28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БФСС: Рашэнне аб зняцці Ціманоўскай з Алімпіяды прыняў Лукашэнка

71
БФСС: Рашэнне аб зняцці Ціманоўскай з Алімпіяды прыняў Лукашэнка

Таракан баіцца іншадумства.

Беларуская бягуха Хрысціна Ціманоўская атрымала польскую візу і на днях вылеціць з Токіа ў Варшаву. Пра міжнародную рэакцыю на скандальную сітуацыю вакол спартоўкі і пра ролю ў ёй Лукашэнкі - DW.

Беларуская лёгкаатлетка Хрысціна Ціманоўская, якая насуперак патрабаванням кіраўніцтва дэлегацыі РБ на Алімпіядзе ў Токіа адмовілася вылятаць з Японіі дадому, атрымала польскую нацыянальную візу, паведамілі ў МЗС Польшчы ў панядзелак, 2 жніўня. Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС), які падтрымлівае спартоўку, ужо набыў ёй квіток на 4 жніўня на рэйс Токіа-Варшава, распавёў прадстаўнік БФСС Вадзім Крывашэеў. Да вылету яна будзе знаходзіцца пад консульскай апекай польскай дыпслужбы ў Японіі.

Прыбыўшы ў Польшчу, спартоўка, якой трэнерская рада не дазволіла ўзяць удзел у спаборніцтвах у бегу на 200 м, можа звярнуцца да мясцовых уладаў аб выдаванні ёй міжнароднай абароны, заявіў DW Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання (разам з БФСС аказвае дапамогу Ціманоўскай. - рэд.). Гэта права ўжо пацвердзіў намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Марцін Пшыдач.

Латушка дадаў, што будзе прасіць польскі МЗС аб тым, каб «Федэрацыя лёгкай атлетыкі Польшчы і, магчыма, польскае міністэрства спорту падалі Ціманоўскай стыпендыю як спартоўцы, каб тая магла працягнуць падрыхтоўку і кар'еру».

Трэнер і муж бягухі Арсень Зданевіч экстранна з'ехаў з Беларусі. Ён цяпер на тэрыторыі Украіны.

Міжнародная падтрымка Ціманоўскай

Аказаць падтрымку і прыняць Хрысціну Ціманоўскую гатовыя былі некалькі краін. Яшчэ напярэдадні, 1 жніўня, міністр замежных спраў Чэхіі Якуб Кулганек прапанаваў Ціманоўскай уязную візу, назваўшы сітуацыю вакол спартоўкі «скандальнай». На наступны дзень, 2 жніўня, дзяржсакратар пры МЗС Францыі Клеман Бон падкрэсліў, што «для Еўропы было б гонарам» даць палітычны прытулак дзяўчыне.

Пра сітуацыю вакол беларускай лёгкаатлеткі выказаўся і ўрад Нямеччыны. «Заклікаем улады Беларусі паважаць асноўныя дэмакратычныя правы, уключаючы свабоду СМІ і свабоду меркаванняў. Гэта датычыцца ўсіх грамадзян Беларусі і, вядома, спартоўцаў», - зазначыла афіцыйная прадстаўніца МЗС ФРГ Марыя Адэбар.

Стараннага расследавання сітуацыі вакол Хрысціны Ціманоўскай і магчымага ўвядзення санкцый у дачыненні да Беларусі, калі абвінавачванні пацвердзяцца, патрабуе аб'яднанне Athleten Deutschland, заявіў Максіміліян Кляйн, упаўнаважаны гэтай арганізацыі ў пытаннях міжнароднай працы.

Абвінавачванні ў адрас НАК Беларусі

Беларускія спартоўцы, якія выступаюць супраць уладаў краіны, спрабуюць дамагчыся справядлівасці ў справе Ціманоўскай праз суд. БФСС накіраваў у ad hoc аддзяленне Спартыўнага арбітражнага суда ў Лазане (CAS) заяву пра скасаванне рашэння адхіліць Хрысціну Ціманоўскую ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях.

Са слоў Вадзіма Крывашэева, у панядзелак да 19 гадзін паводле менскага часу мінае дзень, на працягу якога суд павінен пацвердзіць прыняцце заявы і прызначыць арбітра. Але тэрміны могуць быць прадоўжаныя, бо другі бок - Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі - павінны адрэагаваць на скаргу і падаць у CAS неабходныя дакументы.

ФСС таксама звярнуўся ў МАК з патрабаваннем пажыццёвай дыскваліфікацыі і пазбаўлення акрэдытацыі на Алімпійскіх гульнях трэнераў і чыноўнікаў з беларускай дэлегацыі, якія маюць дачыненне да сітуацыі з Ціманоўскай - Юрыя Маісевіча, Артура Шумака, Васіля Юрчыка і Дзмітрыя Даўгаленкі. У размове з DW Павел Латушка дадаў, што БФСС і НАУ будуць дамагацца, каб адпаведныя санкцыі былі ўведзеныя ўжо падчас гэтых Алімпійскіх гульняў.

МАК тым часам прыняў заяву непасрэдна ад Ціманоўскай. Прадстаўнік МАК Марк Адамс заявіў на прэс-канферэнцыі ў панядзелак, 2 жніўня, што камітэт запатрабаваў ад НАК Беларусі пісьмова пракаментаваць наяўныя абвінавачванні ў яго адрас. Падрабязнасцяў Адамс не раскрыў.

Рашэнне зняць Ціманоўскую прымаў сам Лукашэнка

«Уся сітуацыя вакол Ціманоўскай склалася праз элементарную халатнасць персаналу і трэнерскага складу нацыянальнай каманды ў лёгкай атлетыцы, - уважае Вадзім Крывашэеў, з БФСС. - Можна было прызнацца, што дапусцілі памылку, і гэты від эстафеты (4х400 м. - Рэд.) не заяўляць. Адказнасць панясуць асобы па прыездзе ці ўжо цяпер. Гэта было б адзінае выйсце з сітуацыі».

Але невыкананне тэрмінаў правядзення абавязковых допінг-тэстаў, спроба ў загадным парадку прымусіць бегчы 400 м спартоўку, якая спецыялізуецца на 100 і 200 м, адсутнасць элементарнай прафесійнай камунікацыі прывяло да таго, што эстафетная каманда нікуды не бяжыць, Ціманоўскую адпраўляюць дадому, і скандал на ўвесь свет, працягвае ён.

«Калі сітуацыя ўжо патрапіла ў СМІ, то абсалютна зразумела, што зняцце бягухі са спаборніцтваў і адпраўка (з Токіа. - Рэд.) дадому - гэта рашэнне, якое прымаў непасрэдна Лукашэнка», - упэўнены Крывашэеў.

Як Ціманоўскую спрабавалі вывезці ў Беларусь

Нагадаем, што Хрысціна Ціманоўская павінна была выступіць на Алімпіядзе ў панядзелак, 2 жніўня, у папярэднім забегу на дыстанцыі 200 метраў. Аднак напярэдадні з'явіліся паведамленні, што 24-гадовую Ціманоўскую збіраюцца гвалтоўна адправіць з Японіі ў Беларусь. Спартоўка адмовілася ляцець і звярнулася да МАК з просьбай аб дапамозе. У апублікаваным відэароліку дзяўчына паскардзілася, што на яе аказваецца ціск, што яе даставілі да самалёта супраць яе волі.

Пры гэтым НАК Беларусі аб'явіў у нядзелю аб рашэнні адправіць Ціманоўскую дадому «ў сувязі з эмацыйна-псіхалагічным станам» (сама спартоўка пазней зняпраўдзіла, што яе аглядалі дактары, яна толькі мела зносіны з псіхолагам). Лёгкаатлетку выключылі з каманды пасля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнерскага складу. Трэнеры, не абмеркаваўшы гэтае пытанне са спартоўкай, заявілі яе на эстафету 4 × 400 метраў. Ціманоўская павінна была замяніць адну з двух беларускіх лёгкаатлетак, якіх не дапусцілі да ўдзелу ў Алімпіядзе праз недастатковую колькасць допінг-пробаў, якія трэба было здаць перад Гульнямі ў Токіа.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках