28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Баранавічаў сутыкнуліся з недахопам малака

4
Жыхары Баранавічаў сутыкнуліся з недахопам малака

Загадчыца крамай падрабязна распавяла пра тое, што адбываецца з малаком у пакетах у Баранавічах.

З рэдакцыяй intex-press.by звязалася кіраўніца невялікага гандлёвага аб'екта ў адным са спальных раёнаў Баранавічаў. Са слоў жанчыны, гандаль адчувае не меншыя нязручнасці, чым пакупнікі, таму яна наважыла расказаць, адкуль узялася «малочная» праблема і як яе спрабуюць развязаць.

Наталля працуе ў невялікай крамцы, якая не належыць да буйных гандлёвых сетак. Менавіта з такіх крам, кажа жанчына, малако ў пакетах стала знікаць у першую чаргу. І пачалося ўсё ў ліпені гэтага года, калі ў Баранавічах перасталі вырабляць уласны прадукт пад гандлёвай маркай «Раніца».

- Калі толькі пайшлі размовы пра тое, што малако ў нас перастануць выпускаць, мы спадзяваліся, што ўлады ўсё ж перадумаюць. Бо Баранавічы - другі па велічыні горад у Берасцейскай вобласці і як пакінуць яго без свайго малака? Гэта смех! У меншых гарадах і то есць уласная вытворчасць, – кажа Наталля.

Аднак уласныя малочныя рэкі ў Баранавічах цячы ўсё ж перасталі. А гандлю давялося спешна шукаць альтэрнатыву «Раніцы», якая, са слоў загадчыцы, практычна цалкам задавальняла патрэбы гараджан у пакетаваным малацэ. Але выявілася, што знайсці замену Баранавіцкаму малаку не так проста. І справа не толькі ў тым, што «пакупнікі прывыклі да нашага пакетаванага малака, звычка і смак для іх – найважнейшая справа, таму не ўсе хочуць набываць чужое».

«Заказваю чатыры скрыні, прывязуць дзве»

Першая праблема, з якой сутыкнуліся кіраўнікі невялікіх гандлёвых аб'ектаў пры пошуку новых пастаўшчыкоў, гэта выкананне заявак у патрэбным для крам аб'ёме. Уся справа ў тым, што кожны малаказавод у першую чаргу абслугоўвае свой рэгіён дастаўкі, а іншыя рэгіёны вязуць толькі рэшткі малака. А рэшткаў гэтых часцяком бракуе, каб цалкам задаволіць попыт.

- Я заказваю чатыры скрыні малака аднаго тыпу, а мне кажуць, што прывязуць толькі дзве, бо ў іх «такія ўказанні». І так з усімі пастаўшчыкамі, - распавядае Наталля. - Вось нядаўна, напрыклад, замовіла ў Ляхавічах дзве скрыні кефіру, а мне прывезлі пяць паўлітровых і дзесяць літровых пакетаў. У мяне крама маленькая, гэтага дастаткова толькі на мой калектыў. А што людзям прадаваць?!

Мала таго, што пастаўшчыкі прывозяць малако ў меншай колькасці, чым трэба, дык яшчэ і з транспартам у некаторых праблемы, кажа загадчыца. Таму, калі паўстае выбар паміж пастаўкамі малака ў маленькую краму або аб'ект буйной гандлёвай сеткі, перавага аддаецца апошняму.

- На адным з заводаў мне сказалі, што не прывязуць малако, бо не стае аўтамабіляў і вознікаў: у Баранавічы яны адпраўляюць толькі адзін аўтамабіль замест сямі, – распавядае Наталля. - І, натуральна, на адным аўтамабілі лепш адвезці тавар у адзін вялікі супермаркет, чым развозіць па некалькіх маленькім крамках.

«Хочуць заяўкі на пэўную суму»

Яшчэ адна праблема палягае ў тым, што проста замовіць у завода малако або кефір у пакетах нельга.

- У дадатак абавязкова трэба ўзяць яшчэ сыркі, тварог, ёгурты, бо ніводзін пастаўшчык не павязе выключна малако і кефір. А некаторыя і зусім хочуць аб'ём заяўкі на пэўную суму, - кажа прадавачка.

Вядома, тэарэтычна можна было б закупляць малочныя прадукты ў запас у той колькасці, у якой яе хочуць пастаўляць, але, па-першае, невялікім крамам яе папросту няма дзе захоўваць, па-другое, пакупнікі тое ж малако па тэрмінах хочуць ці ледзь не адразу з канвеера.

- «Раніца» прывозіла малако ледзь не кожны дзень, і заўсёды яно было свежым – - кажа прадавачка.

«Калі ўжо наважылі спыніць вытворчасць, дайце наўзамен пастаўшчыкоў»

Вось і атрымліваецца, што як бы маленькія крамы ні стараліся задаволіць попыт на малако, яго ўсё адно не стае.

- Бывала, ва ўсім мікрараёне цягам амаль тыдня не было малака нідзе, акрамя буйнога супермаркета. Але пенсіянер, у якога невялікая крама пад бокам, не пойдзе ў супермаркет. Да таго ж розніца ў кошце паміж пакетаваным малаком і малаком у бутэльцы прыблізна 40 капеек. Для многіх гэта таксама грошы, - кажа Наталля. - Можа быць, гэта праблема толькі маленькіх крам, можа, сеткавым прасцей, бо яны даюць вялікую заяўку і ім ёсць дзе захоўваць малако. А ў нас гэта праблема нумар адзін!

Са слоў Наталлі, калі раней у яе як у загадчыцы было шмат розных пытанняў, то цяпер яе думкі занятыя толькі малаком.

- Я ўжо думала звярнуцца ў гарвыканкам, але мяне палохае, што я апынуся адзінай, хто скардзіцца на адсутнасць малака, і там скажуць, што праблемы няма. А яна ёсць, – рэзюмуе Наталля. - Калі вы ўжо вызначылі спыніць вытворчасць малака ў Баранавічах, дайце наўзамен пастаўшчыкоў, якія гэтую норму будуць выконваць! Каб не трэба было ламаць галаву над тым, дзе яго ўзяць, як прывезці, як выканаць тэрміны прыдатнасці і зрабіць так, каб усім яго выстарчыла.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках