20 красавiка 2024, Субота, 7:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байдарачніцы-ябацькі зазналі паразу на Алімпіядзе ў Токіё

24
Байдарачніцы-ябацькі зазналі паразу на Алімпіядзе ў Токіё

Перад выездам на Гульні спартоўкі сустрэліся з Лукашэнкам.

У першы дзень розыгрышу медалёў сярод байдарачнікаў на алімпійскім канале Sea Forest Waterway беларусы мелі добрыя шанцы на ўзнагароду. У жаночай байдарцы-двойцы на 500 метраў у фінале на старт выходзілі Вольга Худзенка і Марына Літвінчук. На гэтай дыстанцыі у 2019 годзе беларускі перамаглі ў чэмпіянаце свету і ў хатніх Еўрапейскіх гульнях, паведамляе «Трыбуна».

Аптымістычная была і амерыканская аналітычная кампанія Gracenote, якая прарочыла перад Токіё нашым байдарачніцам залатую ўзнагароду на 500 метрах. Праўда, толькі бянтэжыў ліпеньскі выступ на чэмпіянаце Еўропы-2021. Там Худзенка і Літвінчук занялі сціплае для шматразовых чэмпіёнак свету трэцяе месца. Аднак трэнерскі штаб на чале з Уладзімірам Шантаровічам быў упэўнены ў алімпійскім поспеху двойкі, таму менавіта на яе зрабілі асноўную стаўку, адмовіўшыся ад адзіночкі. Галоўнымі спаборніцамі беларусак бачыўся дуэт з Новай Зеландыі Ліза Кэрынгтон/Кейтлін Рэгал. Адзначым, што перад стартам двоек Кэрынгтон узяла золата ў байдарцы-адзіночцы на 200 метраў.

Аднак у беларусак прагназаваны медаль не спраўдзілася. Худзенка і Літвінчук, якія плылі па другой дарожцы, пачалі саступаць будучым чэмпіёнкам-новазеландкам ужо са старту. На экватары дыстанцыі падапечныя Шантаровіча паказалі пяты час, адстаючы ад лідараў на 1,42 секунды. Далей здалося, што наша двойка паступова дадавала і вось-вось павінна была ўварвацца ў тройку, але экіпажы з Польшчы і Вугоршчыны не далі зрабіць гэтага. У выніку ў дзяўчат шостае месца.

За год да Алімпіяды Літвінчук нахвальвала ўвагу дзяржавы да свайго віду спорта.

«Нам купляе дзяржава і лодкі, і вёслы. Нацыянальная каманда не абдзелена нічым - гэтак жа, як і экіпажы, і адзіночкі. Ёсць усё. Зараз цудоўны канал у Заслаўі, дзе мы цяпер выступаем. Зроблены на вельмі высокім узроўні», - казала чэмпіёнка свету за паўтары тыдні да выбараў, перад гэтым публічна раскрытыкаваўшы дзеянні апанентаў Лукашэнкі пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатур у прэзідэнты.

У снежні 2020 года Літвінчук падпісала прарэжымны ліст, адмовіўшыся каментаваць, што ж яе заахвоціла зрабіць гэта. А вось партнёрка з двойкі Худзенка не стала пакідаць аўтограф. Вось толькі спартоўку ўсё адно бачылі ў кампаніі Лукашэнкі. У студзені дзяўчаты пабывалі на навагоднім прыёме ў рэзідэнцыі правадыра. Літвінчук нават сфатаграфавалася там са спеваком Валерыем Сюткіным.

Байдарачніцы сустрэліся з Лукашэнкам яшчэ раз перад Алімпіядай на цырымоніі провадаў. Худзенка тады прызналася, што прамова правадыра «заўсёды матывуе, заўсёды зараджае на поспех». Літвінчук жа зычыла ўсім добрага настрою і папрасіла заўзець за Беларусь.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках