28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пайшоў па набыткі – вярнуўся з прышчэпкай

69
Пайшоў па набыткі – вярнуўся з прышчэпкай

Як выглядае вакцынацыя ў гандлёвым цэнтры.

Акрамя паліклінік і лякарняў, прышчапіцца ад каранавірусу цяпер можна ў гандлёвых цэнтрах і на буйных рынках.

Naviny.by расказваюць, як выглядае вакцынацыя ў адным са сталічных універмагаў.

Набыткі можна сумясціць з вакцынацыяй

Па прышчэпку зусім неабавязкова ехаць у самыя буйныя ўніверсамы або гіпермаркеты Менска. Бо цэнтры вакцынацыі адчыненыя і ў гандлёвых цэнтрах, якія размешчаныя ў мікрараёнах. І тэрытарыяльная «прывязка» грамадзяніна для атрымання прышчэпкі не патрэбная.

Пералічым усе адрасы. Гэта ЦУМ (праспект Незалежнасці, 54), ГУМ (праспект Незалежнасці, 21), універмаг «Беларусь» (вуліца Жылуновіча, 4), ТРЦ «Галерэя Менск» (праспект Пераможцаў, 9), ТРЦ «Тытан» (праспект Дзяржынскага, 104), ГЦ «Момо» (праспект Партызанскі, 150 а), а таксама Камароўскі рынак (вуліца Харужай, 8) і рынак «Уручча-3» (вуліца Нікіфарава, 51).

Акрамя таго, пункты вакцынацыі адчыненыя ў двух гіпермаркетах Green (Партызанскі праспект, 182 і вуліца Убарэвіча, 176), ГЦ «Глоба» (вуліца Уманская, 54), ГЦ «Аўтлет» (праспект Жукава, 44), ГЦ «Максімус» (вуліца Лабанка, 94 і вуліца Ясеніна, 76), ГЦ «Бонус» (вуліца Галубка, 2), ГД «Ждановічы» «Свет Моды-5» (вуліца Ціміразева, 129), а таксама на аўтарынку ў Малінаўцы (Мянькоўскі тракт, 2)

Прыём тут часткова супадае з графікам працы гандлёвых цэнтраў і ўнівермагаў – удакладняйце гэтую інфармацыю.

У пошуках «правільнай» вакцыны

Пра тое, як праводзяць вакцынацыю ў гандлёвых цэнтрах, раскажам на прыкладзе сталічнага ЦУМа.

Прышчэпку ад каранавірусу тут можна зрабіць штодня з 9-й да 19-й, акрамя суботы і нядзелі. Сама працэдура бясплатная.

У працы кабінета, які размешчаны на трэцім паверсе ўнівермага, ёсць нешматлікія паўгадзінныя перапынкі. Яны неабходныя для кварцавання і дэзынфекцыі, што з'яўляецца агульнай практыкай.

На жаль, у кабінет нельга патэлефанаваць, каб атрымаць даведку або папярэдне запісацца на прыём.

Цяпер у ЦУМе прапануюць толькі вакцыну «Спадарожнік V» расейска-беларускай вытворчасці. На дзвярах цэнтра вакцынацыі вісіць адпаведная аб'ява.

У той самы час некаторыя беларусы, якія надумалі прышчапіцца, настойліва шукаюць кітайскую вакцыну кампаніі Sinopharm. І ўбачыўшы гэтую аб'яву на дзвярах, сыходзяць у расчараванні.

Аднак ніякага дэфіцыту кітайскай вакцыны няма – у іншых гандлёвых цэнтрах яна ёсць у наяўнасці.

Больш за тое, да канца жніўня ў Беларусь паступіць блізу аднаго мільёна дозаў вакцыны Sinopharm.

А да канца жніўня – пачатку верасня ў беларускіх пунктах вакцынацыі павінен з'явіцца яшчэ і расейскі прэпарат «Спадарожнік Лайт».

Між тым прыватныя медцэнтры Менска вакцынацыю ад каранавірусу цяпер не праводзяць. «Няма інфармацыі», – так адказваюць тут на пытанне, ці можа такая паслуга быць прапанаваная цэнтрамі ў найбліжэйшай будучыні.

«Калі трэба – укалюся!»

Каб зрабіць прышчэпку ў гандлёвым цэнтры, неабходны толькі пашпарт. Вялікіх чэргаў тут няма – яны назіраюцца толькі тады, калі пункт або толькі пачаў працу, або хутка зачыніцца.

Чаргі на прышчэпку ў ЦУМе чакаюць не толькі маладыя, але і пажылыя людзі, мужчыны і жанчыны. Некаторыя беларусы прыходзяць сем'ямі.

Наведвальнікам ЦУМа здаецца, што чэргі па прышчэпку тут доўгія. Аднак не варта забывацца, што на крэслах тут сядзяць і людзі, якія ўжо зрабілі прышчэпку.

Рэч у тым, што лекары просяць пацыентаў заставацца каля кабінета цягам паўгадзіны, каб папярэдзіць магчымыя алергічныя рэакцыі і поствакцынальныя ўскладненні.

У прышчэпачным кабінеце ЦУМа працуюць тры спецыялісты з 33-й гарадской студэнцкай паліклінікі. Адзін прымае дакумент грамадзяніна, другі вымярае тэмпературу, ціск і сатурацыю, трэці – робіць яму прышчэпку.

Самі вакцыны захоўваюцца тут сама, у вялікім халадзільніку.

Чалавека, які надумаў зрабіць прышчэпку, распытваюць пра ягоныя хранічныя захворванні, магчымыя алергічныя рэакцыі на прэпараты.

Таксама яму трэба будзе запоўніць некалькі дакументаў, паставіўшы свой подпіс.

Укол робяць у правае або левае плячо – на выбар самога пацыента.

Прышчэпка – не панацэя

У канцы працэдуры грамадзянін атрымлівае на рукі два дакументы. Гэта ліст вакцынацыі і выпіска з медыцынскіх дакументаў.

У выпісцы пазначаны прозвішча, імя пацыента, дата ягонага нараджэння і адрас пражывання, прастаўленыя найменне прэпарату, дата вакцынацыі і серыя вакцыны, а таксама імя і прозвішча лекара з ягоным подпісам і штамп паліклінікі.

На адным баку ліста вакцынацыі таксама прыведзенае найменне вакцыны і прастаўленая даты вакцынацыі, а на адваротным баку надрукаваная памятка для пацыента.

Тут адзначана, што пасля вакцынацыі магчымыя кароткачасовыя агульныя і мясцовыя рэакцыі на прэпарат.

Акрамя таго, у памятцы паказана, што месца ін'екцыі нельга мачыць цягам трох дзён. На гэты час пацыенту таксама рэкамендавана не наведваць лазню (саўну), не прымаць алкаголь, унікаць празмерных фізічных нагрузак.

Але самае галоўнае выкладзена ў канцы памяткі: «Вакцына супраць COVID-19 не адмяняе для прышчэпленага пацыента неабходнасць насіць маскі і пальчаткі, а таксама выконваць сацыяльную (фізічную) дыстанцыю».

Чорт ведама куды ехаць не давядзецца

Вакцыну «Спадарожнік V» трэба ўводзіць двойчы, з розніцай 21 каляндарны дзень, як і кітайскую.

У інтэрнэце і сацсетках пішуць пра тое, што па паўторную вакцынацыю беларусам нібыта давядзецца ехаць ужо не ў гандлёвы цэнтр, дзе ім рабілі першую прышчэпку, а ў паліклініку. Прычым гэта медустанова не на месцы жыхарства (рэгiстрацыi) пацыента.

На самай справе гэта не так.

Калі ў ЦУМе робяць першую прышчэпку, то паведамляюць грамадзяніну пра тое, што другая вакцына будзе «чакаць» яго тут сама, гэта значыць яе зарэзервуюць. І ехаць некуды на край горада не давядзецца.

На практыцы так і атрымліваецца. Тыя, хто ў гэтым сумняваецца, могуць папярэдне даведацца ў пункце вакцынацыі.

Да прышчэпкі належыць сертыфікат

Пасля другой прышчэпкі пацыент можа атрымаць сертыфікат пра вакцынацыю супраць інфекцыі COVID-19.

Гэты дакумент сведчыць, што грамадзянін зрабіў прышчэпку ад каранавірусу. Ён утрымлівае прозвішча, імя пацыента, ягоныя пашпартныя звесткі, дзве даты правядзення вакцынацыі і найменне вакцыны.

Акрамя таго, у сертыфікаце пазначана прозвішча лекара, які выдаў сертыфікат, і прастаўленая пячатка медустановы.

Сертыфікат дзейнічае адзін год.

У дакуменце пазначана, што ён прад'яўляецца медработнікам «у выпадку прадаўжэння імунізацыі». Аднак цалкам магчыма, што ў агляднай будучыні сертыфікат папросіць у вас працадаўца, тураператар або, да прыкладу, супрацоўнік мытнай (памежнай) службы. Таму лепш адразу атрымаць гэты дакумент.

Тым, хто абраў у якасці месца прышчэпкі сталічны ЦУМ, сертыфікат выдадуць у 33-й гарадской студэнцкай паліклініцы (вуліца Сурганава, 45/14). Прышчэпка бясплатная, а вось дакумент не – ягоны кошт складае 4,6 рубля.

Акрамя сертыфіката, грамадзянін атрымае адзін асобнік дамовы аб выплатным аказанні медпаслуг. Ягоным прадметам з'яўляецца выдача пацыенту сертыфіката пра вакцынацыю.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках