3 снежня 2021, Пятніца, 22:36
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць сюжэтаў з беларускай гісторыі, якія варта ўвасобіць у серыялах

1
Пяць сюжэтаў з беларускай гісторыі, якія варта ўвасобіць у серыялах

Якія постаці з гісторыі Беларусі могуць зацікавіць увесь свет.

Серыял - гэта той жанр мастацтва, да якога беларусы пакуль звяртаюцца вельмі рэдка. У той жа час глабальна серыялы выходзяць на першы план, усё больш выцясняючы поўнаметражныя фільмы, піша nn.by.

Князь Міндоўг і заснаванне ВКЛ

Ужо чацвёрты год адным з самых папулярных серыялаў свету з'яўляюцца канадскім-ірландскія «Вікінгі». Гэта прыгоды напалову легендарнага дацкага конунга Рагнара Лодбрака і ягоных нашчадкаў.

А чым Міндоўг горшы за Рагнара? Менш суровым і цікавым ён не быў дакладна.

Баёпік Міндоўга - гэта бяспройгрышны варыянт. Там будзе шмат крывавых бітваў з татарамі, лівонцамі. Міжусобіцы з іншымі славянскімі і балцкімі князямі. Здрады, недавер, сталая змена хаўруснікаў.

Міндоўг быў настолькі недаверлівы, што падазраваў у змовах супраць сябе родных. Другой жонкай Міндоўг узяў сабе Агну, родную сястру першай жонкі-нябожчыцы Марфы. Агна прыехала на пахаванне сястры, але князь так і не адпусціў яе назад да мужа - нальшанскага князь Даўмонта.

Да гэтага трэба дадаць, што ў той перыяд акурат ствараецца новая дзяржава - Вялікае Княства Літоўскае, дэкарацыі сярэднявечнага Наваградка, барацьба за ўплыў паміж хрысціянствам і паганствам. Хрышчэнне і каранацыя. Што рабілася ў душы гэтага паганца, які спрабаваў зразумець Хрыста?

І ў выніку змовы 1263 года, калі жамойцкі, полацкі і нальшанскі (той самы, у якога Міндоўг адабраў жонку) князі супольна забіваюць караля і двух яго малодшых сыноў. Нават на гэтым серыял можна не спыняць, а працягнуць на Войшалку.

Беларускія супергероі - Тадэвуш Касцюшка і Кастусь Каліноўскі

Вядома, у сусвет Marvel пакуль ніхто з беларусаў не патрапіць, але жыць без уласных супергерояў таксама складана.

Касцюшка і Каліноўскі ў серыялах пра сябе павінны ствараць пазітыўны вобраз смелых, бескампрамісных, адважных герояў. Вядома, яны могуць праяўляць нейкую слабасць зрэдку, але на агульны фон гэта не павінна ўплываць. Як героі амерыканскіх баевікоў. Ім хочацца спачуваць, быць падобнымі на іх, вучыцца на іх досведзе.

Серыял пра Касцюшку мог бы быць запатрабаваны яшчэ і таму, што жыццё гэтага чалавека звязанае ў тым ліку з ЗША. Які-небудзь Netflix або Fox мог бы ў будучыні і запусціць шматсерыйны фільм пра лідара паўстання 1794 года.

Што тычыцца Каліноўскага, то гэта, хутчэй, прадукт для ўнутранага карыстання. Фігура Каліноўскага - адна з найбольш знакавых у гісторыі Беларусі. Нават праз 150 гадоў пасля ягонай смерці ён не дае спакою чарнасоценцам, якія ўсяляк спрабуюць ачарніць яго.

Паўстанне 1863 года цікавае сваім рамантызмам, адчайнай спробай малымі сіламі памяняць сітуацыю ў краіне. Гэтая старонка ў гісторыі застанецца назаўсёды як бунт незламанага духу і запомніцца абвостраным пачуццём справядлівасці.

Ігнат Хадзькевіч і ягоныя авантуры

Ігнат Хадзькевіч быў адным з самых вядомых авантурыстаў свайго часу. На жаль, ягонае імя раскручанае не настолькі, як Джакама Казановы, графа Сен-Жэрмен або Астапа Бэндэра. Серыялы аб афёрах беларускага шляхціца дазволілі б выцягнуць ягонае імя з забыцця.

Хадзькевіч - з самага ўсходу Беларусі, з Мсціслаўскага ваяводства. Гэта была заможная шляхта, аднак пасля смерці бацькі Ігнат вельмі хутка прайграў усю маёмасць за картачным сталом.

Потым быў шлюб па разліку, служба ў замежным легіёне Рэчы Паспалітай - Кароннай гвардыі. Туды збіраліся ўсе нягоднікі свайго часу. Праз нейкі час пайшоў на службу ў Расею, дзе адвагай беларуса захапляўся Сувораў.

Падзеі разгортваліся з касмічнай хуткасцю - і вось Хадзькевіч ужо ў Парыжы падчас Вялікай рэвалюцыі, штурмаваў Бастылію са сваім невялікім атрадам.

Дома ў той час рабіліся не менш цікавыя рэчы - падзел краіны, Канстытуцыя 3 траўня, паўстанне Касцюшкі. Хадзькевіч адкрывае ў Вільні гульнявы дом. Карты былі і застаюцца яго галоўным запалам. «Па начах чысцілі кішэні расейскіх акупантаў, а ўдзень за тым жа сталом рыхтаваліся да паўстання», - піша ў сваім эсэ Андрэй Шпунт. Хадзькевіча абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з расейскімі спецслужбамі.

Паўстанне душаць, і вось Хадзькевіч зноў на службе ў расейскага імператара. Яго адпраўляюць са шпіёнскай місіяй у Канстанцінопаль, адкуль ён вяртаецца з жонкай партугальскага консула Лабраша. Палюбоўнікі бягуць у Францыю. Падзеі і пейзажы за акном карэты пана Хадзькевіча мяняюцца калейдаскапічна - Рым, Нямеччына, Валынь. У Нямеччыне ён кідае цяжарнай сваю партугальскую жонку.

Ён сотні разоў цудам пазбягаў арыштаў і гільяціны, супрацоўнічаў з усімі выведкамі, з якімі толькі можна супрацоўнічаць. І дзе толькі ні быў Хадзькевіч, паўсюды рэкамі лілося віно, былі прыгожыя жанчыны і, вядома ж, азартныя гульні - галоўны запал шляхціца.

Ён ведаў і яго ведалі многія вялікія людзі таго часу, побач з ім не прайшла ніводная знакавая падзея ў свеце. Жыццё Хадзькевіча было яскравай бліскавіцай, сумна яму не было ніколі.

Другая сусветная вайна паводле твораў Васіля Быкава

Нас няшмат перакармілі тэмай Вялікай Айчыннай вайны. Няшчырымі перадавіцамі газет, наскрозь хлуслівымі кнігамі і фільмамі. Праз гэта атрымліваецца, што тэму вайны шмат хто ўважае за нецікавую, занадта афіцыёзную. За яе не бяруцца сучасныя пісьменнікі. Хоць у свеце тэма Другой сусветнай па-ранейшаму з'яўляецца тым магнітам, які прыцягвае да сябе творцаў розных пакаленняў.

Не так даўно Нобеля атрымаў французскі пісьменнік Патрык Мадзіяна, які спрабуе асэнсаваць тую вайну з пазіцыі чалавека, народжанага ў час акупацыі. Букер за 2014 дні атрымаў аўстраліец Рычард Флэнаган з кнігай «Вузкая дарога на далёкую поўнач». Гэта аб удзеле аўстралійцаў у Другой сусветнай - а колькі іх там было, калі параўнаць з беларусамі! Пра вайну ў Эстоніі піша фінка Сафі Оксанен. Гэта ўсё ж самая значная падзея ў гісторыі чалавецтва ў ХХ стагоддзі. Вайну нельга абыходзіць бокам, пра яе яшчэ шмат не сказанага і не пачутага.

Каб здымаць серыял пра Другую сусветную ў Беларусі, лепш за ўсё падыходзяць кнігі Быкава. Не адна нейкая асобная, а ўсе разам. Таленавітыя сцэнарысты здольныя зляпіць з іх агульны сюжэт. Гэта і «Жураўліны крык», «Сотнікаў», «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Воўчая зграя» і шмат усяго іншага.

У героях Быкава ёсць усё: здрада і гераізм, любоў і смерць, подласць і шчырасць. Як можа кагосьці пакінуць абыякавым інтэлігент Глечык з «Жураўлінага крыку» або здраднік Рыбак з «Сотнікава»? Гэта сапраўдная скарбніца нашай гісторыі і літаратуры для будучых серыялаў.

Дашкевічы і дыктатура

Аўтарытарныя рэжымы - гэта яшчэ адна тэма, якая цікавіць свет. Не так даўно з адносным поспехам прайшлі тры сезоны серыяла «Тыран». Яго дзеянні адбываліся ў выдуманай краіне Абудзін, якая стала зборным вобразам усіх тэрыторый, ахопленых «арабскай вясной».

Таемныя спружыны дыктатарскай улады, веліч і нікчэмнасць тыранаў, супраціў і яго падаўленне - гэта ўсё універсальныя тэмы.

У гісторыі жыцця Змітра і Насты Дашкевічаў ёсць усё, што можа зацікавіць кіношнікаў: падпольная барацьба, турма, КДБ, допыты, галадоўкі. І, вядома ж, каханне. Гісторыя Дашкевічаў лёгка ўпісваецца ў агульны фон Беларусі XXI стагоддзя. Імідж апошняй дыктатуры Еўропы працуе спраўна. Праўда, такі серыял павінен быць зняты ўжо пасля ўстанаўлення дэмакратыі. Гледачы серыялаў любяць хэпі-энды.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».