16 красавiка 2024, aўторак, 21:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто такая Крысціна Ціманоўская: бягуха, якую спрабавалі сілком вывезці з Токіё

4
Хто такая Крысціна Ціманоўская: бягуха, якую спрабавалі сілком вывезці з Токіё

Нарадзілася смелая спартоўка ў горадзе Клімавічах.

У лёгкую атлетыку Крысціна Ціманоўская, якая з дзяцінства любіла гуляць у двары з хлопцамі ў «хто хутчэй», трапіла дзякуючы настаўніку фізкультуры. Выкладчык выявіў бегавыя здольнасці вучаніцы і адправіў яе выступаць на гарадскія спаборніцтвы. Перамога дала ёй права ўдзельнічаць у раённых спаборніцтвах, а выступ на абласным першынстве не застаўся па-за ўвагай першага трэнера Ціманоўскай - Аляксандра Афанасенкі. Ён прапанаваў 15-гадовай дзяўчыне прадоўжыць навучанне ў спецыялізаваным вучылішча, піша сайт officelife.media.

На рэспубліканскім узроўні Крысціна Ціманоўская ўпершыню заявіла пра сябе ў сезоне 2014 года, калі на чэмпіянаце Беларусі здабыла адразу два срэбраныя медалі - у бегу на 100 і 200 метраў. Дзякуючы выступу на чэмпіянаце краіны Крысціну ўключылі ў склад беларускай нацыянальнай каманды. У 2015 годзе яна ўжо прадстаўляла Беларусь на юніёрскім еўрапейскім першынстве ў швэдскім Эскільстуне і ў Суперлізе каманднага чэмпіянату Еўропы ў Чэбаксарах. На еўрапейскім першынстве Ціманоўская бегла ўсё тыя ж 100 і 200 метраў, заняўшы адпаведна 6-е і 17-е месца.

У далейшым Крысціна Ціманоўская сумяшчала свой спартыўны рост з вучобай у педагагічным універсітэце ім. Максіма Танка, дзе аддавала перавагу такім прадметам, як «медыцына», «спартыўная медыцына» і «лячэбная фізкультура». Нягледзячы на ўсю складанасць сумяшчэння вучобы і вялікага спорту, пасля заканчэння Алімпійскіх гульняў у Токіё Ціманоўская планавала атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю, бо меркавала, што вучоба спрыяе ўдасканаленню прафесійных якасцяў.

У сезоне 2018 года Крысціна Ціманоўская стартавала ў бегу на 60 метраў на чэмпіянаце свету ў памяшканні ў Бірмінгеме, бегла 100 і 200 метраў на чэмпіянаце Еўропы ў Берліне. Пры гэтым на спаборніцтвах у Менску ўстанавіла свой асабісты рэкорд на 100-метровай дыстанцыі - 11,04 с (з гэтым вынікам у сезоне заняла 24-е месца ў свеце).

Найбольш паспяховым для Ціманоўскай стаў сезон 2019 года, у якім яна пачала працаваць са сваім цяперашнім асабістым трэнерам - аўстрыйцам Філіпам Унфрыдам. Спачатку беларуска заняла другое месца на 100-метровай дыстанцыі на хатніх Еўрапейскіх гульнях у Менску, а затым прынесла залаты медаль у скарбонку нацыянальнай каманды на летняй Універсіядзе ў Неапалі, перамогшы на дыстанцыі 200 метраў. Акрамя гэтага, Ціманоўская фінішавала сёмай на чэмпіянаце Еўропы ў памяшканні ў Глазга ў дысцыпліне 60 метраў, а таксама ўдзельнічала ў чэмпіянаце свету ў Досе, дзе заняла 26-е месца ў бегу на 200 метраў. Па заканчэнні сезона Ціманоўская была ўдастоеная ганаровага звання «майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа».

У каранавірусным сезоне 2020 года Крысціне Ціманоўскай не было роўных на чэмпіянаце Беларусі на дыстанцыях 100 і 200 метраў, а ў дысцыпліне 200 метраў яна выканала кваліфікацыйны нарматыў для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Токіё. У гэтым сезоне Крысціна Ціманоўская ўдзельнічала ў чэмпіянаце Еўропы ў памяшканні ў Торуні, дзе была дыскваліфікаваная за парушэнне ўнутранай мяжы.

Другога жніўня Ціманоўская павінна была бегчы ў Токіё дыстанцыю 200 метраў. Аднак на старт не выйшла. Пры гэтым 28 ліпеня стала вядома пра нядопуск трох беларускіх лёгкаатлетак да спаборніцтваў праз парушэнні імі тэхнічных патрабаванняў. Ціманоўскую паставілі ў эстафету 4 х 400 метраў на замену. Яна рэзка адрэагавала на гэтую пастанову, абвінаваціўшы спартыўных чыноўнікаў у некампетэнтнасці. Пасля гэтага кіраўніцтва беларускай дэлегацыі наважыла вывезці Ціманоўскую ў Беларусь, аднак гэтыя планы сарваліся. Спартоўка наважыла не вяртацца на радзіму.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках