20 верасня 2021, панядзелак, 6:26
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія мільярдэры, якія трапілі пад санкцыі, паскардзіліся Пуціну на страты

18
Расейскія мільярдэры, якія трапілі пад санкцыі, паскардзіліся Пуціну на страты

Кіраўнікі найбуйнейшых будаўнічых кампаній РФ накіравалі кіраўніку Крамля ліст.

Расейская будаўнічая галіна знаходзіцца ў крызісным стане праз страты і абавязкі. Пра гэта гаворыцца ў лісце, які на імя прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна накіравалі кіраўнікі найбуйнейшых будаўнічых кампаній, у тым ліку «СГМ-Мост» мільярдэра Аркадзя Ратэнберга і «Стройтрансгаз» Генадзя Цімчанкі, які ўваходзіць у топ-10 самых багатых людзей Расеі.

Абодва бізнэсоўцы, сумарнае багацце якіх Forbes ацэньвае амаль у 25 млрд даляраў (22 млрд у Цімчанкі і 2,9 млрд у Ратэнберга) трапілі ў санкцыйныя спісы ЗША пасля анэксіі Крыма як блізкія да Пуціна алігархі.

На думку аўтараў ліста, які цытуе РБК, стан будаўнічай галіны ацэньваецца як «крызісны», што «стварае непрымальныя рызыкі як для нацыянальнай эканомікі, так і для сацыяльнай сферы і бяспекі краіны».

За пяць гадоў з 2015 года страты дасягнулі 137 млрд рублёў, кожная другая кампанія (54%) сышла з рынку, а аб'ём запазычанасці будаўнікоў у чатыры разы перавышае суму іх чыстых актываў.

Сістэма кіравання рызыкамі пры выкананні дзяржаўнага кантракта (большасць праектаў рэалізуецца за кошт бюджэту) не ўтрымлівае парадку ацэнкі адпаведнасці работ, фармуючы «прэзумпцыю вінаватасці» падрадчыка, сістэма цэнаўтварэння ў бюджэтным будаўніцтве не адпавядае рэаліям рынка, скардзяцца бізнэсоўцы.

У структуры цаны няма паняцця «прадпрымальніцкі даход» і не ўлічваюцца выдаткі на банкаўскія гарантыі, працэнты на прыцягненне дадатковага фінансавання пры казначэйскім суправаджэнні.

Развязанне існых праблем немагчыма без «дадатковай увагі» Пуціна, гаворыцца ў лісце. Але канкрэтныя просьбы там не пазначаныя.

Паводле звестак Forbes, з 2015 года асабістае багацце Ратэнберга, кампанія якога пабудавала Крымскі мост за 227 млрд рублёў, вырасла на 300 млн даляраў, што перамясціла яго з 60-га на 52-ы радок у рэйтынгу найбагацейшых людзей Расеі.

Цімчанка, які акрамя будаўнічых актываў валодае буйнымі долямі ў «Новатэка» (23,49%) і «Сибуре» (17%), стаў багацейшым удвая (на 11,3 млрд даляраў). Цяпер ён займае 6-е месца ў расейскім спісе Forbes.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».