18 красавiка 2024, Чацвер, 15:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пустыя старанні Пуціна

12
Пустыя старанні Пуціна

Цягам 30-ці гадоў стаўленне ўкраінцаў да РФ змянялася і, у адпаведнасці з паводзінамі суседа, у пэўны бок.

У апошнія дні расейскія (і ўкраінскія, зарыентаваныя на РФ) прапагандысты з усіх сіл разганяюць навіну аб тым, што большасць украінцаў уважаюць сябе і «рускіх» за адзін народ. Я наўмысна выкарыстаў этнічную саманазву «рускія», а не палітычную саманазву «расейцы», бо гаворка ідзе менавіта аб этнасе, піша для liga.net украінскі пісьменнік і бізнэсовец Ян Валетаў.

Навіна прадстаўленая, як хайпавая, даводзіць тэзісы з артыкула «вялікага сацыёлага сучаснасці» і «палітыка планетарнага маштабу» Пуціна.

У прынцыпе, у добрай паловы грамадзян Украіны сваякі жывуць па ўсім свеце, у тым ліку і ў Расеі. Мае дзед і дзядзька па бацькоўскай лініі пахаваныя ў Маскве. Цюмень, Нафтаюганск, Сургут, золаташукальніцкія пасёлкі Далёкага Усходу могуць хоць заўтра перайсці на дзяржаўную ўкраінскую, столькі там украінцаў.

У асваенні багаццяў Сібіры і Далёкага Усходу вялікі ўнёсак зрабілі менавіта ўкраінцы, якія далі туды і высакакласных інжынераў, і высокакваліфікаваную працоўную сілу.

Ці засталіся гэтыя перасяленцы ўкраінцамі ментальна? Магчыма, але не відавочна. А палітычна? Не факт. Хутчэй, не, чым так. Хоць, паверце на слова, сярод іх быў яшчэ дастатковы адсотак тых, чые продкі цягам стагоддзяў на святы апраналіся менавіта ў вышыванку, а не касаваротку. І ў гэтым няма нічога дзіўнага.

Сардэчна запрашаем у сучасны свет!

Паняцце нацыі было прыдуманае ў XIX стагоддзі і прыйшло на замену маркерам веравызнання. У XXI стагоддзі ніводзін са старых маркераў не працуе.

Будучыня Украіны не ў вылічэнні долі ўкраінскай крыві грамадзян, якія пражываюць тут, а ў стварэнні палітычнай нацыі, дзе грамадзянства будзе вызначацца стаўленнем да краіны, абаронай яе інтарэсаў, павагай і любоўю да яе.

Спробы стварэння монаэтнічнай дзяржавы на тэрыторыі, дзе гістарычна (гэтак пару тысяч гадоў) пражывала больш за сотню розных народнасцяў, на мой погляд, асуджаныя на няўдачу і пазбаўленыя сэнсу.

Сапраўды гэтак жа пазбаўленыя сэнсу і заявы аб «адным народзе», бо сёння ў паняцце «народ» укладваецца зусім іншы сэнс: палітычны, сацыяльны, эканамічны і (так-так!) вайсковы - абарона тэрыторый, палітычны і эканамічны шлях, крытэрыі развіцця, асаблівасці пабудовы супольнасці.

Наогул жа, адбіраць тэрыторыі і забіваць жыхароў Украіны пад песню пра «адзін народ» - гэта нейкі новы прынцып міжнародных стасункаў, але цяпер я не пра гэта.

цяпер, і я спадзяюся, што назаўсёды, ва Украіны з Расеяй розныя эканамічныя, палітычныя, этычныя і вайсковыя інтарэсы. Мы блізкія тэрытарыяльна, але ў астатнім з кожным годам становімся ўсё далей. Я не радуюся і не засмучаюся, я канстатую факт. Калі б не працяглая гісторыя супольнага пражывання, роднасныя мовы і перасякальныя культуры, то і казаць не было б пра што, настолькі непадобныя мэты і дэклараваныя шляхі іх дасягнення.

Размова не пра этнічную розніцу. Гаворка пра розніцу ментальную, пра прорву паміж імперскім мысленнем і палітыкай імперыі, сэнс існавання якой у паглынанні, далучэнні і асіміляцыі, і палітыкай мяцежнай правінцыі, якая бароніць сваю свабоду і незалежнасць ад імперыі ўсякім коштам.

Ці можна абмяняць свабоду на доўгі ланцуг і поўную міску баланды? Напэўна, для многіх гэта прымальна. Для многіх, але на шчасце не для ўсіх. Толькі таму Украіна сёння застаецца краінай, а не Паўднёва-Заходняй федэральнай акругай.

Цягам 30-ці гадоў стаўленне ўкраінцаў да Расеі змянялася і, у адпаведнасці з паводзінамі суседа, змянялася ў пэўны бок. І на сёння сітуацыя далёка не такая, як малюе яе Пуцін і ягоныя прыхільнікі па абодва бакі мяжы.

У гэтай змены былі свае прычыны і, на мой погляд, вызначаліся яны не бяззубай айчыннай прапагандай, а цэлым шэрагам рэальных прычын і падзей, якія трансфармавалі стасункі паміж людзьмі і краінамі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках