварылі пра дзяцей, пра надвор'е. За паўгода ў Паліны так адраслі валасы...я ніколі не бачыў у жонкі такіх доўгіх валасоў, у яе заўсёды была стрыжка. Яна трымаецца бадзёра і стараецца захоўваць спакой. Яна мае вельмі выразныя перакананні, і яна добра трымаецца, нягледзячы на тое, што правяла ў карцэры больш 30 дзён.

Паліна прыкладна разумела сітуацыю ў сям'і, я казаў, што дзеці сумуюць, што знаходзяцца пад наглядам. Паліна ведала, што мне пагражае крымінальны тэрмін, і яна падала мне знак: «Едзь». Супрацоўнік, які стаяў за спіной, ляпнуў па стале ў гэты момант, маўляў, нельга падаваць знакі, трэба казаць».

Андрэй кажа, што падтрымка жонкі для яго важная, але ён не збіраўся ісці ў суд у кожным выпадку, таму што мяркуе, што справядлівага суда ў Беларусі няма.

Праз беларуска-літоўскую мяжу - з іншымі нелегаламі

Андрэй сышоў ад арышту з дапамогай сяброў, нелегальна перайшоўшы мяжу з Літвой.

Некалькі дзён ён знаходзіўся ў памежжы, затым па мапе перайшоў уначы мяжу з Літвой. З сабой у Андрэя быў беларускі пашпарт без шэнгенскай альбо літоўскай нацыянальнай візы і пару рэчаў:

«Я быў здзіўлены, што няма нейкай агароджы або дроту на вельмі працяглым адрэзку мяжы. Патрулі з беларускага боку ходзяць, але праз іх можна праскочыць, маючы пэўную долю шанцавання. Я зразумеў так: калі рыхтуецца перакідка нелегальных мігрантаў з трэціх краін, якія масава незаконна перасякаюць беларуска-літоўскую мяжу, нашы памежнікі сыходзяць са сваіх пастоў і знаходзяцца ў адным месцы».

Ён ішоў не адзін, з жанчынай, якая таксама бегла ад пераследу беларускіх уладаў:

«Мы перайшлі мяжу, сустрэлі літоўскіх памежнікаў, нас адвезлі на заставу. І адразу ж прывезлі вялікую групу з, здаецца, пятнаццаці чалавек з краін Афрыкі, якія незаконна перайшлі мяжу практычна адначасова з намі. На наступны дзень мы даведаліся, што прыйшла яшчэ вялікая група (чалавек сорак), там былі грамадзяне Ірака, Сірыі. Сярод іх былі жанчыны з груднымі дзецьмі, паджылыя людзі.

Некаторыя гаварылі па-ангельску. Адна дзяўчына мне распавяла, што прыляцелі самалётам, затым арганізавана іх падвезлі да мяжы, паказалі кірунак, куды ісці. Яны прайшлі некалькі сотняў метраў і апынуліся ў Літве»

Андрэя і яго выпадковую спадарожніцу-беларуску пасялілі асобна ад іншых мігрантаў чакаць вынікі тэсту на COVID-19.

Цяпер Шарэнда можа свабодна гуляць па Вільні, жыве не ў лагеры ўцекачоў.

Свой пераезд Андрэй Шарэнда ўважае за часовы, ён упэўнены, што запушчаныя ў жніўні 2020 года працэсы носяць незваротны характар.

«Мне дапамагла беларуская дыяспара, я вельмі ўдзячны людзям за дапамогу. Я ўпэўнены, што найбліжэйшым часам палітвязні выйдуць на волю, а мы вернемся дадому. Я буду рабіць усё магчымае, каб дапамагаць палітвязням і сваёй жонцы, бо Паліна - сапраўдны герой Беларусі. Я буду рабіць усё, каб яна апынулася на волі. І я яшчэ раз заклікаю праваабаронцаў, якія самі вельмі моцна пацярпелі ў апошнія дні ад рэжыму, не арыентавацца ў прыняцці пастановы аб статусе палітвязняў на афіцыйныя паперы, а на журналісцкія тэксты, на паказанні зняволеных», — сказаў на заканчэнне Шарэнда.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках