19 красавiка 2024, Пятніца, 11:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лія Ахеджакава: Лукашысцкія жывадзёры будуць пакараныя

11
Лія Ахеджакава: Лукашысцкія жывадзёры будуць пакараныя
Лія Ахеджакава

Беларуссю павінны кіраваць прыстойныя і інтэлігентныя людзі.

Што такое беларускае шчасце і чаму ў яе спрабуюць забраць званне народнай артысткі Расеі – адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў інтэрв'ю расейскай актрысы Ліі Ахеджакавай для «Радыё Свабода».

«Плакаць можна, што так ставяцца да людзей у Беларусі»

– Ведаеце, у мяне шчаслівы дзень – выйшлі на свабоду пасля арышту мае калегі, журналісты «Радыё Свабода», якія сядзелі ў турме на Акрэсціна ў нечалавечых умовах (размова была 26 ліпеня – рэд.). Вось такое цяпер няпростае беларускае шчасце. Я ведаю, што вы ўважліва сочыце за падзеямі ў Беларусі, што вы салідарныя з беларусамі. Што б вы сказалі беларусам у гэтыя драматычныя дні?

– Зараз плакаць буду. Я плаксівая ў гэтых справах. Дзякуй Богу, што выйшлі. У Расеі цяжка журналістам, якія сур'ёзна працуюць. Цяжка гісторыкам, артыстам і некаторым рэжысёрам. А тое, што адбываецца ў Беларусі... Толькі плакаць можна, што так ставяцца да людзей. Такая жорсткасць, такая лютасць. Такая нелюбоў да свайго народу, да тых людзей, якія з'яўляюцца гонарам нацыі. Навукоўцы, журналісты, акцёры, студэнты. Каму толькі не давялося пабываць на гэтым Акрэсціна, спазнаць жахлівыя прыніжэнні і такое шаленства. Гэта зразумець немагчыма. Гэта было ў 1937 годзе ў Расеі, у СССР, але ж мы думалі, што ўжо адышлі ад гэтага. Я так люблю Беларусь, я столькі гастралявала там. Між іншым, некалькі гадоў таму... І хто б мог падумаць, што такое нас чакае.

«Лукашэнка ўсё роўна мяне не паслухаецца, і я не хачу да яго звяртацца»

– Вы звярнуліся да Лукашэнкі ў сацсетках з заклікам, каб ён сышоў...

– Я не звярталася да Лукашэнкі ў сацсетках. Гэта боты пішуць у твітары ад майго імя. Гэта ўсё хлусня. Яны прыдумляюць нешта ад майго імя. Яны прамаўляюць такія рэчы, якія я па-іншаму сказала б або зусім не сказала б. Ужо адзін адвакат гэтым займаўся, цяпер іншы. Як грыбы растуць твіты ад майго імя. Але вы сведка, што я не валодаю інтэрнэтам. Што ж рабіць...

– А калі б была магчымасць звярнуцца да Лукашэнкі, што вы яму сказалі б?

– Я раблю такія рэчы прадумана, своечасова і такім чынам, каб нікому не атрымаць за гэта. Я сама трапіла ў жудасную гісторыю. Боты ўжо не першы раз пішуць ад майго імя, каб мяне падвесці пад санкцыі. Я ведаю, адкуль хваля ідзе.

А Лукашэнка ўсё роўна мяне не паслухае. Хто я для яго? І я не хачу да яго звяртацца. Я магу звяртацца толькі да людзей, якія пакутуюць, якія трапілі ў жахлівае становішча. Ягоная жорсткасць не мае межаў. І ў Расеі, і ў Беларусі «кіруюць балем» сілавікі. Так не павінна быць, інакш мы зноў прыедзем да канцлагераў, расстрэлаў і «троек».

«Жывадзёры будуць пакараныя»

– Некаторыя назіральнікі параўноўваюць тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, з перыядам пераследу першых хрысціянаў. Акрамя 1937 года, якая метафара, якое параўнанне з сітуацыяй у Расеі і ў Беларусі здаецца вам найбольш дакладным? Бо сітуацыі падобныя...

– Падобныя. Мы едзем туды, да Лукашэнкі. І апазіцыя заціснутая і запалоханая. Гэта страшна. І рукі апускаюцца. Не ведаю, што павінна адбыцца, каб гісторыя адбылася. А гісторыя – гэта такая рэч, што ўсё мяняецца і пераходзіць у іншую стадыю. І жывадзёры напэўна будуць пакараныя. Але, акрамя апазіцыі і акрамя гісторыі, я яшчэ ў Бога веру. Будуць пакараныя. Яны не хочуць пра гэта думаць. Сілавікам плацяць заробкі. Улада над людзьмі – страшная рэч. Мы кажам пра палітыку... Я не палітык, я проста вельмі люблю Беларусь і вельмі люблю Украіну. Там мае гледачы. Я ўсё жыццё туды ездзіла на гастролі. Цяпер у Расеі знайшліся людзі, якія патрабуюць забраць у мяне званне народнай артысткі Расеі, Дзяржаўную прэмію і ўсё, што некалі мне прысуджалі. Мяне гэта не вельмі турбуе, бо майго гледача ў мяне не забяруць ніколі. Яны – мае, а я – у іх.

– Вы гулялі ў відэаспектаклі «Пакрыўджаныя “Беларусь(сія)”» паводле п'есы драматурга Андрэя Курэйчыка. Што ў вашых творчых планах ёсць звязанае з Беларуссю?

– Цяпер Курэйчык напісаў яшчэ лепшую п'есу. Там маналогі людзей, якія былі на Акрэсціна, якія на сваёй скуры адчулі гэтую жорсткасць. З іх ён зрабіў п'есу, мы будзем яе паказваць. Аксана Мысіна (рэжысёр. – рэд.) кажа, што гэта яшчэ мацнейшы матэрыял.

– Як вы думаеце, як прадстаўнікі расейскай культуры, расейскага грамадзянскай супольнасці могуць падтрымаць беларусаў? Чые галасы важна пачуць?

– Шмат галасоў гучыць, але ёсць і тыя, хто мяркуе, што лепш памаўчаць. Не падводзіць свой калектыў, калі гаворка пра тэатр, не падводзіць сваіх калег. Цішэй едзеш, далей будзеш. Лепш вусны трымаць на замку. Такіх вельмі шмат. Але многія людзі прачнуліся. У тым ліку вельмі вялікія артысты, якія не маўчаць.

«Хтосьці нацкаваў арганізацыю “Афіцэры Расеі” і ветэранаў вайны, і яны напісалі ліст у пракуратуру»

– Раскажыце, якім чынам у вас спрабуюць забраць званне народнай артысткі?

– Выйшаў новы спектакль паводле п'есы маладога драматурга Рыната Ташымава. Гэта вучань майго сябра Мікалая Каляды. Гэта Уральскія драматургі, Екацерынбург, уральская школа. Я ўсё жыццё гуляла ў п'есах Каляды. А цяпер Рынат Ташымаў напісаў цудоўную п'есу пра тое, што цяпер адбываецца, пра сэнсы, якія хвалююць мяне і многіх акцёраў, якія разумеюць і чуюць гэта, ім гэта баліць. Хтосьці распачаў і нацкаваў арганізацыю «Афіцэры Расеі» і ветэранаў вайны. Ім там 95 гадоў, наўрад ці яны ў тэатры ходзяць.

Яны напісалі ліст у пракуратуру, што нібыта мой персанаж на сцэне нецэнзурна выражаецца і ганіць ветэранаў вайны. Плюс рэклама гомасэксуалізму. Сябры руху SERB нам заявілі, што калі мы не выправім (хоць ніхто мат не ўжывае на самай справе), то да нас прыйдуць на спектакль з нейкай бутэлькай. Яе разаб'юць, і такі смурод пойдзе па тэатры, што гледачы і акцёры гэтага не вытрымаюць. Спачатку смурод, а потым можа быць іншы хімічны склад. Прыходзілі на спектакль, насілі вянкі «Смерць “Сучасніку”». Пішуць пра мяне, што старая, што дэменцыя, ганіць расейскі тэатр, лаецца матам на сцэне. І шмат усяго іншага. Мне страшнавата і жудасна агідна.

– А каму яшчэ страшнавата цяпер?

– Тым, хто трапляе на Акрэсціна. Тым, хто голас свой падымае, а не маўчыць. Ёсць вельмі адважныя людзі. А што са мной яны могуць зрабіць... У пракуратуры ляжыць данос. Але ніякага мату няма. Усё гэта хлусня. П'еса шыкоўная, антываенная. Мне страшна, што культурай кіруюць афіцэры і сілавікі. Яны камандуюць, як ставіць спектакль, якія п'есы можна браць, а якія нельга, як нам гуляць і хто павінен гуляць.

– А тым – хто загады аддае ў Беларусі, – ім страшна?

– Яны пры Лукашэнку. Нехта думае, што сваё возьме, усіх запалохаюць і будуць «кіраваць балем». Але ёсць і тыя, хто разумее, што калі гэта скончыцца, ім вельмі дрэнна будзе. Але адназначна прыйдзе адплата за тое, што яны цяпер робяць.

«Беларускае шчасце – нармальныя выбары»

– Я пачала нашу гутарку з такога няпростага беларускага шчасця, калі вызвалілі калегаў, якія ўсё яшчэ абвінавачаныя паводле крымінальнай справы. А якое яно – безумоўнае беларускае шчасце, як вам бачыцца?

– Па-першае. Нармальныя выбары, без падтасовак. І ўсё будзе добра. А таксама судовая сістэма. І, вядома, каб не кіравалі сілавікі. Павінны кіраваць прыстойныя, інтэлігентныя людзі. Такіх выдатных людзей у Беларусі шмат. Як толькі будуць нармальныя выбары, усё зменіцца. Жыве Беларусь! Назаўсёды!

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках