19 красавiка 2024, Пятніца, 18:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знойдзены новы спосаб атрымання электрычнасці

15
Знойдзены новы спосаб атрымання электрычнасці

Жыхар Сьера-Леонэ знайшоў спосаб вытворчасці «чыстай» энэргіі з вібрацый у навакольным асяроддзі.

Жыхар рэспублікі Сьера-Леонэ ў Заходняй Афрыцы Джэрэмі Таронка (Jeremiah Thoronka) распрацаваў спецыяльную ўстаноўку, якая дазваляе забяспечыць электрычнасцю тысячы дамоў без асаблівых высілкаў і шкоды прыродзе. Малады чалавек знайшоў спосаб вытворчасці «чыстай» энэргіі з вібрацый у навакольным асяроддзі, паведамляе BBC.

Трэці год запар Таронка, якому зараз 20 гадоў, займаецца развязаннем праблемы дэфіцыту энергазабеспячэння роднай краіны, з якой сам сутыкаўся з дзяцінства. Паступіўшы ў Афрыканскі ўніверсітэт лідарства ў Руандзе (African Leadership University in Rwanda), малады чалавек заснаваў інавацыйны стартап вытворчасці электрычнасці Optim Energy.

У аснове тэхналогіі ляжыць п'езаэлектрычная прылада, якая выкарыстоўвае энэргію цяпла, руху і ціску з навакольнага асяроддзя. Калі ўстаноўка знаходзіцца пад дарогай з інтэнсіўным рухам транспарту і пешаходным трафікам, яна паглынае вібрацыі і выкарыстоўвае іх для генерацыі электрычнага току. Выкідаў парніковага газу, у адрозненне ад класічных электрастанцый, пры гэтым няма, бо адсутнічае працэс спальвання паліва.

Такая крыніца электрычнасці мае перавагі і перад некаторымі альтэрнатыўнымі ўстаноўкамі для выпрацоўкі энэргіі. Праца вібрацыйных прылад не залежыць ад умоў надвор'я, як сонечныя і ветраныя станцыі. Яшчэ адным вялікім плюсам вынаходкі з'яўляецца адсутнасць неабходнасці ў батарэях і падключэнні да вонкавай крыніцы сілкавання.

Паводле звестак арганізацыі «Устойлівая энэргія для ўсіх» (Sustainable Energy for All (SEforALL), толькі 26 адсоткаў насельніцтва Сьера-Леонэ маюць доступ да электрычнасці. У сельскай мясцовасці большасць людзей не могуць падключыцца да нацыянальнай сеткі. З даступнай электрычнасцю ў дзяцей з'явіцца больш часу для вучобы і ўключэння ў лічбавае асяроддзе свету, а ў дарослых - магчымасць падтрымліваць эканамічную дзейнасць, уважае прадстаўнік універсітэта Віні Мучына (Winnie Muchina).

Кампанія Optim Energy правяла паспяховую пілотную праграму ў некалькіх раёнах, і насельніцтва з радасцю прыняло навінку. Выкарыстоўваючы дзве прылады, стартап бясплатна забяспечыў электраэнэргіяй 150 дамоў з насельніцтвам у 1,5 тысячы чалавек, а таксама 15 школ. Акрамя таго, Таронка выпусціў анлайн-калькулятар энергаэфектыўнасці, які адсочвае мадэлі спажывання людзей у залежнасці ад выкарыстання імі рознай бытавой тэхнікі.

Праца Таронкі атрымала міжнароднае прызнанне. У сакавіку 2021 года яму ўручылі «Моладзевую прэмію садружнасці» (Commonwealth Youth Award), якую штогод прысуджаюць пяці маладым людзям, якія змянілі жыццё сваіх суграмадзянаў у лепшы бок. Прыз у 2,8 тысячы даляраў Таронка выдаткуе на разгортванне прылад яшчэ ў некалькіх гарадах і прыбярэжных рэгіёнах Сьера-Леонэ, каб да 2030 года забяспечыць электраэнэргіяй амаль 100 тысяч чалавек.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках