25 красавiка 2024, Чацвер, 13:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы расказалі, дзе можа хавацца вада на Месяцы

2
Навукоўцы расказалі, дзе можа хавацца вада на Месяцы

Навукоўцы NASA правялі даследаванне.

Навукоўцы NASA правялі даследаванне, якое паказала, што «шурпатасці» на Месяцы ствараюць цені, у якіх можа «хавацца» водны лёд. Больш за тое, існаванне такіх ценяў дазваляе вадзе рухацца цягам дня, паведамляе Science alert.

Нягледзячы на тое, што Месяц здаецца абсалютна сухім, касмічныя апараты паказваюць на тое, што на яго паверхні можа існаваць водны лёд. Але навукоўцы не зусім разумеюць, як гэта магчыма. Тут няма атмасферы, якая магла б рэгуляваць тэмпературы цягам дня, таму паверхня Месяца награваецца дастаткова для таго, каб закіпяціць ваду. Калі нейкая колькасць вады замерзне і ператворыцца ў лёд ноччу, калі тэмпература апускаецца да -150 градусаў Цэльсія, яна ўсё роўна выпарыцца праз награванне паверхні спадарожніка Зямлі.

Але некаторыя даследаванні паказваюць, што вада захоўваецца і на дзённым баку Месяца, нейкім чынам унікаючы выпарэння.

"Больш як 10 гадоў таму касмічныя апараты зафіксавалі магчымую прысутнасць вады на дзённым баку Месяца, потым гэта было пацверджана з дапамогай абсерваторыі SOFIA ў 2020 годзе. Гэтыя назіранні былі, на першы погляд, спрэчнымі: вада не можа існаваць у такіх суровых умовах. Гэта ставіць пад сумнеў наша разуменне месяцовай паверхні і падымае пытанні, як такія лятучыя злучэнні, як водны лёд, могуць існаваць на беспаветраных целах», – заявіў адзін з даследнікаў Б’ерн Дэвідсан.

На самай справе гэта не з'яўляецца праблемай, калі выказаць здагадку, што вада «зачыненая» ў камянях або шкле, створаных ударамі метэарытаў. Але даследаванне 2009 года паказала, што колькасць вады змяняецца ў залежнасці ад часу сутак. У самы гарачы час яе менш, але пасля поўдня, калі Месяц пачынае астываць, яе колькасць павялічваецца. Гэта сведчыць пра тое, што прынамсі частка вады можа свабодна перамяшчацца: закіпаць цягам дня, а потым зноў замярзаць.

У новым даследаванні Дэвідсан і Сона Хасейні правялі мадэляванне, у якім зрабілі паверхню Месяца не плоскай, а шурпатай. Для гэтага яны выкарысталі звесткі Апалонаў, якія дапамаглі ім апрацаваць кратары і валуны.

Мадэляванне паказала, што шурпатасці ствараюць цені, якія дазваляюць вадзе «хавацца» і рухацца цягам дня, калі паверхня Месяца награваецца і астывае.

«Шэрань значна больш рухомая, чым “захопленая” вада. Таму гэтая мадэль дае новае тлумачэнне таго, як вада можа рухацца паміж паверхняй і тонкай месяцовай атмасферай», – адзначыў Дэвідсан.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках