29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Улады самі сабе ствараюць вельмі неспрыяльную сітуацыю

2
Экспэрт: Улады самі сабе ствараюць вельмі неспрыяльную сітуацыю
ТАЦЦЯНА ЧУЛІЦКАЯ
ФОТА: BELSAT.EU

Знішчаць экспэртную супольнасць - гэта як наступаць на граблі.

Без незалежнай экспэртнай супольнасці эканамічныя і палітычныя пастановы будуць прымацца на падставе «ашчушчэній і суб'ектыўных фактараў», мяркуе Таццяна Чуліцкая, акадэмічная дырэктарка школы маладых мэнэджараў публічнага адміністравання SYMPA (школа ліквідаваная беларускімі ўладамі). Такім меркаваннем яна падзялілася ў перадачы «Разумныя людзі» на youtube-канале «Белорусы и рынок».

- Я мяркую, што знішчаць экспэртную супольнасць - гэта як наступаць на граблі. Улады самі сабе ствараюць вельмі неспрыяльную сітуацыю: у іх няма ведаў пра грамадства, якім яны спрабуюць кіраваць, - сказала Таццяна Чуліцкая. - Аналітычныя цэнтры патрэбныя, каб ствараць веды, на аснове якіх урад і людзі могуць прымаць дасведчаныя палітычныя і эканамічныя пастановы. У іншым выпадку такія пастановы будуць прымацца на падставе «ашчушчэний» і суб'ектыўных фактараў.

Таццяна Чуліцкая адзначыла, што ў Беларусі ніколі не было добрай сітуацыі ў плане ўзаемадзеяння дзяржорганаў з незалежнай экспэртнай і аналітычнай супольнасцю. Але, прынамсі, да крызісу былі форумы, канферэнцыі і іншыя пляцоўкі, дзе адбываўся абмен думкамі. Чыноўнікі праз беларускія СМІ атрымлівалі аналітычную інфармацыю.

- Да дзяржорганаў даходзілі вынікі працы незалежных даследчых цэнтраў, выкарыстоўвалі яны іх ці не, гэта ўжо іншае пытанне...Цяпер я сабе слаба ўяўляю форум, на які маглі б прыйсці незалежныя экспэрты і прадстаўнікі дзяржорганаў, - сказала акадэмічная дырэктарка ліквідаванай SYMPA.

Атаку на экспэртную супольнасць Таццяна Чуліцкая звязвае з атакай і рэпрэсіямі супраць усёй грамадзянскай супольнасці Беларусі. - Гэта атака на свабоду думкі, на крытычнае мысленне. Экспэртная супольнасць, інтэлігенцыя ў розных сферах, разглядаюцца як ворагі ўмоўнага простага народа. На думку ўлады, яны ствараюць нейкія зусім непатрэбныя веды, схіляюць людзей думаць не пра тое, пра што ім трэба думаць.

Калі кажуць пра будучыню экспэртнай супольнасці, госця перадачы параўнала сітуацыю з той, што адбываецца з беларускімі незалежнымі СМІ: аналітычным цэнтрам давядзецца цалкам альбо часткова працаваць з-за мяжы. Некаторыя даследаванні будуць замарожаныя, альбо праводзіцца не цалкам, бо людзі баяцца размаўляць, даваць інтэрв'ю.

Пры гэтым Таццяна Чуліцкая адзначыла, што ў апошні год назіраецца небывалая цікавасць да экспэртаў з Беларусі.

- Мы ніколі не бачылі столькі беларускіх экспэртаў на тэлеканале «Еўраньюс», у газеце «Нью-Ёрк таймс» і іншых сусветных СМІ. Цікавасць да падзеяў у Беларусі ўздымае беларускую экспэртную супольнасць на больш высокі ўзровень, прынамсі, у плане бачнасці для міжнароднай супольнасці. Для экспэртаў - гэта магчымасць атрымаць больш падтрымкі і асвятлення іх працы на глабальным узроўні, - мяркуе экспэрт.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках