4 снежня 2021, Субота, 17:33
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларускія пратэсты змянілі лёсы актораў і спевакоў

1
Як беларускія пратэсты змянілі лёсы актораў і спевакоў
Фота: AFP

Анжэліка Агурбаш, Іван Трус, Рыта Дакота і многія іншыя.

«Наша Ніва» расказвае, як беларускія пратэсты змянілі лёсы актораў.

Анжэліка Агурбаш

Яшчэ 3 ліпеня 2020 года Анжэліка Агурбаш прыязджала ў Менск з Масквы, дзе жыве апошнія 20 гадоў, і выступала каля стэлы на канцэрце, прысвечаным Дню Незалежнасці. Нічога дзіўнага: раней Анжэліка прэзентавала Беларусь на «Еўравізіі», была вядоўцай «Славянскага базару». Лукашэнка нават выдаваў ёй надзел у Драздах.

Але ў пачатку жніўня 2020-га, яшчэ да выбараў, Агурбаш падтрымала Святлану Ціханоўскую. А ў верасні асудзіла гвалт сілавікоў і заявіла, што Аляксандр Лукашэнка павінен змірыцца з тым, што саступіў на выбарах, «папрасіць прабачэння перад людзьмі і сысці».

Яна перапела сваю песню «Наўздагон», якую выконвала яшчэ ў 1990-я гады (кампазіцыя прысвечаная гербу «Пагоня») - кліп на YouTube ўжо сабраў 1,5 мільёна праглядаў. У Маскве спявачка хадзіла на акцыі салідарнасці з Беларуссю, яе нават затрымлівалі.

Нядаўна Генпракуратура распачала на яе крымінальную справу за абразу Лукашэнкі. Але Анжэліка - грамадзянка Расеі, якая не выдае сваіх. Агурбаш звярнулася да Пуціна з просьбай аб дапамозе Беларусі, апошнім часам усё часцей выступае з палітычнымі заявамі.

Іван Трус

Іван Трус - актор, які ў даслоўным сэнсе слова зрабіў сябе сам. У сярэдзіне 2010-х ён з'ехаў з Менска ў Магілёў у статусе аднаго з дзясяткаў сталічных актораў, не занадта запатрабаваных і паспяховых. У інтэрв'ю прызнаваўся, што злоўжываў алкаголем. Праз некалькі гадоў ён вярнуўся ў Менск у статусе тэатральнай зоркі.

Трус сыграў галоўную ролю ў фільме «Авантуры Пранціша Вырвіча». Але стужка паводле рамана Людмілы Рублеўскай, прысвечаная падзеям XVIII стагоддзя, так і не выйшла на шырокія экраны, адбыўся толькі папярэдні паказ для прэсы.

Адначасова Іван атрымаў запрашэнне ў Купалаўскі тэатр, і за два сезоны бліскуча сыграў некалькі галоўных роляў у спектаклях Мікалая Пінігіна і яго вучняў. Пасля жнівеньскіх падзей актор сышоў з тэатра і разам з сям'ёй з'ехаў у Санкт-Пецярбург. Трус стаў акторам найстарэйшага ў Расеі Александрынскага тэатра, дзе яго ролі атрымалі прыхільныя водгукі расейскіх крытыкаў.

Разам з Іванам з тэатра сышла і вялікая частка трупы. Ніхто з іх не далучыўся да іншых беларускіх калектываў. Яны ўдзельнічаюць у спектаклях онлайн у складзе незалежнай трупы «Купалаўцы», але амаль ніхто з іх не афішуе сваю асноўную працу.

Рыта Дакота

«26 доўга. Але пяць - яшчэ даўжэй. Мірныя людзі не змаглі больш трываць. Хтосьці пад раніцу. Дадому не вярнуўся» - так пачынаецца песня «Сыходзь», якую 16 жніўня 2020-га апублікавала спявачка Рыта Дакота.

Рыта - мянчанка, але вядомасць набыла ў Расеі праз удзел у «Фабрыцы зорак»: там стрэліў яе хіт «Запалкі», які Рыта пазней праспявала па-беларуску.

Песню «Сыходзь» беларуска прысвяціла масавым пратэстам пасля прэзідэнцкіх выбараў. У кліпе выкарыстоўваліся відэа, на якіх сілавікі збівалі іх удзельнікаў. Рыта паабяцала: усе грошы ад запампоўвання песні яна адправіць пацярпелым, што нарэшце і зрабіла.

Пасля Дакота выказвала гатоўнасць арганізаваць бясплатны онлайн-канцэрт для менскай «Плошчы перамен». Але ў лістападзе 2020-га скасавала свой сольны канцэрт у Менску. Яна турбавалася, што пасля прылёту ў Менск можа трапіць за краты. Таксама яна патлумачыла сваю пастанову тым, што не жадае «ніводнага рубля прыносіць у казну рэжыму».

NAKA

Актрыса Анастасія Шпакоўская амаль 20 гадоў працавала ў Горкаўскім тэатры. Але найбольшую вядомасць атрымала як лідарка музычнага гурта Naka. Першыя песні спявала па-расейску. Да беларускай мовы ў сваёй творчасці звярнулася ў 2016-м: захацела праспяваць пра Чарнобыль і зразумела, што лепш за ўсё гэта рабіць на роднай мове. Пазней яна запісала першы беларускамоўны альбом «Мая малітва».

Шпакоўская ніколі не ўтойвала сваёй грамадзянскай пазіцыі і адкрыта казала аб праблемах. Напрыклад, у тым жа 2016 годзе казала ў інтэрв'ю, што яе заробак у тэатры складае блізу 250 даляраў.

У жніўні 2020-га Анастасія звольнілася з Горкаўскага. Сваю пастанову яна патлумачыла тым, што не можа працаваць у дзяржаўнай структуры ў сітуацыі, калі дзяржава аддае загады супраць уласнага народа. «Бывай, мой тэатр, маё сэрца, маё жыццё», - напісала яна ў сацыяльных сетках. Неўзабаве актрыса з'ехала ва Украіну, бо непакоілася за бяспеку дзяцей.

Увосень Шпакоўская арганізавала ў Кіеве беларускую онлайн-школу. Паводле яе слоў, юрыдычна ўстанова прымацаваная да дзвюх прыватных украінскіх школ. У ёй будуць сфармаваныя класы з 4-га да 10-га. Прадметы, уключаныя ва ўкраінскую праграму, будуць выкладацца па-расейску, таксама ёсць беларуская мова, літаратура і гісторыя. Пасля заканчэння дзеці атрымаюць украінскі сертыфікат дзяржаўнага ўзору.

Іскуі Абалян і айчынная расейскамоўная эстрада

Да жніўня 2020-га значная частка айчыннай расейскамоўнай эстрады была досыць апалітычная і амаль не выказвалася на грамадскія тэмы. Прэзідэнцкія выбары і наступныя падзеі ўсё змянілі.

Сваю пазіцыю супраць гвалту выказалі спявачкі Ганна Шаркунова, Ларыса Грыбалёва і Лера Яскевіч, рэпер ЛСП і Бакей, выканаўца Uzari, вядоўца Дзмітрый Кахно, комік Дзмітрый Нарышкін, калектыў Akute.

Моцным ударам стала смерць Рамана Бандарэнкі. Шоўмэн Дзяніс Кур'ян прапанаваў абвясціць дзень жалобы. Іскуі Абалян напісала ў сацсетках: «Усё. Жыццё абарвалася. Колькі яшчэ трэба ахвяр гэтаму рэжыму?»

Іскуі больш не запрашаюць на вялікія дзяржаўныя канцэрты. Штогод ладзіла яна канцэрты да Дня святога Валянціна. Але сёлета яго ўпершыню давялося арганізоўваць у фармаце онлайн. «Мы доўга думалі з камандай, ці трэба нешта рабіць і запрашаць вас. Ці дарэчная для кагосьці песня, ці трэба гэта каму-небудзь ці не? Мы зразумелі, што гэта трэба, трэба як паветра. Захоўваць унутраны аптымізм, цяпло і радасць трэба ва ўсіх варунках для таго, каб жыць, каб дыхаць на поўныя грудзі. Асабліва ў апошні год - мы бачым, як ён шакаваў усё і ўсіх», - сказала спявачка.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».