18 красавiка 2024, Чацвер, 15:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FT: Расея пачынае новую гульню на фоне выхаду ЗША з Афганістана

7
FT: Расея пачынае новую гульню на фоне выхаду ЗША з Афганістана
Фота: ТАСС

Масква хоча атрымаць выгаду.

ЗША выводзяць войскі з Афганістана, тым часам прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін імкнецца аднавіць уплыў у Цэнтральнай Азіі, але ў той самы час баіцца пераходу ісламісцкага экстрэмізму праз межы, цытуе Financial Times выданне «Зеркало недели. Украина»

На мінулым тыдні Масква перамясціла танкі да мяжы Таджыкістана і Афганістана для правядзення ваенных вучэнняў. Рух «Талібан» прадаўжае пашыраць свае пазіцыі, а ЗША рыхтуюцца скончыць 20-гадовую вайсковую місію, якая не змагла прынесці мір у краіну.

Расея падтрымала выхад ЗША з Афганістана, нягледзячы на паралелі з адступленнем Савецкага Саюза з краіны ў 1989 годзе. Масква была адной з першых, хто публічна ўступіў ва ўзаемадзеянне з талібамі. Крэмль прыняў дэлегацыю ў 2018 годзе для стымулявання мірных перамоваў, нягледзячы на тое, што ўважае «Талібан» за забароненую тэрарыстычную арганізацыю.

«Гульня Пуціна заключаецца ў спробе паставіць ЗША ў няёмкае становішча. Расея не хоча, каб ЗША кантралявалі той ці іншы рэжым на сваім заднім двары», – сказаў Асфандзяр Мір з Цэнтра міжнароднай бяспекі і супрацоўніцтва Стэнфардскага ўніверсітэта.

Пуцін верыць у новыя стасункі з талібамі, якія, як ён спадзяецца, будуць стрымліваць тэрарыстычныя пагрозы.

Спецыяльны прадстаўнік Крамля ў Афганістане Замір Кабулаў нядаўна звязаў прасоўванне талібаў з узмацненнем бяспекі для Расеі, паколькі гэта знішчыць больш агрэсіўныя групы джыхадыстаў.

«Той факт, што талібы бяруць некаторыя раёны пад свой кантроль, мае станоўчы аспект. Чаму? Таму што большасць гэтых экстрэмісцкіх групаў сканцэнтраваныя не на ўнутраных пытаннях, а на Цэнтральнай Азіі, Пакістане або Іране», – сказаў ён.

На пытанне ў асобным інтэрв'ю на мінулым тыдні, ці выгодны вывад ЗША для Расеі, ён адказаў станоўча.

Але палітолаг Аркадзь Дубноў заявіў, што такая стратэгія з'яўляецца рызыкоўнай.

«Пазіцыя Масквы, якая адкрыта робіць стаўку на асобную сілу і спрабуе абмежаваць уплыў іншай, здаецца небяспечнай. Гэта выглядае як спроба звесці старыя рахункі. Расея хоча гуляць важную ролю ў Афганістане», – дадаў ён.

Для Пуціна магчымасці, якія стварыў вывад войскаў ЗША, выходзяць за межы Афганістана, паколькі Масква імкнецца вярнуць уладу, якую мела ў савецкія часы, кантралюючы значную частку еўразійскага кантынента.

Канчатковая мэта – дамагчыся таго, каб ЗША і любыя іншыя заходнія сілы не вярнуліся ў рэгіён, дадаў аналітык.

«Усё астатняе, што робіць Расея, – гэта дымавая заслона», – мяркуе палітолаг.

Як частка гэтага, Масква неаднаразова заклікала да перамоваў у фарматах, якія яна кантралюе, уключаючы Еўразійскі эканамічны звяз, куды таксама ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан і Кыргызстан, і Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), ваенны блок з удзелам гэтых краінаў.

Але, зноў жа, Крэмль рызыкуе.

«Пагаршэнне сітуацыі ў Афганістане стане сур'ёзным выпрабаваннем для АДКБ, якая павінна даказаць, што можа гарантаваць бяспеку ў рэгіёне», – сказаў Дзмітрый Трэнін з аналітычнага Цэнтру Карнэгі ў Маскве.

«Ні ў Расеі, ні ў краінаў Цэнтральнай Азіі няма рэсурсаў, прычынаў, або жадання прымусовага ўмяшання ў афганскія пытанні», – дадаў ён.

Большасць міжнародных экспертаў мяркуе, што пасля выхаду ЗША талібы могуць поўнасцю або часткова захапіць Афганістан.

«Я гарантую вам, што Талібан возьме ўладу ў Кабуле да верасня. Але яны не ведаюць, як кіраваць краінай, таму будзе беспарадак», – заявіла расейская дыпламатычная крыніца Financial Times на ўмовах ананімнасці.

Апошні раз, калі талібы кіравалі Афганістанам, з 1996 да 2001 год, рэжым уводзіў строгае тлумачэнне ісламскага заканадаўства, што прывяло да агульных парушэнняў правоў чалавека і ўціску правоў жанчынаў.

Талібан прапанаваў прытулак для тэрарыстаў, уключаючы Аль-Каіду, якая кіравала атакамі 11 верасня, што прывяло да ўварвання ў Афганістан узброеных сілаў пад кіраўніцтвам ЗША.

Дубноў выказаў здагадку, што на гэты раз Расея паспрабуе «параіць» талібам, як кіраваць краінай.

Масква таксама прабівае сабе дарогу да Пакістана – рэгіянальнага гульца, спецслужбы якога цесна звязаныя з талібамі.

«Пакістан наладзіў цеснае супрацоўніцтва з Кітаем, таму ён заслугоўвае асаблівай увагі Масквы. Але Крэмль можа раззлаваць свайго канкурэнта – Індыю», – сказаў Трэнін.

І нягледзячы на вывад войскаў, ЗША не будуць цалкам адхіленыя ад справаў Афганістана, заявіў дырэктар аналітычнага цэнтра Харш Пант.

«Кожная краіна, якая ўдзельнічае ў гульні ў Афганістане, чакае таго, што ЗША будуць рабіць далей. Амерыка ўсё яшчэ мае шмат уплыву ў рэгіёне», – сказаў ён.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках